Пасля паступлення ў вайсковую акадэмію Вест-Пойнт паўтараецца тая ж гісторыя, што і ў арміі. Страта часу, занятага вайсковай муштрою, асэнсоўваецца Эдгарам По як злачынства ў дачыненні да паклікання. Мэтаскіраванае парушэнне дысцыпліны было адзіным спосабам дабіцца выключэння з акадэміі законным чынам – паводле рашэння вайсковага трыбунала, – што і адбываецца. По з’язджае ў Нью-Ёрк, дзе друкуе свой трэці зборнік вершаў. Жыццё ў Нью-Ёрку выявілася занадта дарагім, таму По вяртаецца ў Балтымар да сваёй цёткі Марыі Клэм. Праз чатыры гады, набыўшы новы жыццёвы й літаратурны досвед, По з’язджае з Балтымара, каб узяць актыўны ўдзел у станаўленні амерыканскай нацыянальнай літаратуры.
За час жыцця ў Балтымары (да 1835 года) ён двойчы ўдзельнічаў у конкурсах на найлепшае апавяданне. Такія конкурсы ладзіліся, каб заахвочваць маладыя таленты і спрыяць развіццю нацыянальнай літаратуры. Апавяданне По «Рукапіс, знойдзены ў бутэльцы» было адзначанае першай прэміяй на конкурсе 1833 года.
У літаратурных спробах гэтага перыяду (навелы «Берэніка», «Марэла», «Падзенне ў Мальстрэм») Эдгар По дасягае сталасці мастацкага мыслення, віртуознай тэхнікі пісьма, філасофска-эстэтычнай глыбіні. З 1835 года пачынаецца актыўная праца пісьменніка ў якасці рэдактара рычмандскага «Паўднёвага літаратурнага весніка». Дзякуючы ягонаму выключнаму таленту і працаздольнасці часопіс ператварыўся са стратнага і малавядомага ў літаратурных колах у прыбытковы і вельмі аўтарытэтны.
Увосень 1835 года ў Рычманд пераязджаюць сваякі По – цётка Марыя Клэм і яе дачка Вірджынія. Праз год глыбокае ўзаемнае каханне Эдгара й Вірджыніі прыводзіць іх да сапраўды рамантычнага шлюбу. Вірджынія робіцца добрым анёлам паэта, гераіняй шэдэўраў ягонай позняй лірыкі і многіх навелаў. Яна дапамагала мужу ва ўсіх няшчасцях, была побач у блуканнях, падтрымлівала ягоныя духоўныя сілы, прыносячы ў жыццё сэнс, спакой і шчасце.
З’ехаўшы з Рычманда, Эдгар По пастаянна мяняў месца жыхарства: Нью-Ёрк (1837–1838), Філадэльфія (1838–1844), зноў Нью-Ёрк (1844–1846). Апошні ягоны прытулак – уласны дом у Фордэме паблізу Нью-Ёрка (1846–1849). Ён працуе на мяжы фізічных і душэўных магчымасцяў чалавека. Адзін за адным пабачылі свет зборнікі апавяданняў, што прынеслі яму сапраўдную літаратурную вядомасць. У студзені 1845 года быў надрукаваны верш «Крумкач», які імгненна стаў сенсацыяй і праславіў імя По як геніяльнага паэта. Мары пра прызнанне і славу пачыналі ажыццяўляцца, шмат што чакала ўвасаблення на вяршыні мастацтва, дасягнутай По за кошт неймаверных высілкаў, але лёс вырашыў па-іншаму. Новая катастрофа – пакутлівая хвароба (сухоты) і ранняя смерць Вірджыніі – сталася апошняй кропляй, што перапоўніла чашу пакутаў разбітага адчаем Эдгара По.
«Кожны раз я перажываў агонію яе смерці і з кожным новым прыступам кахаў яе мацней і чапляўся за яе жыццё з упартасцю роспачы». Адчуванне сэнсу ў жыцці саступіла страху перад вар’яцтвам і самотаю. У пошуках жыццёвай падтрымкі По кідаўся з горада ў горад, як параненая птушка ў апошнім парыве, але сілаў больш не было. «Я мушу памерці, у мяне не засталося жадання жыць пасля таго, як я скончыў “Эўрыку”. Я ўжо нічога больш не здолею стварыць», – піша По ў адным з апошніх лістоў да Марыі Клэм. Абставіны сыходу з жыцця вялікага амерыканскага пісьменніка ахутаныя таямніцай. Гэта здарылася ў Балтымары 7 кастрычніка 1849 года. Але жыццё ягоных несмяротных твораў працягваецца, залучаючы ў сваё магічнае кола ўсё новыя пакаленні чытачоў і вучняў непаўторнага генія.
Асаблівай заслугай Эдгара По лічыцца стварэнне жанру рамантычнага апавядання, увасабленне прынцыпаў рамантычнае эстэтыкі ў прозе. Для ажыццяўлення такой задачы трэба было мець адначасова дар натхнёнай інтуіцыі і дакладнага матэматычнага мыслення. «У По калі і ёсць фантастычнасць, то нейкая матэрыяльная», – адзначаў Ф. Дастаеўскі, аўтар першых перакладаў на рускую мову апавяданняў «Чорны кот» і «Сэрца выкрывае». По – непераўзыдзены майстар рэалістычнай фантастыкі і звышнатуральнага псіхалагізму. Калі можна прыняць такі парадаксальны панятак – «рацыянальнае чарадзейства», то менавіта ім прасякнутыя творы пісьменніка. Крыніцаю гэтых адкрыццяў была ягоная паэзія. Агульнае для прозы і паэзіі По – гэта сімвал, дакладней, сістэма сімвалаў. Шматзначнасць, няпэўнасць вобразасімвала найбольш відавочныя ў «псіхалагічных» навелах По (ён даў сваё азначэнне гэтаму жанру – «арабескі»), што раскрываюць фатальныя супярэчнасці чалавечае прыроды, барацьбу розуму і пачуццяў, дабра і зла на мяжы вар’яцтва (вершы «Закляты замак» і «Чарвяк-пераможца», навелы «Падзенне Дому Ашэраў», «Маска Чырвонае Смерці» і інш.). Ролю сімвалу граюць знакі (расколіна ўздоўж сцяны дому Ашэраў), з’явы (цёмныя цені на вадзе ў апавяданні «Выспа Феі»), адчуванні (пачуццё жаху ў навеле «Сфінкс»), гукі («Падзенне ў Мальстрэм»), фарбы («Авальны партрэт»), але найперш сімвалічны характар мае сама тэма апавяданняў. Найбольш узнёслай і прыгожай тэмай у мастацтве По лічыў гісторыю кахання і смерці прыўкраснай каханай. Безумоўна, факты біяграфіі пісьменніка маглі стаць падставай для такога выбару сюжэта, але ў навелах По гэтая тэма набывае складаны філасофска-эстэтычны сэнс. По паходзіў са штата Вірджынія, цытадэлі амерыканскай культуры, і хваравіта перажываў заняпад духоўных традыцыяў пад уціскам камерцыйнага «прагрэсу». З іншага боку, як паэт, што ўспрыняў ідэі нямецкіх ідэалістаў (Ё. Фіхтэ, Ф. Шэлінга), По ўсведамляў асуджанасць прыгажосці і гармоніі, гэтых водбліскаў вечнасці, у бездухоўным свеце разліку і карыслівасці і адчуваў спрадвечную тугу паэта па страчаным, скрадзеным ідэале.