Выбрать главу

Ідэалу вачэй антычнасць нам не пакінула. Можа, менавіта ў вачох маёй каханай і хаваўся той сакрэт, пра які казаў лорд Веруламскі. Яны былі, я ўпэўнены, нашмат большыя за звычайныя чалавечыя вочы. Яны былі дасканалейшыя нават за газеліныя вочы племені з даліны Нурджахаду*. Аднак вельмі рэдка – толькі ў часы глыбокага хвалявання – гэтая асаблівасць Лігеі рабілася злёгку заўважнай. І ў такія моманты яе прыгажосць – ці так падавалася майму палкаму ўяўленню? – была прыгажосцю істотаў, што жывуць над зямлёй ці па-за зямлёй, – прыгажосцю казачных мусульманскіх гурыяў. Вочы яе мелі самае бліскучага адценне чорнага, і іх аблямоўвалі смаляныя вейкі неверагоднай даўжыні. Бровы, крыху няправільна выгнутыя, мелі той самы колер. «Дзіўнасць», якую я заўважаў у яе вачах, не была абумоўленая, аднак, ні памерам іх, ні колерам, ні бляскам – яна была ў выразе. О гэтае няўцямнае слова! За яго неасяжнай пустэчай мы хаваем сваё поўнае няведанне духоўнага. Выраз вачэй Лігеі! Колькі доўгіх гадзінаў я думаў пра яго! Марна спрабаваў я спасцігнуць яго глыбіні адну цэлую летнюю ноч. Што хавалася ў зрэнках маёй каханай – глыбейшае за калодзеж Дэмакрыта*? Што? Я быў апанаваны жаданнем знайсці адказ. Гэтыя вочы! Вялікія, бліскучыя, боскія вочы! Яны сталі маімі двайнымі зорамі Леды*, а я – найадданейшым з астролагаў.

Сярод усіх неспасцігальных анамалій, якія вывучае навука пра розум, няма больш узрушальнай за пачуццё – на яго, пэўна, і не зважаюць навукоўцы, – якое ўзнікае, калі мы спрабуем згадаць нешта даўно забытае і, здаецца, ужо набліжаемся да адказу – але ўрэшце нічога не згадваем. І часта, углядаючыся ў вочы Лігеі, я адчуваў, што вось-вось разгадаю таямніцу іх выразу, я набліжаўся да яе – і выпускаў з рук! І (дзіўная, якая дзіўная таямніца!) у самых звычайных рэчах я знаходзіў выразы, падобныя да гэтага. Я маю на ўвазе, што з таго часу, як прыгажосць Лігеі ўвайшла ў маё сэрца і знайшла там свой храм, я часта адчуваў тое ж, што выклікалі ўва мне яе вялізныя бліскучыя вочы, калі бачыў іншыя, матэрыяльныя рэчы. І тым не менш я не мог акрэсліць гэтае пачуццё, не мог яго прааналізаваць ці нават уважліва вывучыць. Яно прыходзіла, паўтараю, калі я разглядаў доўгую лазу ці любаваўся матыльком, хрызалідай, хуткаплыннай ракой. Ува мне яго абуджалі акіян і падзенне метэора. Яно было ў поглядах людзей, што дажылі да незвычайна глыбокай старасці. І ёсць дзве-тры зоркі ў небе (асабліва адна, зорка шостае велічыні, двайная і пераменная, побач з буйной зоркай у сузор’і Ліры*), якія выклікалі гэтае пачуццё, калі я глядзеў на іх у тэлескоп. Яно перапаўняла мяне ад некаторых гукаў струнных інструментаў і нярэдка – падчас чытання некаторых месцаў у кнігах. Сярод іншых незлічоных прыкладаў мне асабліва запомніўся выраз з тома Джозэфа Глэнвіла, які (магчыма, сваёй мудрагелістасцю – хто ведае?) абуджаў гэтае пачуццё заўсёды: «І ў гэтым – воля, што не ведае смерці. Хто ведае таямніцы волі ва ўсёй моцы яе? Таму што Бог ёсць не чым іншым, як вялікай воляй, што прасякае ўсё самой прыродай задумы свае. Не аддае сябе чалавек ні анёлам, ні смерці цалкам, толькі праз бяссілле слабое свае волі».