Выбрать главу

Аднак мне не хочацца апісваць праявы бездапаможнай распусты, аддаючыся якой, мы кідалі сапраўдны выклік законам, унікаючы тым не менш пільнага вока нашага каледжа. Тры гады гэтага шалу прайшлі без усялякай карысці, прышчапіўшы толькі кепскія звычкі; да таго ж я раптам незвычайна вырас і зрабіўся вельмі высокім. І вось аднойчы пасля тыдня жорсткіх і легкадумных забаваў я запрасіў на невялікую таемную гулянку сваіх найбольш распусных аднакурснікаў. Мы сустрэліся позна ўначы, бо нашыя гулянкі зацягваліся да самага ранку. Віно лілося ракой, ды і ў больш вострых спакусах не было недахопу, і калі золак толькі з’явіўся на ўсходзе, нашая апантаная блазнота была на самым піку. Моцна расчырванелы ад картаў і жарсці, я зацята прамаўляў больш чым блюзнерскі тост, калі нечакана маю ўвагу забраў рэзкі гук прачыненых дзвярэй і напружаны голас служкі. Не ўваходзячы, ён паведаміў, што нейкі чалавек, які вельмі спяшаецца, хацеў бы паразмаўляць у вітальні.

Шалёна ўзрушаны віном, я хутчэй узрадаваўся, чым здзівіўся, гэтай нечаканасці і адразу ж, хістаючыся, пайшоў у вітальню. У гэтым нізкім і маленькім пакоі не было лямпы, і цяпер сюды зусім не пранікала святла, апроч надзвычай слабога золку, які заглядаў праз паўкруглае акно. Пераступіўшы цераз парог, я апынуўся перад чалавекам майго росту, апранутым у белы кашміравы строй, пашыты па апошняй модзе, такі ж, які быў на мне. Слабое асвятленне дазволіла мне заўважыць толькі гэта, але рысаў твару я разгледзець не здолеў. Калі я ўвашоў, ён зрабіў крок да мяне і, нецярпліва схапіўшы маю руку, прашаптаў на вуха: «Вільям Вільсан!»

Я адразу ж цалкам працверазеў. У манеры незнаёмца трымацца, у ледзь заўважным трымценні ў мяне перад вачыма ягонага ўзнятага пальца штось напаўняла мяне неймаверным здзіўленнем, хоць насамрэч не гэта ўзрушыла мяне. Сур’ёзная перасцярога ў гэтым своеасаблівым, ціхім і шыпячым вымаўленні і, больш за тое, характар, гук і сутнасць гэтых простых і звыклых словаў ускалыхнулі ў маёй душы тысячы ўспамінаў і падзейнічалі як дотык да гальванічнай батарэі. Перш чым я апрытомнеў, ён сышоў.

Хоць гэты выпадак і наклаў яркі адбітак на маё хворае ўяўленне, адчуванне гэтае хутка знікла. Праўда, колькі тыдняў я займаў сябе грунтоўным пошукам звестак альбо паглыбляўся ў змрочныя роздумы. Я не спрабаваў разупэўніваць сябе, што гэта той самы чалавек, які так настойліва ўрываецца ў маё жыццё і даймае мяне сваімі падступнымі парадамі. Але хто і што такое гэты Вільсан? Адкуль ён? Якія ў яго намеры? Усе гэтыя пытанні засталіся без адказу; адзінае, што я здолеў даведацца пра яго, – гэта тое, што праз нейкае няшчасце ў сям’і ён вымушаны быў пакінуць установу доктара Брэнсбі ўвечары таго ж дня, калі ўцёк я. Хутка я перастаў пра яго думаць, бо маю ўвагу цалкам паглынулі роздумы пра ад’езд у Оксфард. Туды я неўзабаве і накіраваўся; празмерная ганарыстасць маіх бацькоў забяспечыла мяне такім гардэробам і штогадовым грашовым утрыманнем, што я меў магчымасць песціць сябе ў раскошы, ужо такой мілай майму сэрцу, спаборнічаючы ў празмерных растратах з самымі фанабэрыстымі спадчыннікамі з самых заможных і шляхетных сем’яў Вялікабрытаніі.

Узрушаны магчымасцю разгарнуцца, я з падвойнай жарсцю даў волю свайму нораву і з грэблівасцю адмовіўся ад любых праяваў стрыманасці на карысць шалу балявання. Але было б неразумна спыняцца тут на апісанні маіх блазнотаў. Дастаткова сказаць, што ў растратах я пераірадзіў Ірада* і звязаў сваё імя з мноствам бздураў, нашмат павялічыўшы доўгі спіс заганаў, што бытавалі тады ў адным з самых распусных універсітэтаў у Еўропе.

Цяжка паверыць, але менавіта тут я нагэтулькі страціў маральнае аблічча, што пазнаёміўся з подлай прафесіяй шулера і зрабіўся экспертам у гэтай нізкай навуцы, карыстаючыся ёй для павелічэння майго і без таго немалога нажытку за кошт даверлівых знаёмцаў. Тым не менш гэта праўда. І маё гнюснае злачынства супраць усяго мужнага і высакароднага, без сумневу, было спрычыненае выключным адчуваннем беспакаранасці, з якім злачынства здзяйснялася. Насамрэч, любы з маіх нават найбольш распусных таварышаў хутчэй усумніўся б у сведчаннях сваіх пачуццяў, чым запасочыў бы ў чымсьці такога шчырага і высакароднага Вільяма Вільсана, самага шляхетнага і добразычлівага студэнта ў Оксфардзе, чые бздуры (як казалі яго падхалімы) былі адно бздурамі юнацтва і нястрымнай фантазіі, памылкі – адно непаўторнымі дзівацтвамі, а найстрашнейшыя заганы – дабрадушнымі заліхвацкімі блазнотамі.

Два гады я паспяхова ішоў у гэтым напрамку, калі ва ўніверсітэце з’явіўся малады арыстакрат-парвеню Глендэнінг – багаты, нібы Ірад Атык*, які гэтак жа лёгка займеў сваё багацце. Неўзабаве я зразумеў, што ён невялікага розуму, і, вядома, вырашыў, што ён – лёгкая здабыча для майго майстэрства. Я нярэдка зацягваў яго ў гульню і адмыслова, згодна з шулерскім мастацтвам, дазваляў яму выйграваць істотныя сумы, каб надзейна зацягнуць у сваю пастку. Калі мой план даспеў, я сустрэў яго (з намерам зрабіць нашую сустрэчу вырашальнай) у кватэры яшчэ аднаго студэнта (містэра Прэстана), аднолькава знаёмага з намі абодвума, які, дзеля справядлівасці трэба дадаць, нават не падазраваў пра мой план. Каб надаць усяму адценне праўдападобнасці, я сабраў кампанію чалавек у 8–10 і старанна зрабіў так, каб прапанова гульні выглядала выпадковай і прагучала з вуснаў самой ахвяры. Каб сказаць як мага карацей пра гэтую гнюсную тэму, адзначу, што не быў прапушчаны ніводзін з нізкіх прыёмаў, якімі карыстаюцца ў такіх выпадках, таму проста здзіўляе, як шмат дагэтуль прасцякоў, што робяцца іх ахвярамі.