Выбрать главу

Любы ўсплёск абурэння на такое адкрыццё закрануў бы мяне менш за маўклівую пагарду і з’едлівы спакой, якімі сустрэлі гэтае адкрыццё ўсе прысутныя.

– Містэр Вільсан, – сказаў гаспадар, нахіляючыся, каб падняць з-пад ног вельмі дарагі плашч, аздоблены мехам, – містэр Вільсан, гэта вашае. (Надвор’е было халоднае, і таму, сыходзячы са свайго пакоя, я надзеў плашч, але скінуў яго, пачаўшы гульню). – Я мяркую, залішне шукаць і тут, – ён паглядзеў на складкі адзення са з’едлівай усмешкай, – дадатковыя доказы вашага майстэрства. Напраўду, дастаткова і ўжо атрыманых. Спадзяюся, вы разумееце, што вам варта пакінуць Оксфард, – у любым выпадку, пакіньце неадкладна мой дом.

Зняважаны, утаптаны ў бруд, я, можа, і адказаў бы на гэтыя дзёрзкія словы кулакамі, калі б усю маю ўвагу не забрала іншае. Мой уласны плашч быў аздоблены рэдкім мехам, настолькі рэдкім і дарагім, што не рызыкну сказаць. Яго крой таксама быў часткай маёй уласнай дзіўнай прыдумкі, бо ў такіх справах мая пераборлівасць часта даходзіла да абсурду. Таму калі містэр Прэстан працягнуў мне падняты з падлогі каля дзвярэй плашч, я адчуў неймавернае здзіўленне, якое пераходзіла ў жах, бо ўбачыў, што мой уласны ўжо вісіць на маёй руцэ (што я зрабіў, мабыць, абсалютна не заўважыўшы гэтага), а той, што мне працягнулі, быў дакладнай яго копіяй ва ўсіх найдрабнейшых дэталях. Я згадаў, што незнаёмец, які так згубна выкрыў мяне, прыйшоў захутаны ў плашч, а акрамя мяне, ніхто тут больш плашча не насіў. Спрабуючы захаваць прысутнасць духу, я прыняў той, што мне працягваў Прэстан, незаўважна паклаў яго на ўласны і пакінуў памяшканне з рашучым і пагардлівым позіркам, а наступнага дня таропка пакінуў Оксфард і ў ліхаманцы жаху і сораму скіраваўся на кантынент.

Я ўцякаў марна. Мая злая наканаванасць, нібы ў экстазе, пераследавала мяне, даказваючы, што праявы яе таямнічага валадарства яшчэ толькі пачаліся. Ледзь я апынуўся ў Парыжы, як атрымаў свежы доказ агіднай цікавасці гэтага Вільсана да мяне. Ішлі гады, але ён не пакідаў мяне. Злыдзень! Як не ў час, але з якой прывіднай урачыстасцю стаў ён у Рыме паміж мной і маімі намерамі! І ў Вене таксама, і ў Берліне, і ў Маскве! Ды і дзе ў мяне не было прычыны праклінаць яго ў душы? Ад яго невытлумачальнай тыраніі я ў паніцы ўцякаў як ад чумы, але і на край свету я ўцякаў марна.

Зноў і зноў у таямнічым падабенстве нашых душаў я шукаў адказы на пытанні: «Хто ён? Адкуль ён? Што яму трэба?» – але адказаў не было. Тады я ўважліва прааналізаваў усе формы, спосабы і галоўныя рысы яго нахабнага нагляду. Але нават тут мне амаль не было на чым будаваць здагадкі. Вартае ўвагі прынамсі тое, што ў кожным са шматлікіх выпадкаў, калі ён ставаў на маёй дарозе і зрываў мае планы, усё заканчвалася меншым для мяне злом у параўнанні з тым, якое напаткала б мяне, калі б намеры мае паспяхова ажыццявіліся. Але ж якое гэта нікчэмнае апраўданне для таго, каб так нахабна мною распараджацца! Кепская плата за маё натуральнае права вырашаць самастойна, так абразліва ў мяне аднятае!

Я вымушаны адзначыць, што мой кат за вельмі доўгі час (неверагодна і акуратна трымаючыся свае прыхамаці цалкам адпавядаць мне ў адзенні) ва ўсіх сваіх разнастайных умяшальніцтвах у мае справы схітрыўся ні разу не паказаць мне свайго твару. Кім бы ні быў Вільсан, гэта, прынамсі, было праявай капрызу і дзівацтва. Няўжо ён мог падумаць, што ў маім папярэджвальніку ў Ітане, у разбуральніку маёй рэпутацыі ў Оксфардзе, у тым, хто зашкодзіў маім славалюбным намерам у Рыме, маёй помсце ў Парыжы, майму жарснаму каханню ў Неапалі альбо таму, што ён ілжыва назваў маёй сквапнасцю ў Егіпце, у маім выклятым ворагу і злым генію можна не пазнаць Вільяма Вільсана, майго школьнага таварыша – цёзку, аднакласніка і канкурэнта, ненавіснага і страшнага суперніка з установы доктара Брэнсбі? Немагчыма! Але дазвольце мне неадкладна перайсці да апошняй, поўнай на падзеі сцэны гэтай драмы.

Да гэтага часу я маўкліва падпарадкоўваўся гэтай цяжкой уладзе. Глыбокае трымценне, з якім я заўсёды глядзеў на ўзвышаную натуру, велічную мудрасць, усюдыіснасць і ўсёмагутнасць Вільсана, змешвалася з пачуццём страху, разам з якім усе адзначаныя рысы і праявы яго характару дасюль вымушалі мяне прызнаваць уласную бездапаможнасць і з горкай неахвотай скарацца яго дэспатычнай волі. Але апошнім часам я цалкам аддаўся віну, і яго раздражняльны ўплыў на мой нораў вымушаў мяне ўсё болей і болей нецярпліва прагнуць вызвалення з-пад гэтага кантролю. Я пачаў наракаць, пярэчыць, супрацьстаяць. І, магчыма, толькі ілюзія нараджала веру, што чым больш узрастала мая непахіснасць, тым слабейшай рабілася настойлівасць майго ката. Як бы там ні было, цяпер я адчуваў пякучы ўздым надзеі і пеставаў у думках цвёрдую рашучасць пазбавіцца прыгнёту.