Як рамантык По не зводзіць уяўленне пра Прыгажосць да прыгожых формаў, што выключае саму магчымасць суаднясення ягонае паэзіі з фармалісцкімі тэндэнцыямі ў сімвалізме або эстэтызме. «Як лілея адбіваецца ў возеры, а вочы Амарыліс – у люстэрку, так і вуснае ці пісьмовае ўзнаўленне гэтых формаў, гукаў, колераў, пахаў і адчуванняў падвойвае крыніцу асалоды. Аднак, – дадае По, – такое паўтарэнне не ёсць яшчэ паэзіяй».
«Той, хто проста спявае, хай сабе з палкай захопленасцю ці жывой праўдападобнасцю ўзнаўлення, пра вобразы, гукі, водары і пачуцці, дасягальныя для яго, як і любога іншага чалавека, не даказвае свайго права на боскае званне. У далечыні ўсё яшчэ засталося нешта, чаго ён не здолеў дасягнуць». Гэтым «чымсьці» По называе скіраванасць да вечнасці. Гэта «імкненне матылька да зораў. Гэта не проста спасціжэнне прыгажосці наўкола нас, гэта і адчайная спроба дасягнуць прыгажосці вышняй». Асноўнай якасцю сапраўднага паэтычнага пачуцця, прысутнасць якога можна заўважыць не толькі ў слоўнай творчасці, але і ў разнастайных іншых мастацтвах – жывапісе, скульптуры, архітэктуры, танцы, музыцы, садова-паркавым мастацтве, – По лічыць любоў да ўзвышана прыўкрасных з’яваў: «Жаданне спасцігнуць незямную прыгажосць, гэтае жаданне душаў адмысловага складу, і дало свету ўсё тое, што ён мог адразу і зразумець, і назваць паэтычным».
Канцэпцыя паэтычнага і прыўкраснага ў По прапануе ў якасці ідэальнай тэмы верша тугу па страчанай каханай, чыё з’яўленне толькі на імгненне асвятляе жыццё паэта радасцю далучэння да вечнасці.
Разважаючы пра форму верша, По прапануе правілы арганізацыі паэтычнага тэксту, абумоўленыя неабходнасцю выклікаць у чытача цэласнае ўражанне ад верша. У сувязі з гэтым ідэальны верш не павінен быць занадта доўгім, каб не парушаць адзінства ўражання, але ў той самы час ён не мусіць быць і занадта кароткім, бо не паспее выклікаць глыбокага і трывалага перажывання. Ілюструючы свае развагі, По разглядае «Страчаны рай» Дж. Мілтана як «шэраг невялікіх вершаў». Апроч таго, По падвяргае далікатнаму і вытанчанаму аналізу верш «Блукалец» Г. Лангфэла, у якім адзначае сілу выразнасці, лёгкасць тону і натуральнасць, творы Дж. Г. Байрана, А. Тэнісана і інш.
Адзінства ўражання ў паэзіі По дасягаецца з дапамогаю сугестыўных і сінестэтычных прыёмаў стварэння музычна-жывапіснай тканіны верша. Пры гэтым тропа-сінтаксічныя (сімвалы, інверсіі, паўторы) і гукавыя (асанансы, алітэрацыі) сродкі выразнасці, паводле По, мусяць не толькі апісаць з’яву, але і паказаць працэс руху, абуджэння, нарастання і дасягнення памежнай, часам гратэскавай ступені праяўлення якасці. По захапляе чытача, прымушае яго перажыць напружанне думак і пачуццяў і даводзіць да стану на мяжы быцця і небыцця, рацыянальнага і ірацыянальнага.
У артыкуле «Ліст да Б.» (Letter to B—) По адзначае: «На маю думку, верш адрозніваецца ад навуковага твора тым, што яго непасрэднаю мэтай з’яўляецца асалода, ад рамана – тым, што тут прыносяць асалоду няпэўныя месцы замест пэўных, і толькі пры гэтай умове твор можа лічыцца вершам, бо ў рамане прысутнічаюць бачныя вобразы, што выклікаюць ясныя пачуцці, вершы ж выклікаюць пачуцці няясныя і абавязкова маюць патрэбу ў музыцы, бо ўспрыняцце гарманічных гукаў ёсць самым няясным з усіх нашых адчуванняў. Музыка ў спалучэнні з прыемнай думкай – гэта і ёсць паэзія, музыка без думкі – гэта проста музыка, а думка без музыкі – гэта проза менавіта праз сваю канкрэтнасць».
Музычнасць паэзіі По нараджаюць не асобныя рытмічныя, метрычныя прыёмы, але і плынь гукаў. Паводле По, музыка нараджае паэзію. Музыка і паэзія аб’ядноўваюцца ў песні. Гэта тлумачыць абмежаванасць пастаянных рыфмаў і іх паўтаральнасць – паэт нібы дае варыяцыі адной тэмы, дасягаючы гэтага з дапамогай паўтораў, паралельных канструкцыяў, аднолькавых рыфмаў. Паэзію По яднае з музыкай і іншая якасць: пры ўсёй сваёй «няпэўнасці» музыка ёсць самым дакладным і ўпарадкаваным відам мастацтва. Аднак музыка ў ягоных вершах нясе сэнсавую нагрузку, ніколі не робячыся самамэтай.