Выбрать главу

У вершы «Крумкач» узнікае трагічнае напружанне ад сутыкнення розуму героя, які асэнсоўвае немагчымасць сустрэчы з каханаю па той бок зямнога быцця, і душою, што прагне гэтай сустрэчы. Тэма неадольнай мяжы паміж жыццём і смерцю, часам і вечнасцю, надзеяй і сумневам, верай і адчайным скепсісам выказаная ў двайным дыялогу – унутраным (героя і ягонай свядомасці) і вонкавым (героя і птушкі). Вытрымка, якую дае цвярозы розум, і іранічнае стаўленне да «дурной» птушкі, што паўтарае адно і тое ж слова, змяняюцца пачуццём трывогі, адчаю, бязмежным болем безнадзейнасці. «Я вырашыў унесці варыяцыі і такім чынам значна пашырыць уражанне, захоўваючы збольшага аднастайнасць гучання, аднак увесь час змяняючы сэнс: інакш кажучы, я вырашыў увесь час ствараць новыя ўражанні, па-рознаму выкарыстоўваючы рэфрэн, пры гэтым пакідаючы яго ў большасці выпадкаў без зменаў». Нарастанне трывогі адбываецца дзякуючы на першы погляд выпадковаму, а насамрэч заканамернаму перасячэнню логікі ўнутранага маналога героя, які тужыць па прыўкраснай Лінор, з асэнсаваным адказам крумкача. У выніку слова nevermore набывае супрацьлеглы сэнс і пачынае абазначаць пакуту няпэўнага існавання на мяжы надзеі й безнадзейнасці.

Самабытнасць і супярэчлівасць несмяротных твораў Эдгара По шмат у чым абумовіў дзіўны сплаў амерыканскай і еўрапейскай культураў у перыяд фармавання нацыянальнай літаратуры ЗША. З імем Э. По звязанае станаўленне амерыканскага рамантызму, які адлюстраваў працэс набыцця нацыянальнай самасвядомасці (рух натывізму) пасля перамогі ў вайне за незалежнасць ад Брытаніі. У спалучэнні жанравых формаў еўрапейскага рамантызму і культурна-гістарычных рэаліяў амерыканскага жыцця нараджаўся новы мацярык на мапе сусветнай літаратуры: «галандскія» навелы Вашынгтона Ірвінга, гістарычныя раманы Фенімора Купера, псіхалагічная проза Натаніэла Готарна, «марскі» раман Генры Мэлвіла.

Аднак менавіта з По пачалася сусветная слава амерыканскай літаратуры, якая не толькі пераадолела стадыю вучнёўства і зраўнялася з літаратурай еўрапейскай, але і змагла яе апярэдзіць. Эдгар По сваімі мастацкімі здзяйсненнямі ў паэзіі і навелістыцы здолеў выйсці за межы актуальных задачаў нацыянальнай літаратуры і пракласці дарогу новым кірункам і жанравым формам у развіцці еўрапейскай і сусветнай літаратуры.

Нарынэ Шахназаран

Апавяданні

Метцэнгерштэйн

Pestis eram vivus – moriens tua mors ero.[3]

Марцін Лютэр

Ва ўсе часы чалавека паўсюль пераследавалі жах і лёс. Навошта тады ўдакладняць, калі адбылася мая гісторыя? Хопіць і таго, што ў апісаную пару ва ўнутраных рэгіёнах Венгрыі была шырока распаўсюджаная таемная вера ў дактрыны метэмпсіхозу*. Не буду нічога казаць пра самі дактрыны, іх памылковасць ці праўдападобнасць, аднак я ўпэўнены, што наш недавер (так Лабруер* называў усе нашыя няшчасці) «vient de ne pouvoir etre seuls».[4]

Асобныя з гэтых венгерскіх прымхаў амаль межавалі з абсурдам. Яны, венгры, істотна адрозніваліся ад сваіх усходніх уладцаў. Душа, казалі, напрыклад, яны (цытую паводле аднаго вельмі дасціпнага і разумнага парыжаніна), «ne demeure qu’un seul fois dans un corps sensible: au reste – un cheval, un chien, un homme meme, n’est que la ressemblance peu tangible de ces animaux».[5]

Сем’і Берліфітцынгаў і Метцэнгерштэйнаў варагавалі стагоддзямі. Ніколі раней два такія магутныя дамы не яднала такая бязлітасная нянавісць. У часы нашай гісторыі адна змарнелая і злавесная старая вядзьмарка сказала, што «хутчэй змяшаюцца вада і агонь, чым Берліфітцынг падасць руку Метцэнгерштэйну»*. Крыніцу гэтае варажнечы можна, відаць, знайсці ў словах старадаўняга прароцтва: «Страшным будзе падзенне высокага імені, калі смяротнасць Метцэнгерштэйна, нібы вершнік на кані, пераможа несмяротнасць Берліфітцынга».

Самі па сабе гэтыя словы нічога асаблівага, безумоўна, не значаць. Але нават драбнейшае прыводзіла (прычым не так даўно) да бурных падзеяў. Дарэчы, маёнткі ворагаў месціліся побач, і іх гаспадары спаборнічалі ў тым, хто мацней паўплывае на рашэнні ўлады. Найбліжэйшыя суседзі рэдка сябруюць – а насельнікі замка Берліфітцынг са сваіх высокіх вежаў маглі зазіраць у вокны палаца Метцэнгерштэйн. Падгледжаная феадальная раскоша ніякім чынам не магла суцішыць незычлівасць менш старажытнага і менш багатага роду Берліфітцынгаў. Чаго тады здзіўляцца, што нейкае прароцтва, хай сабе і дурное, паспяхова ўзмацніла нянавісць дзвюх сем’яў, ужо даўно падагрэтую мноствам спрэчак і спадчыннай зайздрасцю? Прароцтва, відаць, намякала (калі яно магло на нешта намякаць) на канчатковую перамогу мацнейшага дому і ніколі не забывалася слабейшымі і менш уплывовымі, а ад таго яшчэ больш варожымі супернікамі.

вернуться

3

Жывучы, я быў тваёй чумой, паміраючы, зраблюся тваёй смерцю (лац.).

вернуться

4

…выцякае з таго, што мы не ўмеем быць адны* (фр.).