Выбрать главу

Аднак рух гэты быў імгненны: позірк барона тут жа механічна вярнуўся да сцяны. На яго вялізны жах і здзіўленне, галава гіганцкага каня за гэты час змяніла становішча. Выгнутая дагэтуль шыя жывёліны, якая нібыта смуткавала над зрынутым гаспадаром, цяпер выпрасталася ў поўную даўжыню. Вочы, раней нябачныя, палка і амаль па-чалавечы гарэлі незвычайнай пякучай чырванню, а ў ашчэранай пашчы відавочна раз’ятранага каня былі бачныя вялізныя агідныя зубы.

Скамянелы ад страху малады дваранін няўпэўнена рушыў да дзвярэй. Як толькі ён іх адчыніў, чырвоная ўспышка асвятліла пакой і кінула на габелен, які загайдаўся ад скразняку, выразна акрэслены цень, і барон скалануўся, убачыўшы, што калі ён на імгненне замарудзіў ля парога, цень гэты стаў у той самай позе і дакладна супаў з абрысам бязлітаснага пераможнага забойцы сарацына Берліфітцынга.

Каб трохі развеяцца, барон паспяшаўся на свежае паветра. Ля параднае брамы замка ён сутыкнуўся з трыма стайнікамі. Са страшнай рызыкай для жыцця яны ледзь стрымлівалі гіганцкага вогненна-рудога каня, які сутаргава і з неймавернай ярасцю спрабаваў вырвацца.

– Чый конь? Дзе знайшлі? – спытаў юнак хрыплым незадаволеным голасам, заўважыўшы, што лютая жывёліна перад яго вачыма нагадвае таямнічага скакуна з габелена.

– Ён належыць вам, сір, – адказаў адзін са стайнікаў.

– Прынамсі, ніхто іншы яго не шукаў. Мы злавілі яго, калі ён, увесь спацелы і ўзмылены ад шалу, выскокваў з ахопленых агнём стайняў Берліфітцынгаў. Падумаўшы, што ён з таго стойла, дзе стары граф трымае рэдкія пароды, мы адвялі яго назад. Але іхныя грумы не прызналі жывёліны, і гэта дзіўна: конь відавочна ледзь уратаваўся з агню.

– На яго ілбе добра відаць выпаленыя літары В, Ф і Б, – умяшаўся другі стайнік. – Вядома ж, я падумаў, што гэта ініцыялы Вільгельма фон Берліфітцынга, але ўсе ў іх замку сцвярджаюць, нібыта ніколі гэтага каня не бачылі.

– Проста неверагодна, – безуважна прамовіў барон, а думкі яго, відаць, луналі дзесьці далёка. – Маеце рацыю, конь цудоўны і нават дзівосны, хаця характар у яго, без сумневу, недаверлівы і непакорны… Добра, хай застаецца ў мяне, – дадаў ён, падумаўшы. – Такі вершнік, як Фрэдэрык з Метцэнгерштэйнаў, зможа ўтаймаваць нават д’ябла, калі ён знойдзецца ў стайнях Берліфітцынгаў.

– Вы памыляецеся, уладару. Здаецца, мы сказалі, што конь гэты не з графскіх стайняў. Бо калі б ён належаў графу, мы не схібілі б і не дазволілі сабе з’явіцца з ім перад кімсьці з вашай высакароднай сям’і.

– Так, безумоўна, – суха адзначыў барон, і ў тое ж імгненне да яго падбег расчырванелы паж спачывальні. Ён зашаптаў на вуха гаспадару нешта пра нечаканае, неверагоднае знікненне невялікага кавалка габелена ў пакоі, дзе ён служыў. Аднак, апісваючы падрабязна час і акалічнасці здарэння, ён гаварыў так ціха, што ніводны гук не падараваў стайнікам мажлівасці задаволіць цікаўнасць.

Размова, відаць, моцна ўсхвалявала маладога Фрэдэрыка, абудзіўшы ў ім самыя розныя пачуцці. Аднак ён хутка ўзяў сябе ў рукі і калі ўладна загадваў зараз жа замкнуць пакой з габеленам, а ключы перадаць яму, твар яго быў рашучы і злосны.

– Ці чулі вы пра няшчасную смерць старога паляўнічага Берліфітцынга? – спытаў у барона адзін з васалаў, калі паж сышоў, а вялізнага загадкавага скакуна, якога дваранін прызнаў сваёй уласнасцю і які цяпер з падвойным, звышнатуральным шаленствам упарціўся і вырабляў курбеты, павялі доўгімі прысадамі, што цягнуліся ад замка да стайняў Метцэнгерштэйнаў.

– Не! – адказаў барон, рэзка паварочваючыся да суразмоўцы. – Памёр, кажаце?

– Так, памёр, уладару, і здаецца мне, што весткі гэтыя будуць для вашае высакароднае сям’і не такімі ўжо непрыемнымі.

На прыгожым твары барона праслізнула хуткая ўсмешка – вельмі незвычайная і шматзначная:

– Як ён памёр?

– Неабачліва кінуўся ратаваць сваіх улюбёнцаў з паляўнічай стайні і, на жаль, загінуў у агні.

– Гэта праўда?! – усклікнуў барон, нібы паступова пачынаючы разумець, што нейкая ідэя, якая дзівіла і ўражвала яго, пацвердзілася.

– Праўда! – адказаў васал.

– Неверагодна, – абыякава сказаў юнак і ціха вярнуўся ў замак.