Выбрать главу

З таго дня паводзіны маладога распуснага барона Фрэдэрыка фон Метцэнгерштэйна прыкметна змяніліся. Ён падмануў усе чаканні і моцна падвёў тых мамак, што даўно плялі свае сеткі, аднак яго новыя звычкі і манеры яшчэ менш, чым раней, адпавядалі патрабаванням суседзяў-арыстакратаў. Яго больш не бачылі за межамі маёнтка, у вялікім свецкім таварыстве ён пазбягаў любое кампаніі, і толькі надзвычайны парывісты конь колеру агню, ад якога барон не адыходзіў ні на крок, загадкавым чынам узурпаваў права на яго сяброўства.

Аднак яшчэ доўга на барона сыпаліся шматлікія запрашэнні: «Ці ўшануе барон сваёй прысутнасцю нашае свята?», «Ці далучыцца да нас барон у паляванні на дзіка?»

«Метцэнгерштэйн не палюе», «Метцэнгерштэйн не прыедзе», – каротка і фанабэрыста адказваў барон.

Ганарлівае дваранства больш не магло трываць гэтых бясконцых абразаў. Запрашэнні рабіліся ўсё халаднейшымі, усё радзейшымі і нарэшце ўвогуле скончыліся. Казалі, што ўдава няшчаснага графа Берліфітцынга нават выказала меркаванне, нібыта «барон сядзіць дома, хаця і не хоча там сядзець, бо пагарджае кампаніяй роўных, і ездзіць на кані, хаця і не хоча на ім ездзіць, бо аддае перавагу кампаніі свайго скакуна». Гэта была, безумоўна, вельмі дурная ўспышка спадчыннае варажнечы, што дэманструе толькі, якую лухту мы можам вярзці, прагнучы пакінуць моцнае ўражанне.

Але больш памяркоўныя людзі тлумачылі змены ў паводзінах маладога двараніна натуральным горам сына, які заўчасна страціў бацькоў, забываючы, аднак, пра яго гнюсныя і безразважныя ўчынкі адразу ж пасля гэтае цяжкае страты. Былі і такія, што ганарліва тлумачылі паводзіны барона самаўзвышэннем і пыхлівасцю. Іншыя (і сярод іх варта згадаць сямейнага лекара) не вагаючыся абвінавачвалі хваравітую меланхолію і нездаровую спадчыннасць. Між простага люду хадзілі яшчэ змрачнейшыя, вельмі двухсэнсоўныя чуткі.

Упартая прыхільнасць барона да нядаўна знойдзенага скакуна – прыхільнасць, якая, здавалася, ад кожнага пацверджання лютага і дэманічнага нораву жывёліны толькі мацнела, – у вачах разважлівых суседзяў ператварылася ўрэшце ў агідную і ненатуральную жарсць. У святле дня ці ў глухую гадзіну ночы, у хваробе і здароўі, у пагоду і непагадзь, у месяцавым ззянні і змроку малады Метцэнгерштэйн здаваўся прыкаваным да сядла каня-волата, нескароная смеласць якога так добра адпавядала яго ўласнаму нораву.

Былі да таго ж абставіны, якія разам з апошнімі падзеямі надавалі і маніі вершніка, і здольнасцям скакуна нейкі звышнатуральны і злавесны сэнс. Калі хтосьці акуратна замераў адлегласць, якую конь пераадольвае адным скачком, выявілася, што яна нашмат перавышае самыя смелыя чаканні людзей з самым бурным уяўленнем. Барон, дарэчы, так і не даў жывёліне імені, хаця астатнія гадаванцы яго багатай стайні насілі вельмі трапныя мянушкі. Стойла новага ўлюбёнца месцілася воддаль ад стайні, а што да догляду, дык ніхто, апроч гаспадара, не насмельваўся наблізіцца да жывёліны ці хаця б увайсці да яе ў загарадзь. Заўважылі таксама, што хоць тры стайнікі, якія злавілі каня, калі ён ратаваўся ад пажару ў Берліфітцынгаў, і здолелі затрымаць яго з дапамогай ланцуговай аброці і аркана, ніводзін з іх не мог дакладна сказаць, што ў час небяспечных ловаў ці пасля яму давялося хаця б дакрануцца да цела пачвары. Праявы своеасаблівага розуму ў паводзінах высакароднага і гарачага скакуна наўрад ці маглі абудзіць празмерную цікаўнасць, асабліва сярод людзей, якія штодня дапамагалі на паляваннях і таму прызвычаіліся да праніклівасці коней, але асобныя выпадкі ўражвалі нават самых абыякавых скептыкаў: хадзілі чуткі, што часам жывёліна, шматзначна і выразна тупаючы жудасным капытом, прымушала натоўпы цікаўных у ціхім жаху разбягацца, і тады нават сам Метцэнгерштэйн бляднеў і нібыта курчыўся пад рэзкім, пранізлівым позіркам сур’ёзных і амаль чалавечых вачэй.

Аднак ніхто са світы барона не сумняваўся ў шчырасці незвычайнае прыхільнасці, з якой малады дваранін ставіўся да гарачага наравістага каня, – ніхто, апроч, бадай, нікчэмнага брыдкага пажа, якім усе пагарджалі і чыё меркаванне лічылася менш чым нязначным. І вось ён (калі яго думкі ўвогуле вартыя згадкі) меў нахабства сцвярджаць, што гаспадар ніколі не заскоквае ў сядло без невытлумачальнага і амаль незаўважнага трымцення і што, вярнуўшыся са звыклай ужо доўгай коннай прагулкі, барон нават не хавае выразу злоснага трыумфу, які скажае ўвесь яго твар.

У адну рабінавую ноч Метцэнгерштэйн абудзіўся ад цяжкага гнятлівага сну, з вар’яцкай хуткасцю спусціўся ўніз і, паспешліва ўскочыўшы на каня, рушыў у лясныя нетры. Начныя прагулкі былі звыклай справай, а таму ні ў кога не выклікалі здзіўлення. Аднак калі праз некалькі гадзінаў тоўстыя велічныя муры замка Метцэнгерштэйнаў пад націскам шчыльнай сіняватабарвовай сцяны нястрымнага агню пачалі трэскацца і задрыжалі да самага фундаменту, дамашнія барона пачалі чакаць яго з вялікім нецярпеннем.