Выбрать главу

На вакзале яе сустракалі.

- Я Кэленкеў, - прадставіўся мужчына гадоў пад сорак. – Даручылі цябе сустрэць.

- Вынтэнэ, - сказала дзяўчына.

- Ведаю, ведаю. Журналістка. Прыехала пра маскавітаў пісаць. Нам у адміністрацыю патэлефанавалі, папярэдзілі…

Кэленкеў панёс валізу да машыны.

- Нам тут побач, - прыгаворваў ён. – Маглі б нават пехатою…

- Скажыце, а дзе знайсці маскавітаў? – спытала Вынтэнэ.

Ды дзе заўгодна! Тут, у месьце, іх тысячы тры. Бяры інтэрвію колькі хочаш!

- Я сапраўдных шукаю, разумееце? Такіх, каб у "ізбах" жылі, коней пасьвілі, па-маскоўску гаварылі…

- Дзікуноў хіба? – зьдзівіўся Кэленкеў. – Ды гэткіх няма цяпер. Не засталося. Усе ў інтэрнатах вучыліся, усе па-чукоцку шпараць. На матацыклах ездзяць, пра коней забыліся.

- То я дарма прыехала?

- Ну чаму ж? У нас ёсьць цудоўны народны ансамбль. “Валенкі” называецца. У іх там і строі маскоўскія, і сьпевы на тутэйшую музыку, і спектаклі. Усё на чукоцкай, усё зразумела. А яшчэ краязнаўчы музэй…

- Вы мяне ня так зразумелі, - перабіла Вынтэнэ. – Я сапраўдных маскавітаў шукаю, не чукотызаваных. Тых, што сьпяваюць на маскоўскай гаворцы.

Кэленкеў паціснуў плячыма.

Ну, дачушка, калі табе экзотыка патрэбна, - едзь у вёску.

- Я вам не дачка і прашу зьвяртацца да мяне на “Вы”, - Вынтэнэ не любіла фамільярнасьці.

- Ох ужо гэтыя анадырцы, - прабурчэў сабе пад нос Кэленкеў.

Вынтэнэ зрабіла выгляд, што не пачула. Іншагароднія ня любяць анадырцаў, лічаць іх снобамі. Звычайны комплекс жабрака адносна забясьпечанага. А чым, як не галэчаю, ганарыцца немаладому мужчыне з правінцыі?

- Прыехалі, - буркнуў Кэленкеў, - вось ён, гатэль.

***

Гатэль “Масква” аказаўся ўтульным. А для правінцыі нават “шыкоўным”. У кожным нумары – асобны душ і прыбіральня. Ложкі запраўленыя ахайна. Вокны вялікія, са шторамі. Каб яшчэ краявід за вокнамі памяняць…

- У нас тут учора замежнікі пасяліліся, - па сакрэту паведаміў швайцар. Ён казаў гэта так, быццам замежнік – гэта нешта асаблівае. Такім тонам паведамляюць пра прыезд прэзідэнта ці, як мінімум, эстраднай зоркі.

- Турысты? – спытала Вынтэнэ.

- Што вы?! Навукоўцы!

- У вас тут навука разьвітая?

- Ну, разьвітая ня разьвітая, для іхнай навукі тут самае месца.

- Што ж гэта за іхная навука? – з’едліва сказала Вынтэнэ.

Але швайцар не зразумеў іроніі..

- Этнаграфія, - патлумачыў ён. – Ездзяць па ўсёй акрузе і маскавітаў вывучаюць. Самі яны з Літвы, а для літвінаў маскавіты – як для нас каракі.

- Літвіны?

- Літвіны. Мы ж, ведаеце, на мяжы. Вунь, за Ржэвам ужо й Літва.

Літвінаў было трое - два мужчыны і маладая жанчына.“Неяк мала для экспедыцыі” – падумала Вынтэнэ. Яны былі высокімі – на галаву вышэй за сярэдняга чукчу. Ну і, вядома ж, сьветлавалосыя і блакітнавокія – проста як тубыльцы зь дзіцячых кніжак. Сярэдні анадырац наўрад ці адрозьніў бы іх ад маскавітаў і эрзанцаў – пра якіх, зрэшты, таксама нічога ня ведаў.

Вынтэнэ падышла.

- Добры дзень, - сказала яна.

- Дзень добры, - адказалі ёй. – Якую ласку можам зрабіць пані?

- Вы этнографы?

- Так, мы этнографы, - адказаў адзін з мужчынаў. – З Менскага ўнівэрсытэту мы прыехалі сюды. Нашага побыту на Чукотцы мэта – даследваць малых карэнных народаў культуру і традыцыі. Напрыклад, мы працуем у праекце навуковым па маскавітаў вывучаньню.

Ён гаварыў па-чукоцку з моцным акцэнтам. Старанна падбіраючы словы – быццам баяўся памыліцца.

- Мяне – завуць – Вінтэнэ, - знарок павольна прадставілася дзяўчына. – Я – журналістка, прыехала – сюды – з - Анадыру.

- Я сябе называю Ўладзімер Радкевіч, - сказаў мужчына. – Вельмі прыемна мне заключыць знаёмства з Вамі.

- Мне таксама вельмі прыемна. Разумееце, я рыхтую рэпартаж пра маскавітаў. Хацела сустрэць сапраўдных, некранутых цывілізацыяй. А тут, у Маскве, такіх не засталося. Яны тут усе асіміляваныя.

Літвіны маўчалі.

- Вазьміце мяне, калі ласка, з сабой, у экспедыцыю., - папрасіла нарэшце Вінтэнэ.

- Вы, калі разумею правільна Вас, просіце каб паехаць з дасьледчай групай нашай?

- Так, - сказала Вынтэнэ. – Вазьміце мяне, я ня буду вам перашкодаю…

Літвіны пачалі спрачацца пра нешта на сваёй мове. Вынтэнэ нічога не разумела. Яна адчувала сябе маленькай дзяўчынкай, якая ўслухоўвалася ў размовы дарослых.

У размове раз за разам праскоквала слова “kava”.

Нарэшце літвіны прыйшлі да адной думкі. Уладзімер выступіў парлямэнцёрам.

- Мы ў момант сапраўдны не яшчэ едзем, - пачаў ён. – Магчыма здарыцца, экспедыцыя наша што будзе адкладзена. Аднак няма перашкоды нам з Вамі ніякай зрабіць пажаданае знаёмства. Мае таварышы, і я таксама, каву ідзем піць зараз. Пані хоча калі, да нас вітаем далучыцца.

“Дзе яны чукоцкую вучылі?” – раздражнёна падумала Вынтэнэ. І тут жа ёй зрабілася сорамна за такія думкі. “Я нічым ня лепшая за шавіністаў з Анадыру, -падумала яна. – Людзі прыехалі з-за мяжы, намагаюцца гаварыць па-нашаму… А я ня тое што літвінскай ня ведаю – я нават эскімоскую як трэба не засвоіла!”

- Так, вядома ж, хадзем! – пагадзілася анадырка.

Знаёміцца пажадана цяпер ужо, - сказаў Уладзімер. – Гэта Хрысьціна Луцкевіч, асьпірнтка наша ёсьць…

- Знаёмства прыемнае, - сказала Хрысьціна.

- А вось доктар Вінцук Варонка, - працягваў Уладзімер.

- Прыемна знаёміцца вельмі з пані, - кіўнуў галавой доктар Варонка.

- A heta – Pani Vyntene z Anadyru, - прамовіў Уладзімер на незразумелай мове. Вінцук і Хрысьціна пасьміхнуліся.

***

Размова атрымалася крыху дзіўнай. Вынтэнэ ня ведала літвінскай, літвіны блага валодалі чукоцкай. Гаварылі яны павольна і з жахлівым акцэнтам. Фразы атрымліваліся экзатычнымі й малазразумелымі. Суразмоўцы ўвесь час пераходзілі на сваю мову. Размова перапынялася доўгімі паўзамі.

Вынтэнэ здалося, што Хрысьціна і Вінцук яе разглядваюць. Быццам ацэньваюць. Час ад часу, гэтыя двое абменьваліся позіркамі і ледзь заўважнымі усьмешкамі. Уладзімер, здавалася, не заўважаў гэтай “гутаркі”. З усіх трох, гаварыў пераважна ён.

- Пасярод Масквы ваколіцаў шмат помнікаў ёсьць эпохі былой, - распавядаў ён Вынтэнэ. – Вельмі цікавыя сярод іх знаходзяцца. Калі прыгадаць, напрыклад, Крэмль.

- Што-што прыгадаць? – перапытала Вынтэнэ.

- Крэмль.

- Што гэта такое,

- Ёсьць Крэмль старажытная маскоўская… fartecyja. Як сказаць “fartecyja” па-чукоцку? – спытаў Уладзімер у сяброў.

- Крэпасьць, - пераклаў Вінцук. – Кажа Ўладзь – Крэмль маскоўская крэпасьць старажытная, побач знаходзіцца зусім. Мы заўтра ў гэты кірунак намер маем ісьці дасьледваньняў для.

- А хіба ў маскавітаў былі крэпасьці? – зьдзівілася Вынтэнэ. – Я чытала, што яны жылі ў “ізбах”.

- “Ізба” – селяніна-маскавіта жыльлё ёсьць, - патлумачыў Уладзімер. – Маскавіт-забясьпечаны жыў у “палатах”, так бы мовіць. Фартэцыя абаронай была для таго і для гэтага.

- Я чамусьці думала, што маскавіты былі прымітыўным народам. Ну, да прыходу чукчаў.

Суразмоўцы пераглянуліся.

- Čukocki nacyjanalizm, - уздыхнула Хрысьціна.

Вынтэнэ зразумела, што сказала нешта ня тое.

- Skul joj viedać historyju? – сказаў Уладзімер.

Ён зьвярнуўся да анадыркі:

Маскавітаў цывілізацыя разьвітая надзвычай была. Сярод гэтай краіны народаў маскавіты знаныя былі, як адважныя ваяры. Быў у іх і зброі выраб наладжаны. Метал, порах, агнястрэльнаю зброю выраблялі яны. Маскоўскія князі-цары разьбілі Ханства-Казань і Ханства Астрахань. Часта набегі рабілі таксама на Літву і на Русь-Кіеў. У 1514 захапілі літвінскае места Смаленск яны нават, і трымалі сто гадоў амаль. Чукчы, калі прышлі, Масква-места мела жыхароў 200 тысяч.