Пасля смерці Антона Карніцкага ў 1943 годзе ў Слоніме была адкрыта асабістая выстава карцін мастака[19]. А ў Слонімскім краязнаўчым музеі, які складаўся з чатырох залаў, адна з іх была прысвечана адраджэнню Беларусі. Пад знакам “Пагоні” у прыгожай раме быў аформлены Акт абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 года ў Менску, ніжэй, таксама у прыгожай рамцы — беларускі нацыянальны гімн. Гэтыя дарагія рэліквіі дбайна былі аформлены слонімскім мастаком[20].
Сёння ў Слонімскім краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага захоўваецца некалькі твораў Антона Карніцкага. Гэта такія працы мастака, як “Стары”, “Аўтапартрэт”, “Студэнтка”, “Дзяўчына з ягадамі”, “Нацюрморт”, “Мужчынскі партрэт” і “Мужчына і жанчына”. Шэсць карцін знаходзіцца ў экспазіцыі, а адна — “Мужчына і жанчына” — у фондзе музея. Найбольш значная праца мастака — гэта алейны партрэт старога, праўдзівы і пераканаўчы вобраз мудрага чалавека, які пражыў нямала і, відаць, перажыў у сваім жыцці шмат цяжкіх выпрабаванняў. Мастак прыгожа перадаў задумлівасць чалавека, яго вочы, бараду, вусы, настрой. Вочы старога вельмі выразныя, аб нечым думаюць, успамінаюць.
“Дзяўчына з ягадамі” атрамалася шчырай, простай і зразумелай. Бо гераіня яго твора выглядае як жывая, вельмі задуменная, стомленая. Яна, магчыма, вярнулася з лесу, дзе збірала ягады, а цяпер прысела на табурэтку адпачыць. Пасля заняткаў прысела крыху адпачыць і студэнтка наступнай карціны мастака. Яна задумалася, магчыма ўспамінае прачытаны тэкст, ці проста думае аб жыцці.
Мне ўдалося адшукаць два аўтапартрэты мастака. Адзін напісаны алоўкам, другі — акварэллю. Гэтыя творы перадаюць настрой мастака, адчуваецца, што яму нялёгка, што ён хварэе.
“Мужчынскі партрэт” атрымаўся даволі сімпатычным і вясёлым. Супрацоўнікі Слонімскага музея сказалі, што гэта, магчыма, бацька мастака, ці ён сам. Але, калі прыгледзецца больш уважліва, то гэта ні бацька і ні сам мастак, а проста слонімец, які жыў побач з Карніцкім, ці нейкі знаёмы яму чалавек.
Вялікую цікавасць уяўляюць творы “Рынак у Слоніме”, “Хлеў і гумно ў Рышчыцах”, “Хата ў Рышчыцах”, “Касцёл на Замосці”. Яны перадаюць атмасферу таго часу, калі жыў творца. Ён пісаў тое, што бачыў, што з ім было побач: старыя пабудовы ў маленькіх Рышчыцах, шматлюдны рынак у Слоніме, куды з’язджаліся людзі з усіх навакольных вёсак, прыгожы помнік ХVIII стагоддзя на Замосці — касцёл святога Андрэя і г.д.
Любіў Антон Карніцкі маляваць бярозы, нашы беларускія бярозы. Адна з карцін мае назоў “Прыдарожныя бярозы”. На першым плане — чатыры бярозы, а пасярод іх раз’езджаная коламі вазоў дарога ў вёску. Удалечыні відаць яшчэ бярозкі. Усе яны перадаюць нейкі маркотна-тужлівы настрой аб мінулым. Бярозкі ёсць і на карціне “Беларуская вёска”. Але яны тут перадаюць іншы настрой, настрой тагачаснай беларускай вёскі. Вясковыя хаты, плот, лаўка каля плота, журавель і бярозкі — так выглядалі вёскі ў першай палове ХХ стагоддзя на Беларусі. У добрых гаспадароў былі такія сядзібы — сціплыя, але дагледжаныя.
Карціну “Беларуская вёска” я адшукаў у пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка. Пасля смерці Ларысы Геніюш, у Зэльву прыехала яе нявестка Валянціна Геніюш вырашаць пытанне з хатай, дзе жылі Янка і Ларыса Геніюшы. Хату купіў мясцовы быткамбінат, а кнігі і іншыя рэчы спадарыня Валянціна прадавала і даравала знаёмым і сябрам. Уладзімір Ягоўдзік купіў у яе карціну “Беларуская вёска” Антона Карніцкага. Магчыма, гэту карціну ў мастака ў 1942 годзе набыў Янка Геніюш. Ён якраз тады знаходзіўся ў Слоніме і працаваў у аддзеле аховы здароўя горада. Цяпер карціна Антона Карніцкага знаходзіцца ў Мінску ў пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка.
1943 годам датаваныя два нацюрморты — “Бэз” і “Агародніна”. На першай карціне адлюстраваны букет кветак у гладышы, а на светлым абрусе стаіць шклянка з вадою, ляжыць адчынены партсігар, дыміцца папяроса ў попельніцы. На другой — буракі, морква, капуста, гладыш... Ва ўсім арганічна адчуваецца прысутнасць чалавека. Вось ён хутка возьме папяросу, ці з гладыша нап’ецца малака. Магчыма, гэтыя карціны былі намаляваныя для вучняў, каб яны, гледзячы на гэтыя нацюрморты, вучыліся маляваць самі. Але творы гэтыя, як і ўсе пералічаныя вышэй і тыя, якіх я не згадаў, вартыя сёння самых высокіх адзнак і ўвагі спецыялістаў-мастацтвазнаўцаў. Іншая справа, што многія творы Антона Карніцкага знаходзяцца за мяжой Беларусі і ў прыватных архівах, якія неаходна вяртаць у Слонім ці ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.