Што датычыць сваякоў Антона Карніцкага, то ні сёння, ні 20 гадоў таму, я знайсці нікога так і не змог. Некалькі разоў пісаў пляменніку Антона Карніцкага Алегу Карніцкаму ў пасёлак Смыга Ровенскай вобласці на Украіну, але адказу так і не атрымаў. Магчыма, ніхто па тым адрасе, што мне даў Сяргей Новік-Пяюн, з Карніцкіх не пражывае. Няма нікога з Карніцкіх і ў вёсцы Любанічы Карэліцкага раёна, а таксама ў Слоніме. Жывуць Карніцкія ў Баранавічах на вуліцы Наканечніка. Я патэлефанаваў туды і пагутарыў з Інай Валянцінаўнай Карніцкай. Мілая жанчына ў тэлефонную трубку сказала, што яны родам з Карэліцкага раёна, але пра мастака Антона Карніцкага нічога ніколі не чулі.