Творы Клаўдзіі Хруцкай вельмі часта ў 1942-44 гадах выстаўляліся ў Слоніме. Пра яе творы і выставы пісалі акупацыйныя беларускія газеты “Раніца”, “Беларуская газэта”, “Слонімскі кур’ер”, “Слонімская газэта” і іншыя. Прэса адзначала, што Клаўдзія Хруцкая — найперш мастачка партрэтаў. Гэта партрэты-галовы. Але цікавасць ідзе не далей калерыстычна-пластычных задач. З гэтага боку яе партрэты імпанавалі вышуканым колерам і безумоўным падабенствам. Выдатнымі партрэтамі атрымаліся партрэт дачкі Ганны, партрэт паэткі Наталлі Арсенневай, які выдатна перадае яе характэрны твар, партрэт Сяргея Хмары, Анатоля Іверса і іншыя[2].
Захаплялася Клаўдзія Хруцкая і нацюрмортамі, пейзажамі. Пейзажныя творы мастачкі мелі спецыфічныя адзнакі: у іх шмат паветра і сонца. Але галоўнае іх хараство ў іх фарбах. Хруцкая наогул з’яўлялася культурнай колерысткай і колеру яна заўсёды аддавала больш увагі, чым форме і малюнку.
Пасля вайны Клаўдзія Хруцкая з сям’ёй пераехала ў Заходнюю Польшчу, дзе і пражыла свае апошнія гады.
Цікавай і своеасаблівай мастачкай у акупацыйным немцамі Слоніме была Рэгіна (Алена) Бялецкая. Яна любіла маляваць партрэты знакамітых беларусаў: Францішка Скарыну, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Кастуся Каліноўскага, Францішака Багушэвіча і іншых.
Быў 1943 год. Неяк заснавальнік Слонімскага краянаўчага музея Язэп Стаброўскі папрасіў мастачку намаляваць Кастуся Каліноўскага, бо набліжалася гадавіна паўстання 1863 года. Мастачка памятала карціну Пятра Сергіевіча “Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў”. Але тут патрэбен быў партрэт кіраўніка паўстання. І яна пачала ў Слоніме шукаць натуршчыка, падобнага да Кастуся. І неўзабаве яго знайшла. Гэта быў Георгій Пыцель — вучань адной з гарадскіх слонімскіх школ. Высокі статны юнак з густой чарнявай шавялюрай і блакітнымі вачыма на мужым твары вельмі нагадваў правадыра сялянскага паўстання. Рэгіна загадала Юрку, так звалі яго сябры, адпусціць валасы падаўжэй, бо так патрабавала мода другой паловы XIX стагоддзя. Натуршчык “абваласаціўся”, і мастачка прынялася за справу. А надышоў час — і карціна заняла ганаровае месца ў адной з залаў Слонімскага музея.
Пасля вайны Рэгіна Бялецкая пераехала ў Польшу, жыла ў Быдгашчы, дзе і памерла. Пры жыцці мастачка актыўна перапісвалася з многімі слонімцамі, дасылала свае творы.
5 сакавіка 1944 года ў Слоніме адкрылася першая гарадская выстава мясцовых мастакоў. Яе арганізавала мясцовае Беларускае культурнае згуртаванне. У выставе прымалі ўдзел 10 мастакоў: Клаўдзія Хруцкая, Аркадзь Бенікаў, Рыгор Чарнышоў, Юры Любанскі, Сергіюш Грудкоўскі, Вера Калюцік-Сташэўская, Ніна Жыткевіч, Фелікс Засадскі, А.Паўленка (імя даведацца не ўдалося). Трынаццацігадовы мастак Валянцін Філітовіч выставіў шэсць сваіх дасканалых малюнкаў. Разам наведвальнікам тады было прапанавана 76 карцін, з іх — 15 графічных работ і адна вышыванка “Жніво”, 6 работ скульптараў-самавукаў. “Слонімская газэта” 25 красавіка 1944 года пісала: “Мастакі Бенікаў і Чарнышоў паказалі добрую школу. Два пейзажы Чарнышова (“Дворык” (алей) і “Дворык” (акварэль) сведчаць пра высокую прафесійную культуру і з’яўляюцца найбольш закончанымі працамі... “Смаленская крэпасць” Бенікава таксама адзіны абраз на выстаўцы, у якім мастак з намерам імкнуўся да настраёвасці — таму, хто адчувае лірычны смутак нашай прыроды, гэты вобраз ў гэтым вельмі дапаможа... Аўтапартрэт Аркадзя Бенікава, нягледзячы на недапрацаванасць і бруднаваты колер, усё ж вельмі ўдалы. Асобна выдзяляецца невялічкая акварэль “Смаленскі сабор” — рэч сапраўды віртуозная і вартая слонімскага музея... Здольным мастаком паказаў сябе Юры Любанскі. Мог бы дасягнуць большых поспехаў, калі б менш займаўся “тэорыямі” і прапарцыянальна больш вучыўся ў прыроды, уважліва ўглядаючыся ў яе фарбы і прыслухоўваючыся да яе настрою. Адумысная грубасць ягонае манеры пазбаўляе акварэль каштоўнай далікатнасці. Таму ж ягоныя “Лета”, “Восень”, “Зіма” не хочуць лічыцца з порамі года, маючы аднолькавы лілаваты колер. Любанскаму належыць быць з прыродай на “вы”, бо яна не любіць фамільярнага абыходжання. Захапленне самой тэхнікай вядзе да манернасці, а манернае мастацтва — мастацтва бяссэнсавае... Нягледзячы на на наіўнасць у дэталях твораў Веры Калюцік, яны выразна перадаюць ідэю вядомых арыгіналаў. Такой удалай працай з’яўляюцца “Першы крок” і бюст Францішка Скарыны. Партрэты з натуры атрымаліся горшымі... У маленскім Філітовічу заўчасна бачыцца вундэркінд... Усю сцяну на выставе занялі “эфектоўныя” абразы спадара Грудкоўскага. Але ўсе гэтыя “квітнеючыя сады” — слабаватыя...”[3]. Вось такія былі заўвагі адносна твораў слонімскіх мастакоў.