Яшчэ летам 1943 года сярод слонімскіх мастакоў з’явілася ідэя стварыць у Слоніме мастацкую школу, хаця ваенныя абставіны не вельмі спрыялі гэтаму пачынанню. Але хутка пачаліся падрыхтоўчыя работы, каб напачатку 1944 года адкрыць школу, дзе побач з практычнымі павінны праводзіцца і тэарытычныя заняткі. Арганізатарам гэтай справы даручылі быць Сергіюшу Грудкоўскаму. Ён справіўся са сваёй задачай і напачатку 1944 года ў Слоніме яму ўдалося арганізаваць не мастацкую школу, а мастацкую студыю. У ёй самадзейныя творцы вучыліся маляваць, набіраліся мастацкага вопыту пад кіраўніцтвам сваіх кваліфікаваных сяброў. Дарэчы, Сергіюша Грудкоўскага, у 1944 годзе, калі Слонім быў вызвалены ад немцаў савецкімі войскамі, забралі на фронт. Пасля вайны ён паступіў на вучобу ў Варшаўскую акадэмію мастацтваў. Сергіюш Грудкоўскі стварыў каля 500 мастацкіх твораў, прымаў удзел у 22 персанальных выставах у розных гарадах Польшчы, а таксама ў Будапешце, Вене і ў Слоніме. Ён жыве ў Варшаве. У лістападзе 2006 года пан Грудкоўскі перадаў для Слонімскага краязнаўчага музея імя Язэпа Стаброўскага калекцыю сваіх акварэляў.
Акрамя вышэй названых мастакоў, падчас нямецкай акупацыі ў Слоніме пражывалі і займаліся творчасцю і такія самадзейныя мастакі, як Г.Саўчук, Н.Кучар, Я.Санюк, Ягалкоўскі, А.Гайдук, У.Анцута і іншыя. Лёс многіх пакуль невядомы. Вядома, што брат Санюка ў вайну выступаў на сцэне Слонімскага Народнага дома, але пасля застрэліўся. Сам мастак летам 1944 года выехаў на Захад. Вера Калюцік таксама пасля вайны выехала ў Германію. Яна добра ведала царкоўныя спевы, бо да вайны спявала ў царкоўным хоры ў Слоніме. За мяжой таксама наведвала праваслаўныя царкоўныя хоры, прымала ўдзел у мастацкіх выставах. Што датычыць Усевалада Анцуты, дык пра яго мне ў лісце згадаў усё той самы Барыс Данілюк з Амерыкі: “Пазнаёміўся я з сям’ёй Анцутаў у 1933 годзе ў “Русском благотворительном обществе” у Слоніме, у якім ягоная маці-удава была вялікай актывісткай і найбольшай маскоўскай шавіністкай. Мелі яны два дамы на Рыбацкай вуліцы — адзін пры вуліцы мураваны, а другі быў драўляны на панадворку. Магчыма, яны трымалі кватэрантаў і за гэта жылі. Адзін год у тым драўляным доме месцілася тое рускае “общество” з ягонай кіраўніцай Аленай Івановай. Старэйшы Усеваладаў брат Сяргей вывучыўся на пекара-цукерніка і быў нават адчыніў у Слоніме модную тады цукерню, але яго прадпрыемства доўга не пратрымалася, бо сам гаспадар моцна піў. Тое самае з ім было і ў Амерыцы. Малодшы брат Анцутаў, ці не праз савецкі палон, апынуўся ў арміі Андерса, а пазней, як я чуў, жыў у Англіі. Сам Усевалад (Сева) у 1935 годзе скончыў Слонімскую настаўніцкую семінарыю. Маляваць яго заахвоціла Клаўдзія Хруцкая, якая працавала ў семінарыі. Пры першых саветах Усевалад Анцута працаваў настаўнікам у Парэцкай школе, а пры немцах настаўнічаў у Слоніме. На эміграцыі я бачыў толькі адзіны ягоны абраз, які ён падараваў Катэдральнаму Сабору БАПЦ Святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне (ЗША)”.
2 красавіка 1944 года ў Слоніме адкрылася выстава народнага мастацтва, на якой было паказана рэпрэзентаванае майстэрства ткачых Слонімскай акругі (Слонімская акруга пры немцах налічвала 171563 чалавекі. Сюды ўваходзілі Слонімскі, Казлоўшчынскі, Дзярэчынскі, Быценскі і Косаўскі раёны — С.Ч.). Свае найлепшыя вырабы паказалі вяскоўцы з вёсак Казлоўшчына, Азярніца, Мядзвінавічы, Пляшкі, Парэчча, Хадзявічы. Пра выставу пісала нават берлінская беларуская газета “Раніца”: “З выстаўленых экспанатаў можна бачыць, што найбольш па-мастацку ткуць свае радзюшкі сялянкі з-пад Казлоўшчыны і з-пад Азярніцы. Выстаўленыя з гэтых ваколіц ваўнясыя капы адны з лепшых (Ліда Лішык з Мядзвінавіч). Але і іншыя куткі Слонімшчыны таксама сцвярджаюць выстаўленымі тканінамі, што ўсюды цвіце гэтае народнае мастацтва. Між іншым вельмі цікавыя экспанаты выстаўлены Лізай Малышчык з вёскі Пляшкі, Аленай Талерчык з Парэчча, Марыяй Сяргей з Нараставіч і Аленай Шундрык з Хадзявіч. Тэматыка ўзораў: кола, ваконцы, гуркі, зоркі, Ярылаў крыж, канюшынка, васілёк, ружы, букеты, лісце, птушкі і іншае. Да 40 адценнеў розных колераў можна выявіць у гэтым каляровым багацці тканінаў Слонімшчыны”[4].
Праўда, выстава ахоплівала толькі немалую частку багацця ўзораў народнага мастацтва слонімскай беларускай вёскі. Ваенны час не дазваляў шырэй і больш поўна разгарнуцца гэтай выставе. Але ўжо праз тыдзень, 9 красавіка 1944 года, у Слоніме адкрылася новая выстава-продаж вышыванак, якую наладзіла Беларускае культурнае таварыства. Найбольш яркімі і арыгінальнымі былі вышываныя кашулі слонімскага мастака Алеся Асіпчыка. Асабліва імі зацікавіліся самі немцы.