Жыццёвы лёс Алеся Асіпчыка быў доўгім (ён пражыў 81год), але нялёгкім. 1 красавіка 2009 года яму споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэння. Нарадзіўся Алесь Асіпчык (на эмігрыцыі ён стаў Алесем Асіповіч-Асіпчыкам) на Слонімшчыне. З 1944 года жыў у Германіі, ЗША, Канадзе. У 1947 годзе ў Баварыі выдаў сваю кніжку “Цудатворны Абраз Жыровіцкае Божае Маці і Жыровіцкі манастыр”, а таксама яе сам аформіў. З’яўляўся адным з ініцыятараў і заснавальнікам Жыровіцкага праваслаўнага брацтва. З 1950-х гадоў быў звязаны з Расійскім аб’яднаннем таварыства ўзаемадапамогі (РООВА). Друкаваўся на старонках беларускіх эміграцыйных выданняў. Апошнія гады жыцця правёў у доме састарэлых у г.Джэксане (штат Нью-Йорк), дзе і памёр 14 сакавіка 1990 года.
У траўні 1944 года Беларускае культурнае таварыства зноў наладзіла выставу слонімскіх мастакоў. Яна працягвалася два тыдні. У ёй прымалі ўдзел 7 мясцовых мастакоў: К.Хруцкая, Ю.Любанскі, А. Паўленка, Ф.Засадскі, А.Гайдук, А.Бенікаў, Р.Чарнышоў. На выставе экспанаваўся 71 малюнак, пераважна гэта былі пейзажы.
11 кастрычніка 1942 года, пасля рэарганізацыі, у Слоніме адбылося ўрачыстае адкрыццё краязнаўчага музея. Найбольшую ўвагу прыцягвалі ў музеі аддзелы гістарычна-этнаграфічны і беларускага адраджэння. Там экспанавалася цэлая серыя партрэтаў вялікіх людзей Беларусі — ад Францішка Скарыны і Льва Сапегі да Кастуся Каліноўскага. У музеі знаходзілася калекцыя алейных абразоў і замалёвак слонімскага паэта Гальяша Леўчыка. Дарэчы, першы свой паэтычны зборнік “Чыжык беларускі”, які пабачыў свет у 1912 годзе ў Вільні, Гальяш Леўчык сам яго афармляў.
На другую палову 1944 года ў Слоніме планавалася новая выстава мясцовых мастакоў, але 10 ліпеня ў горад над Шчарай прыйшлі савецкія войскі.
Юнак з прамяністымі вачыма
У 1980-х гадах і напачатку 1990-х я сябраваў з паэтам Сяргеем Новікам-Пеюном, які да пачатку Другой сусветнай вайны і падчас нямецкай акупацыі жыў у Слоніме. Тут яго 14 снежня 1944 года арыштавалі органы НКУС і ў сакавіку 1945 года ваенным трыбуналам войск НКУС Баранавіцкай вобласці асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін паэт адбываў на Калыме. У канцы 1958 года Сяргей Новік-Пяюн быў рэабілітаваны і вярнуўся ў 1959 годзе на Беларусь. Спыніўся ў Мінску, але часта бываў у Слоніме, дзе жыла яго родная сястра. У Слоніме дзесьці ў 1986 годзе мы і пазнаёміліся ў рэдакцыі Слонімскай раённай газеты. Пасля знаёмства бачыліся часцей, перапісваліся. Сяргей Міхайлавіч мне шмат распавядаў пра маіх землякоў, якіх асабіста ведаў — пісьменнікаў Гальяша Леўчыка, Анатоля Іверса, Сяргея Хмару, Наталлю Арсенневу, фатографа Юзэфа Шыманчыка, мастака Антона Карніцкага і г.д.
7 верасня 1988 года я атрымаў ад Сяргея Новіка-Пеюна ліст і часопіс “Мастацтва Беларусі” № 12 за 1987 год. У невялікім пісьме Сяргей Міхайлавіч пісаў: “Дарагі Сяргей Мікалаевіч! У часопісе “Мастацтва Беларусі” (1987, № 12) надрукаваны мой успамін аб беларускім мастаку Антону Паўлавічу Карніцкім п.н. “Жыў не дарэмна...” у скарочаным выглядзе. Рэдакцыя, чамусьці, выкінула прозвішча кіраўніка Варшаўскай мастацкай школы Панкевіча і словы прафесара Маскоўскай Акадэміі мастацтва Рагушына Барыса Міхайлавіча, які пасля агляду палотнаў А.Карніцкага, назваў яго другім Рэпіным. Я прышлю Вам поўны тэкст маіх успамінаў, бо Мікола Агафонаў напісаў нарыс[5] па матэрыялах з майго архіву”.
Хутка Сяргей Новік-Пяюн прыслаў мне сам часопіс і поўны тэкст успамінаў пра мастака Антона Карніцкага. А калі ён у чарговы раз зноў наведаў Слонім, я запісаў успаміны пра Карніцкага на магнітафонную стужку. Гэтая гутарка пра слонімскага мастака, успаміны пра яго ў мяне захаваліся да сённяшніх дзён і яны нідзе не друкаваліся. Таму працуючы над кнігай пра Антона Карніцкага, я вырашыў сюды ўключыць і нашу гутарку, бо без яе мая кніга пра мастака не мела б дакументальнай сілы і праўдзівасці. Ды і гутарцы нашай ужо споўнілася 20 гадоў. У ёй вельмі добра вымалёўваецца вобраз Антона Карніцкага і той час, калі мастак жыў у Слоніме. На жаль, сёння ў горадзе над Шчарай ужо не засталося ў жывых людзей, якія б памяталі слонімскага мастака. Таму самай светлай сведкай з’яўляецца гэта інтэрв’ю, запісанае ў 1989 годзе.
— Сяргей Міхайлавіч, калі Вы ўпершыню пазнаёміліся з мастаком Антонам Карніцкім?
— Пазнаёміўся я з Антонам Карніцкім выпадкова ўлетку 1934 года ў Слоніме, калі ён ішоў з эцюднікам на рынак у Слонім. З таго часу я з ім сябраваў да апошніх дзён яго жыцця. Мастак быў цудоўны, добры чалавек. Нас аб’ядноўвала вялікая, шчырая і сардэчная дружба, а таксама любоў да мастацтва. Я таксама любіў маляваць і шмат вучыўся ў Толіка (так я яго называў). А ён, як і я, любіў паэзію і музыку. Толік добра іграў на скрыпцы, а я — на мандаліне. Мы часам разам збіраліся і выконвалі розныя мелодыі. Мой сябра меў яшчэ добры голас і вельмі прыгожа спяваў. Таму мы духам не падалі, хоць прыходзілася часам галадаць. Бо не заўсёды актыўна палякі ў Слоніме куплялі яго і мае карціны. Неяк Антон пытае: “Сярожа, ці маеш 20 грошай, каб шклянку гарбаткі выпіць?”. А я яму адказваю: “Толік, я сам толькі думаў аб гэтым у цябе спытаць”...
5
Маецца на ўвазе артыкул Міколы Агафонава “У мастацкіх каталогах не значыцца”, які быў апублікаваны разам са скарочанымі ўспамінамі Сяргея Новіка-Пеюна ў часопісе “Мастацтва Беларусі”, 1987. № 12. С.64-67