Выбрать главу

— Няўжо так цяжка было жыць у Слоніме ў тыя 1930-я гады?

— Цяжкавата. Палякі нас беларусаў называлі тутэйшымі, а нашу мову — простай, мужыцкай. Але мы ганарыліся, што мы беларусы, ганарыліся нашай слаўнай гісторыяй, культурай. Мы ўсёй душой любілі нашу Бацькаўшчыну — Беларусь.

— Сяргей Міхайлавіч, кім былі і дзе працавалі бацькі Антона Карніцкага?

— Бацька Антона — Павел Фёдаравіч Карніцкі быў бедным беззямельным селянінам з вёскі Любанічы Наваградскага павету[6]. Ён быў вымушаны працаваць на розных выпадковых работах простым рабочым. Маці, Кацярына Антонаўна Карніцкая (дзявочае прозвішча Серафімская) вельмі рана памерла і сіротамі пакінула Антона і яго брата Леаніда. Таму бацька хутка прывёў у дом мачаху Ганну Аляксандраўну Карніцкую, якая мела дачку. Але яна да Антона і Леаніда велі добра адносілася і любіла іх, як і сваю родную дачку. Антон заўсёды з пашанай і ўдзячнасцю казаў пра сваю мачаху вельмі шчырыя словы.

— А дзе яны жылі?

— Жылі побач са Слонімам ў Рышчыцах[7] у доме № 5.

— Дзе вучыўся Антон Карніцкі?

— Антон Карніцкі вучыўся ў гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Наваградку, скончыў 5 класаў у 1936 годзе і 3 класы — у 1939 годзе ў Варшаве. У Варшаве ён вучыўся ў мастацкай школе Панкевіча і адначасова працаваў чарцёжнікам. Мастацкую школу скончыць яму не ўдалося — перашкодзіла Другая сусветная вайна, якую распачалі Гітлер са Сталіным. Падчас гэтай вайны ў Варшаве загінулі ўсе ранейшыя карціны Антона Карніцкага. А сам Антон у Слонім з Варшавы ішоў пехатою. У адным месцы ён пераходзіў сажалку, прастудзіўся і захварэў. Бацька яго Павел Фёдаравіч паехаў на кані ў Баранавічы і адтуль прывёз юнака ледзьве жывога. Дома зняў з падводы і на руках прынёс у хату.

— Але хутка немцы прыйшлі і ў Слонім?

— Калі гітлераўцы акупіравалі Слонім, гебітскамісар горада Эрэн паклікаў да сябе Антона Карніцкага і загадаў маляваць для яго карціны на тэмы краявідаў Слоніма і Слонімшчыны, а таксама творы прыносіць да яго. Антон быў змушаны маляваць і прыносіць Эрэну свае карціны, бо калі б ён гэтага не рабіў, яго б саслалі ў Нямеччыну ці ў канцлагер. Гебітскамісару яўна падабаліся працы Карніцкага, нават тыя з іх, што рабіліся экспромтам. Ён не лічыў патрэбным скрываць сваіх намераў ад мастака, прад’явіўшы аднойчы яму сваё патрабаванне: “Не трэба пад карцінамі вашага прозвішча, пан Карніцкі...”.

— Сяргей Міхайлавіч, Вы ў самым пачатку 1940-х гадоў былі дырэктарам Слонімскага краязнаўчага музея. А ці былі ў музеі карціны Карніцкага?

— З 14 кастрычніка 1940 года я пачаў загадваць Слонімскім краязнаўчым музеем. Таму падчас акупацыі мне было загадана падпольным райкамам КПБ ратаваць музей. Да мяне часта заходзіў і Антон Карніцкі. Аднойчы музей вырашыў купіць ў яго карціны. Вось спіс карцін Антона Карніцкага, якія мы купілі ў яго летам 1943 года:

1. Стары (алей), 1943 г.

2. Муляр (алей), 1943.

3. Рамонкі (алей), 1943 г.

4. Бэз (алейны эцюд), 1943 г.

5. Дзяўчына з ягадамі (алей), 1943 г.

6. Кудзельніца (акварэль), 1943 г.

7. Рынак у Слоніме (акварэль), 1943 г.

8. Рынак у Слоніме (алей), 1943 г.

9. Хата ў Рышчыцах (алей), 1943 г.

10. Стары дом у Слоніме (алей), 1943 г.

11. Хлеў і гумно ў Рышчыцах (алей), 1943 г.

12. Аўтапартрэт (акварэль), 1943 г.

Аўтапартрэт мастак у 1943 годзе намаляваў месяцаў пяць да смерці. Дарэчы, Антон сам кіраваў размяшчэннем сваіх карцін у Слонімскім краязнаўчым музеі на вуліцы Пушкіна, 42[8]. Агледзеўшы з вялікай асалодай сваю выставу, Антон Карніцкі неяк сказаў: “Цяпер я ведаю, што жыў не дарэмна”.

— А ці маляваў Антон Ваш партрэт?

— Ён хацеў намаляваць і мой партрэт, бо ўжо расказваў мне, як хоча паказаць мяне на карціне: я сяджу за пісьмовым сталом, а перада мной ляжаць мае чатыры кніжкі — “Цудоўная ноч”, “Ёлка Дзеда Мароза”, “Пакой у наймы”, “Прадка пад крыжам”. Ён прызначыў дзень 26 лістапада 1943 года на першы сеанс, але напярэдадні, 25 лістапада 1943 года, каля 19 гадзін мяне арыштавала гітлераўскае СД. Так і не з’явіўся мой партрэт.

вернуться

6

Цяпер гэта вёска ўваходзіць у межы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці

вернуться

7

Цяпер так называецца адзін з мікрараёнаў Слоніма

вернуться

8

Цяпер тут у Слоніме знаходзіцца мясцовая школа мастацтваў. А музей дзейнічае па адрасе: горад Слонім, плошча Леніна, 1