— Антон Карніцкі захварэў на сухоты. Ці наведвалі Вы мастака дома?
— Я наведваў яго і хворага. Ён ужо не мог спаць лежачы, сядзеў на ложку, перад ім стаяла крэсла, на спінцы была падушка, на якую мастак клаў галаву. Антон меў шмат малюнкаў, карцін, а таксама вялікі альбом яго карыкатураў тушшу на немцаў. Мне ён падараваў аўтапартрэт. Выкананы алоўкам, які, на шчасце, захаваўся ў мяне дагэтуль і якога фотакопію я падараваў табе, Сяргей. Мастак намаляваў сябе ў капелюшы, абапёршыся падбародкам на руку.
— Калі і дзе Вы даведаліся, што не стала Антона Карніцкага?
— Калі я знаходзіўся ў адзіночнай камеры слонімскай нямецкай турмы, да мяне даляцела жудасная вестка, што не стала Антона. Ён памёр у Слоніме 25 студзеня 1944 года. Пахавалі яго на Ружанскіх могілках у Слоніме. Няўмольная хвароба (туберкулёз горла) абарвала на 32-м годзе жыццё таленавітага беларускага мастака.
— Сяргей Міхайлавіч, 10 ліпеня 1944 года ў Слонім ўвайшлі савецкія войскі. Дзе Вы знаходзіліся ў гэты час?
— З нямецкай турмы мяне перавялі ў лагер смерці Калдычэва. 4 ліпеня 1944 года гітлераўцы гналі з гэтага лагера 600 вязняў на расстрэл па зэльвенскай шашы. Сярод вязняў быў і я. На 9-м кіламетры ад Слоніма мяне і групу таварышаў падчас расстрэлу ад смерці выратавалі партызаны, з якімі разам я прыйшоў у вызвалены Слонім. Горад быў зруйнаваны. Але цудам ацалеў будынак краязнаўчага музея. Усе 12 карцін Антона Карніцкага віселі на тым жа месцы, дзе іх павесіў сам мастак. Гэта мяне вельмі ўзрадавала. Разам з заснавальнікам музея Язэпам Стаброўскім мы пачалі тут наводзіць парадак. Памятаю, 21 жніўня 1944 года ў музей зайшоў у гадах чалавек у форме радавога салдата савецкай арміі. Ён папрасіў прабачэння, што зайшоў у музей, які яшчэ не працуе.
— І што хацеў гэты радавы салдат?
— Ён сказаў: “Даруйце, калі ласка! Убачыў астравок культуры сярод зруйнаванага горада, таму не вытрымаў, зайшоў. Хачу пазнаёміцца: прафесар Маскоўскай Акадэміі мастацтваў Рагушын Барыс Міхайлавіч”. Мы, сапраўды, пазнаёміліся. Ён нават напісаў рэцэпт, як гатаваць алей для фарбаў, і даў свой маскоўскі адрас: г.Москва, Первый Самотечный переулок, дом 3, кв.2. Гэты запіс я хаваю дагэтуль. Потым прафесар Рагушын у гутарцы са мною і з Язэпам Стаброўскім сказаў: “Нідзе я не бачыў такіх прыгожых усходаў і захадаў сонца, як на Беларусі. Калі вярнуся з вайны, абавязкова буду прыязджаць на эцюды ў Беларусь”. Раптам Рагушын убачыў творы Карніцкага. Ён падбег да карцін мастака і крыкнуў: “А хто гэта? Хто мастак? Дзе ён?”. “У магіле!” — адказаў я і паведаміў яму пра трагічны лёс Антона Карніцкага. “Дык гэта ж другі Рэпін!” — усклікнуў маскоўскі прафесар... На другі дзень Рагушын пайшоў з фронтам далей на Захад. А ці вярнуўся ён з вайны — я не ведаю.
— Сяргей Міхайлавіч, калі Вы вярнуліся з Крайняй Поўначы, Вы шукалі сваякоў Антона Карніцкага?
— 27 красавіка 1959 года я вярнуўся з Крайняй Поўначы ў Слонім (праз пятнаццаць гадоў). Улетку 1959 года я наведаў бацьку і мачаху Антона Карніцкага. Павел Фёдаравіч дужа пастарэў, стаў слабы. Ён вельмі ўзрадаваўся, што я жывы і паказаў мне карціны Антона, якія беражна ахоўваў. Гэта былі творы:
1. Партрэт бацькі (74х61 см), алей.
2. Мачаха ў агародзе (30х25 см), алей.
3. Дом бацькі (алей).
4. Сосны (алей).
5. Дзед Яўхімка (алей).
6. Удава (алей).
7. Партрэт хлопчыка (алей).
8. Партрэт дзяўчыны (алей).
Павел Фёдаравіч Карніцкі мне сказаў, што ў Баранавічах на вуліцы Максіма Багдановіча, 16 жыве яго сын Леанід — родны брат Антона, які мае партрэт Антона Карніцкага. Яшчэ мне Павел Фёдаравіч сказаў, што Антон праектаваў вокладку для кнігі маіх вершаў для беларускіх дзяцей “Каласок” і пачаў нават маляваць, а калі ён даведаўся аб маім арышце СД, адкуль ніхто жывым не выходзіць, “рукі ў яго апусціліся” і ён не закончыў працу над малюнкам. Павел Фёдаравіч аддаў мне праекты малюнкаў маёй кніжкі. Яны захаваліся ў мяне дагэтуль. Больш Паўла Фёдаравіча Карніцкага я не бачыў. Казалі, што памёр ён у вялікай беднасці. Пазней памерла і мачаха Антона — Ганна Аляксандраўна. Яе дачка (імя не памятаю) яшчэ пры жыцці Антона некуды з’ехала са Слоніма і ніхто не ведаў, дзе яна. І зусім нядаўна я даведаўся, што Леанід Паўлавіч Карніцкі, брат Антона, ужо памёр. А яго сын (пляменнік Антона) Алег Леанідавіч Карніцкі, жыве ў пасёлку Смыга Ровенскай вобласці на Украіне. Што сталася з мастацкай спадчынай Антона Карніцкага, куды падзеліся ягоныя карціны, даведацца мне пакуль не ўдалося.
— Ці часта Вы згадваеце Антона Карніцкага?