Выбрать главу

— Вельмі часта. Каля я ўспамінаю яго, перада мной паўстае вобраз прыгожага, стройнага, як таполя, юнака з адкрытым, натхнёным тварам і прамяністымі вачыма. Гэта быў чалавек вялікай душы, улюбёны ў мастацтва.Таму звяртаюся да ўсіх і да цябе, Сярожа, шукайце і ратуйце ягоную спадчыну, сабірайце па ўсім свеце яго карціны і вяртайце іх у Слонімскі краязнаўчы музей ці ў Дзяржаўны мастацкі музей Беларусі...

Калі я падрыхтаваў інтэрв’ю да друку і аддаў рэдактару Слонімскай раённай газеты Сяргею Прасняку, ён прачытаў яго і сказаў, што інтэрв’ю для раёнкі завялікае, таму яго неабходна скараціць. Я з ім не пагадзіўся і наша гутарка шмат гадоў захоўвалася ў маім хатнім архіве і раней нідзе не была апублікавана.

Апантаны мастацтвам

Чалавек спяшаўся жыць. Ніхто ў хаце не ведаў, калі ён уставаў раніцай. З мальбертам і наборам пэндзлікаў у акуратным футляры яго можна было сустрэць у розных месцах. Нярэдка проста на дарозе, што вяла са Слоніма ў Жыровічы. Вельмі часта яго бачылі слонімцы на мясцовым рынку. Ён маляваў усё і ўсіх, хто яму падабаўся. Гэтым чалавекам быў Антон Карніцкі — найбольш яркі і самабытны беларускі мастак 1930-х-1940-х гадоў ХХ стагоддзя ў Слоніме. “З Антонам Карніцкім, — прыгадаў у адным з пісем да аўтара гэтай кнігі Барыс Данілюк з ЗША, — пазнаёміў мяне ў канцы 1941 года паэт Сяргей Новік-Пяюн, які прасіў Карніцкага для Слонімскага краязнаўчага музея намаляваць партрэт Францішка Скарыны. Партрэт удаўся лепшы за ўсе партрэты Скарыны, якія даводзілася мне бачыць за ўсё маё жыццё. Пакуль Антон працаваў над карцінай, я з Новікам-Пеюном пару разоў заходзілі да яго на кватэру на другі паверх камянічкі на заходнім баку Першамайскай вуліцы каля рынку. Пры Польшчы гэта вуліца ў Слоніме насіла імя Сянкевіча. Антон Карніцкі быў яшчэ малады, але вельмі інтэлігентны і таленавіты чалавек, які мусеў зарабляць на жыццё маляваннем партрэтаў нямецкіх афіцэраў. Не магу прыгадаць нічога, што паказвала б на хваробу сухотаў у гэтага чалавека. Але яго нечаканая смерць была для мяне і ўсіх беларусаў Слоніма вялікім шокам”.

Антон Карніцкі нарадзіўся 30 снежня 1912 года ў Адэсе на Украіне, куды ў пошуках заробку выехалі яго бацькі з вёскі Любанічы[9], што на Наваградчыне. Па іншых звестках, мастак нарадзіўся ў 1913 годзе, як сцвярджае Міхась Казлоўскі ў сваёй кнізе “Галасы разбуджаных птушак”[10]. Той самы Сяргей Новік-Пяюн у часопісе “Новы шлях” за 1943 год, падпісаным крыптанімам С.Н., таксама напісаў, што “слонімскі беларускі мастак Антон Карніцкі, народжаны ў 1913 годзе, паходзіць з беднае беларускае сялянскае сям’і з Наваградчыны”. Пазней Сяргей Новік-Пяюн у сваіх успамінах “Жыў не дарэмна...”, напісаў ужо, што Карніцкі нарадзіўся 30 снежня 1912 года[11]. З ім пагаджаецца і Мікола Агафонаў, аўтар артыкула “У мастацкіх каталогах не значыцца”[12]. Таму сапраўднай датай нараджэння Антона Карніцкага трэба лічыць усё ж 30 снежня 1912 года.

У 1922 годзе сям’я Карніцкіх вярнулася на Бацькаўшчыну. Спачатку прыехалі ў бацькавыя Любанічы, але там доўга не затрымаліся, бо не было працы. Потым пераехалі ў Слонім, дзе знайшлі жыллё побач з горадам у Рышчыцах і дзе была сякая-такая праца. Пазней бацька ў Рышчыцах пабудаваў для сям’і невялікую хату...

Антону трэба было вучыцца. Бацькі, падтрымліваючы сувязі з роднай Наваградчынай, даведаліся, што ў Наваградку адкрылася дзяржаўная гімназія імя Адама Міцкевіча, куды было лёгка паступіць. Дарэчы, спачатку гэта была прыватная гімназія імя Адама Міцкевіча. Першым яе дырэктарам быў прызначаны Фабіян Абрантовіч (1884-1940) — беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, магістр тэалогіі, доктар філасофіі. У свой час ён скончыў Пецярбургскія духоўныя семінарыю і акадэмію, вучыўся ў каталіцкім універсітэце ў Лювене (Бельгія), быў адным з заснавальнікам беларускага хрысціянскага руху і яго саюза “Хрысцінская дэмакратычная злучнасць”. Вось гэта быў дырэктар! Але 3 жніўня 1921 года гімназія атрымала статус дзяржаўнай. У ёй было створана 7 класаў, куды ў гэты год прыйшлі навучацца ажно 300 дзяцей. Тады быў прызначаны і новы дырэктар — Мікалай Глябоцкі[13].

Сюды паступіў вучыцца і Антон Карніцкі. Гімназія была гуманітарнага накірунку, і асноўная ўвага ў працэсе навучання надавалася вывучэнню гісторыі, літаратуры, мовам, філасофіі. На даволі высокім узроўні ў гімназіі былі мастацкае і эстэтычнае выхаванне. Гімназісты нават выдавалі свой уласны часопіс “Наша жыццё”, дзейнічала дружына скаўтаў імя Тадэвуша Касцюшкі і г.д. Так што першапачатковую гуманітарна-мастацкую адукацыю хлопчык атрымаў добрую.

вернуться

9

У вёсцы Любанічы ў 1908 годзе налічвалася 73 двары, 525 жыхароў. Падчас Першай сусветнай вайны вёска амаль цалкам была знішчана. У 1921-1939 гадах яна ўваходзіла ў Цырынскую гміну Наваградскага павета і ваяводства

вернуться

10

Казлоўскі Міхась. Галасы разбуджаных птушак. Мн., 2006. С.162

вернуться

11

Новік-Пяюн Сяргей. “Жыў не дарэмна...”// Мастацтва Беларусі, 1987.№ 12. С.64

вернуться

12

Агафонаў Мікола. У мастацкіх каталогах не значыцца // Мастацтва Беларусі, 1987.№ 12. С.64

вернуться

13

Гайба Мікалай. Польскамоўная адукацыя на Навагрудчыне ў пачатку ХХст. // Літаратура, мова, культура: этнас у святле гісторыі і сучаснасці: Матэрыялы “круглага стала” і міжнар. навук. канф. /Пад рэд. С.П.Мусіенкі. Гродна, 1999. С.245