Пасля заканчэння Наваградскай гімназіі імя Адама Міцкевіча, Антон Карніцкі і яшчэ некалькі яго сяброў вырашылі працягваць вучобу ў Варшаве. Сяргей Новік-Пяюн згадвае, што Антон вучыўся ў мастацкай школе Панкевіча ў Варшаве. Тут патрэбна пэўнае ўдакладненне пра Юзафа Панкевіча (1866-1940) — польскага мастака, графіка і педагога і яго школу. З 1906 года Юзаф Панкевіч працаваў у Акадэміі мастацтваў у Кракаве, быў прафесарам гэтай акадэміі, а ў 1923 годзе стаў там паўторна прафесарам. З 1925 года прафесар Панкевіч узначальваў філію Акадэміі ў Парыжы. Школы Панкевіча ў выглядзе асобнай навучальнай установы не было. У польскай мове тэрмінам “школа Панкевіча” называлася кола мастакоў, якія вучыліся пад кіраўніцтвам гэтага мастака і якім былі характэрны рысы рэпрэзентаванай ім плыні ў мастацтве. Як педагог Юзаф Панкевіч апякаваўся групай мастакоў і графікаў згуртаваных у Парыжскім камітэце, звычайна званых капістамі. У яе склад уваходзілі Ян Цыбіс, Артур Нахт-Самборскі, Юзаф Чапскі, Зыгмунт Валішэўскі і Пётр Патвароўскі. Адсюль вынікае, што Антон Карніцкі ніяк не мог вучыцца ў Варшаве ў мастацкай школе Панкевіча. Магчыма ён наведваў нейкае кола мастакоў, якія сябе называлі тэрмінам “мастакі школы Панкевіча”. Ёсць сведчанні (не пацверджаныя пакуль дакументальна), як піша даследчык беларускага мастацтва Сяргей Гваздзёў, што Антон Карніцкі навучаўся ў Кракаве[14], у школе Панкевіча. Ды не, мастак Карніцкі ў Кракаве ніколі не вучыўся. Хутчэй за ўсё ён быў вольным слухачом Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве (з 1932 года школа набыла статус акадэміі з 4 аддзяленнямі: жывапісу, скульптуры, інтэр’ера і графікі). Адным з заснавальнікаў Школы мастацтваў быў Казімір Стаброўскі з Наваградчыны, сваяк і зямляк Карніцкіх. Менавіта пры жыцці Казімір Стаброўскі абяцаў дапамагчы таленавітаму Антону. Педагог і мастак Стаброўскі сваё слова стрымаў, але 6 чэрвеня 1929 года яго раптоўна падкасіў інфаркт[15]. Тым не менш, Антон Карніцкі быў залічаны вольным слухачом Варшаўскай Акадэміі мастацтваў. Дарэчы, сярод навучэнцаў і вольных слухачоў акадэміі шмат было беларусаў з Заходняй Беларусі.
Вучыцца ў акадэміі мастацтваў у Варшаве Антону было няпроста, найперш з матэрыяльнага боку. Часам прыходзілася галадаць, хварэць. Ён нават уладкаваўся на працу чарцёжнікам. Магчыма яму дапамог слонімскі паэт Гальяш Леўчык, які ў гэты час жыў у Варшаве і шмат гадоў таксама працаваў чарцёжнікам. Але скончыць вучобу слонімскаму мастаку не ўдалося, бо на жыццё і вучобу так і не хапіла фінансавых сродкаў і сіл. Пазней мастацкія веды чэрпаў шляхам самаадукацыі, дзякуючы сваёй энергіі і адданасці, якія праяўляў да мастацтва. Магчыма, Антон таксама, кажучы сучасным слэнгам, тусаваўся і з мастакамі “школы Панкевіча”, вучыўся ў іх мастацтву.
Восенню 1939 года юнак вярнуўся ў Слонім. Горад ужо не быў пад Польшчай, а яго занялі войскі Чырвонай Арміі. Рускі чалавек з Урала Мацвей Колатаў па даручэнню кампартыі арганізаваў на Слонімшчыне Часовае ўпраўленне, задачай якога было навядзенне рэвалюцыйнага парадку ў Слоніме і раёне. За некалькі дзён Часовае ўпраўленне змагло арганізаваць рабоча-сялянскую гвардыю, прамысловы і фінансавы раённыя аддзелы, аддзелы аховы здароўя, народнай асветы і сацыяльнага забеспячэння. Рабочая гвардыя ахоўвала пошту, масты, вяла барацьбу з ворагамі савецкай улады, пачаліся рэпрэсіі...
Вось сюды дамоў, у савецкі горад Слонім, і вярнуўся з Варшавы цяжка хворы мастак. Трохі родныя людзі і землякі на радзіме яго падлячылі, а потым юнак пачаў шукаць працу, уладкаваўся мастаком-афарміцелям. Вядома, ведаў па мастацтву не хапала, вучыўся ў іншых і сам вучыў. Вялікую ўвагу прыкладаў да кампазіцыі і выяўлення праўды ў сваіх карцінах, таму вельмі старанна працаваў над удасканаленнем сябе ў гэтым кірунку. Асноўным заданнем ягонай творчасці было дапасаваць усё, што можна, з натуралізму да імпрэсіянізму. Хаця сам ніколі не з’яўляўся прыхільнікам чыстага імпрэсіянізму ці чыстага натуралізму. Над кампазіцыяй працаваў яшчэ мала, а творчасць ягоная абмяжоўвалася да нарысаў з натуры акварэллю і алейнымі фарбамі, хаця фарбаў заўсёды не хапала і гэта відаць па яго творах.
Найбольш талент мастака раскрыўся ў канцы 1930-х-пачатку 1940-х гадоў.
Беларускі паэт, публіцыст і выдавец Сяргей Хмара, які жыў у Канадзе, і з якім я перапісваўся, неяк у адным са сваіх пісем згадаў мне пра Антона Карніцкага. Некалькі лістоў з нашай перапіскі я ўключыў у зборнік Сяргея Хмары “Рабінавы хмель” (Мн., 2009). У адным з пісем Сяргей Хмара напісаў: “Антон Карніцкі скончыў мастацкую школу ў Варшаве. Быў апантаны мастацтвам. У Слоніме страляюць, немцы арыштоўваюць жыдоў, а яму хоць бы хны: бярэ стульчык, ідзе на сялянскі кірмаш, сядае і малюе. Немцы неяк яго арыштавалі і хацелі паслаць у лагер, як “остарбайтра”. Але мы ад Камітэту Самапомачы звярнуліся да слонімскага гэбітскамісара ў ягоную абарону і папрасілі, каб яго ніхто не чапаў і даў дазвол на маляванне. Камісар аказаўся аматарам мастацтва і даў дазвол. Але сказаў Карніцкаму, каб ён прыносіў у камісарыят свае творы для прагляду. Той прыносіў і камісар-немец лепшыя за танныя грошы ў яго купляў, а астатнія дазваляў прадаваць ці дарыць іншым людзям. Даваў яму немец і прадуктовыя карткі. Антон Карніцкі быў вельмі хворы на сухоты і хутка памёр...”[16].