19. Навакол…
Сьнягі, ляды,
абрус жуды
назаўсягды,
на вечны час
ляглі.
Гара, скала
наўкол лягла
і узрасла
паўскрайны пас
зямлі.
Узрос на ёй
вялізаў-хвой,
туману з мглой
прытулак, лес
стары.
Прадзіўны мур
нярушных хмур,
як той каптур,
на бор узьлез
з гары.
I сонца сьвет
здалёка, з гэт!..
Нябёс прывет
ня здужыць к нам
дайсьці.
Адны вятры
праз хмар муры
лятуць з гары
празь лес той сам
гусьці.
I разам зь ім
на жах благім
і добрым, ўсім
тужлівы сьпеў
вядуць:
«Засьні, засьні,
у ноч ўсе дні
перамяні
і нас ня гнеў,
ня гудзь.
Скалей, як лёд,
на сотні год
і сэрца лёт
спыні. Вярні
да сну.
А сонца сьвет
здалёка, з гэт…
Зь нябёс прывет,
мана. Гані
ману.
Гані. Раі
тых дум спыні,
і жаль стаі,
і кінь зь пяшчот
у цьмы.
На сьвет адны
твае паны
і вартаўны
табе пачот, —
то ж мы».
20. Ветру
Ветрэ, ветрэ вольны,
Стой, зрабі паслугу!
Буду спосаб меці,
Адзьдзякую другу.
Зьлётай, лёгкі, борзда
Ў край, адкуль я родам, —
Бацьку, матку ўбачыш,
Мілую заходам;
Ўбачыш гэнам, ворле,
Ў краю тым — старонцэ:
Брат мой беларусін
Гібее бяз слонца.
Ім усім паклонам
Нізкім ты: скланіся,
Хай жывуць, красуюць…
А потым вярніся.
Гэтта скажаш, браце,
Мне, што там убачыў.
Буду спосаб меці,
Паглядзіш, адзьдзячу!
21. Завіруха
Завіруха скача ноччу
Патарочай, плача, вые;
Пухавыя сыпе ў вочы
Сьнегавінкі мне; рагоча.
Йду навобмацк; ледзь жывы я,
Нежывыя суну ногі
Без дарогі. Цела ные,
Калянее; верставы я
Прамінаю слуп убогі,
Траярогі крыж збуцьвелы,
Пасівелы, цёмны, строгі.
Не чакаю дапамогі…
Прыступае нехта белы,
Асьмялелы. Вот ўсьцігае,
Акаляе, скамянелы,
Пасінелы, — абнімае.
Завіруха —
Рагатуха сыпе сьнегу
I ў прабегу шэпча ў вуха:
«Заначуеш — не пачуеш:
Я завею, я угрэю,
Зараз ляжаш, дзякуй скажаш,
Мне ты скажаш». Завіруха —
Рагатуха шэпча ў вуха.
Ажно чую: раптам злая
Улягае, уціхае
Завіруха. Замірае.
Праясьняе ў полі. Нікне,
Ані зыкне вецер-сватка.
Бачу — хатка.
Як тры зоркі, тры ваконцы
Пры гасьцінцу. Вераценцы
Дыму ў неба ўюцца, пнуцца.
Хатка, вокны, дым сьмяюцца,
Клічуць, вабяць, сустрачаюць,
Прывячаюць, запрашаюць.
Голас чую родных, мілых.
Ўзмацаваўшыся на сілах,
Крыкнуць рады: «Згінь ты, гора!»
А яно ў адказ гавора:
— Над табою
Сьнег гурбою.
22. Думкі ў чужыне
Гора мне цяжкае, гора бясшчаснаму!
Сэрца ўсё жаліцца, плача, баліць.
Хочацца к сонейку цёпламу, яснаму:
Хоць бы убачыць! Ўсю цяжасьць зваліць!
Доля мая, што мяне узбагаціла,
Думак, жаданьняў і сэрца дала,
Недзе гаман з маім шчасьцем утраціла, —
З горам падняла і мне падала.