Выбрать главу

Васіль Зуёнак

Маўчанне травы

Маўчанне травы: Паэма лёсу.— Мн.:Маст. літ., 1980.— 192 с., 8 л. іл.

Рэдактар В.Б. Спрынчан

Мастацкія рэдактары Е.М. Малышава, В.П. Жыжэнка

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

1 Запросіны
Палёўкай пры лесе — Узбор'е — Вёска — сорак двароў: На захад — жытное горне, На ўсход — перазовы бароў. Куды пахінуцца — гадае, Напэўна, тысячу год: На захад — дзень хлебадайны, На ўсходзе — песні ўмалот. Ледзь певень абудзіць падвор'е — Не ломіць ніхто караля: Не ведае стомы Узбор'е, Спрадвеку жыве з мазаля. Вяснуецца ў полі з сяўнёю, П'е жніўнем з ламоткіх крыніц I боханам — сонцу раўнёю — Узыходзіць на покут святліц. Ля борцяў узятак цікуе, Румуе калоды на сплаў, Цяслярыць і скрыпкі штукуе — Ніхто не прыліпне да лаў! Вось так і трывае паціху, Не звыклая часу лічыць, З прымоўем: няўродзіца — ліха I ліха — як песня маўчыць. Купалка, вяснянка, калядка, Талочніца, жніўка, кума, Скакуха, любоўніца-звадка І тая — каб сват не драмаў... Я слухаў вас. Хай пазайздросцяць, Каму не ўдалося пачуць!.. Ляжаць спевакі на пагосце... А песні?.. Ды лепш памаўчу... Бываюць жа цуды зямныя! I ёсць паміж ix старана: То баравая заные, То жніўная ў сэрцы струна.
2 Карчма
Дарог на свеце мноства, Ды дзве любы куток Скрыжоўваюць наўпроста: Аснова і уток.
Аснова весніх крокаў, Уток гадоў-надзей: Ніхто не пройдзе бокам — I ў шчасці, і ў бядзе... Усё і ў нас, як трэба: Узбор'е — на крыжах,— Цягні свой воз пад небам, Нібы на двух гужах... Адна раскашавала Дарога ўсцяж палёў, Другая прышывала Узбор'е да бароў. На ростані, прагорклай Ад часу й палыну, Буяла Веснагорка Паганствам штовясну: Спяванкі, жарты, скокі, Арэлі, карусель, Пад поўняй аднавокай — Трава ды жаўтазель...
A ўзбоч — карчма стаяла, I рэй тут вёў Абром, Збіваў машну памалу, Скупляючы дабро. Жытам, аўсам ды грэчкам Даваў дарогу ён I сала не адпрэчваў, Абы ўзрастала ў плён! Каб сухавей не яхкаў, Каб спорыўся ўмалот, Абром маліўся Яхве, Хрысту — мужыцкі род. Дабpo на стол заморскі Сплывала па Дзвіне. У Рызе пот узборскі Чырвонцамі звінеў. Ды там ужо кілзалі Гешэфт тузы з тузоў... Абром жа, мы б сказалі, Beў працу між нізоў. А Хана карчмавала — Не быў манахам стол — Варыла, шынкавала Ды брала на засол. І чарка вам, і закусь, І драбяза-тавар: Істужка, булка з макам,— Так і гусцеў навар. Усіх вітала Ханка — Хто зблізку, хто здалёк: Падкочвала фурманка, Туліўся хатулёк... За грошы і ў пазыку — Ніхто не меў заган: Вандроўныя музыкі І канакрад цыган. Чаляднікі медзь трэслі, І ў шклянцы вус мачыў Ляснік, што ўчора ў лесе Пні-свежакі злічыў. Ды вэрхалу найболей І выручкі было, Калі ў карчме застолле Нядзельнае гуло.
Збіралася бяседа На прыцемку — тады, Як вечар за абедам На нюх лавіў сляды. Ішлі сабе няўзнакі: Адзін — прадаць авёс, Другі — стральнуць табакі, A трэці — байку нёс. Па кроплі і яшчэ раз Сагрэтая душа З ярма нядолі шэрай Прасілася спярша. І гойдалася нізка Ў дыме гамана, Пакуль сляпы Аніска Жалейку не кранаў. Тады скакала ў пяткі Вясёлая душа, Хоць за душой і ў святкі Не мела ні граша. Скакала не ад страху, Скакала не сп'яна, Скідала апранаху І гнала ў дол яна Ўдарамі абцаса І гора, і нуду. І кідала тым часам Прыпеўку на хаду: Авохці мне, Злая доля прыгне — А я не зламлюся, А я разагнуся! З падкрутам і ўпрысядку І з грукатам грамніц Душа скакала ў пятках Пад гойданне масніц. Не зналася з мяжою — Дзе неба, дзе зямля! Душа была душою Яўсея-каваля. А з лаўкі ў лад, з прысвістам Ішоў на круг Васіль — То высцілаўся лістам, То пеўнем калясіў. І любаваўся ўпотай (Былі ў арлах, былі!), Як бліскаўкамі боты Ў прыдробачку плылі. Каб на абцас узбіцца, Каб лапцем не слядзіць, Прыйшлося да сталіцы Ў зарабкі хадзіць. Сезонілі з Яўсеем Яны аж тры гады. А сёлета аселі Ля жонак маладых. Абутак зухаваты Даў Піцер на разлік I адаслаў дахаты, А сам — як прывід знік.