Выбрать главу
8 Ёха
Балюе снег з макрэчай: Дзень — лета, дзень — зіма. Кот ціснецца да печы, I хата — як турма. Дым не загнаць у комін — З чалесніка плыве: Надвор'е, нібы комін, Стаіць на галаве. Усё перавярнула Асенняя гульба. І вецер зябкім гулам Гудзе, што ўсім труба. У сто дажджоў прабіта Шпачынае жытло — Размецена, размыта Зялёнай песні тло. Асверыцца над студняй Абшчыпаны гусак. Гарбуз на градцы нуднай — Адзін — нібы гузак. Ды ўзбоч — галоў цвярозых Зялёная ірдзень: Калі качан з марозам — У дзежцы саладзей! Аздоба шэрых вулак — Маркоціцца вярба. Здаецца, нават шулы Пагнуліся ў гарбах. Намоклыя вароты Абвіслі на круках, Нібы ў ліхой галоты Падкрыссе армяка. На выгане, ля кузні, Прыладжвае спраўней Каваль, агню саюзнік, Падрэзы да саней. Яўсей, вясёлы Ёха, Штукарыць не на смех: Тады не ўхопіш чохам, Калі паваліць снег. Крылом цяпла прасветлен Стары кузнечны двор. За ім — аджыткаў летніх Туманіцца дакор: Над фермай, як апостал,
Тырчыць громаадвод, І пудзілава постаць Вартуе агарод. А што далей, за вёскай, Нічога не відно: Усё — без пагалоскі — Усё пайшло на дно. Паўсвету аблажыла Імжыстая нуда, Плыве ў зямлі па жылах Свінцовая вада. I кожны дзень — свінцовы — Агледзіны снуе. Свінцовы — не свянцоны: Не пірагі дае, Не яйка, што ў лушпайках Цыбульных чырваняць,— Сляды казённай пайкі На даланях смыляць. Сляды скупой паперы, Што з пасыльным ляціць I патрабуе меры Крутыя закруціць. За дзень раённай лёхі Дэпешы той размах Набіў дыхтоўна Ёху Аскому на зубах. Хоць ростам з кукіш гулькін Праела, як вухналь, Вантробы ўсе пісулька Аб тым, што ён, каваль, За аргумент бутылі З кулацкага стала Капыт скалечыў сіле, Што цяглавай была. Нібыта клаў падкову, A ў мыслях шнырыў дух: Сарваць сяўбы аснову — Ударны тэмп і рух. Разбор вядомы з контрай: «Згадай, калі забыў!..» Пашчасціла, што конь той Непадкаваны быў.
Цану паперам Ёха Зазнаў з тае пары. Здаецца, што там — кроха, Шматок, каб закурыць. А так табе ўпячэцца, Прыцісне так пятой, Што ты і той, здаецца, I ў той жа час — не той. «Браточкі,— хочаш крыкнуць,— Ды тут жа ўсё — мана!» A ўжо і крыкнуць прыкра, Бо ўжо ўваччу — яна. І так табе даводзіць — Паверыць сам гатоў, Што ты і чмут, і злодзей, І з д'яблавых братоў. Хоць літары, як блышкі, Ды не збягуць дабром. Напісана — і крышка. Не счэшаш тапаром.
«І гадзяць жа, сабакі...» — Сеў Ёха на парог, Дастаў капшук з табакай, Скруціў казіны рог. Раздзьмуўшы шчокі, пухнуў, Нібы кавальскі мех. Развеяць дымам скруху Хацеў, ды, як на грэх, Раённая газетка, З якой шматок аддзёр, Зірнула ў твар заметкай: «Патрэбен пракурор!» Чытаў хоць скокам-бокам, Ды складна разабраў: Прывыкла, значыць, вока Да гэткага дабра. Шкада, саму аб'яву Паспеў ужо скурыць — Якога ж там разяву Рашылі абкарыць? А можа, зноў шпіёна?.. Ды пыл разваг пагас: Прыехаў госць з раёна — Да Васіля якраз. А калі так — цыгарку Не надта, брат, цягні,— Раздзьмухвай качагарку І молатам звіні!