— Здароў!
— Здароў, Яўсей...
— Чаму ж твой госць улегцы
Праз ноч душу трасе? —
Як не з пapoгу Ёха
Загадку ўзяў за хвост.
— Ды, знаць, што напалохаў
Яго вось гэты тост,—
Падаў Васіль газетку
Дзе нехта «Наш селькор»
Гукаў на ўсю заметку:
«Патрэбен пракурор!»
— Ды бачыў я і думаў:
Kaгo ж ён так скубе?
I от жа сыч, патлумак,—
Няўжо, брат, пра цябе?
— А пра каго ж іначай —
Хто бульбу пагнаіў?
— Якую?
— Тую, значыць,
Што ён вось аднавіў.
Даўно ўжо свінні з'елі
Дзесятак тых пудоў,
Што нанач не паспелі
Пасцягваць да буртоў.
Назаўтра ж я зваліўся
Ды падаспеў мароз...
Убралі ўсё — хваліўся.
А вось — і тыц пад нос.
Прывезлі пяць фурманак,
А вырасла ў сто тон:
Сыпнуў пяску на раны...
— І хто ж гэта той Ён?
Мяне нядаўна збэсціў,
Узяўся за цябе.
Дазнацца б ды патрэсці —
Засек бы на ілбе.
— Здаецца мне, што Трыхан
Да справы гэтай хват.
Трывае быццам ціха,
Нутром — кіпіць, як гад.
Пакрыўджан, бач, на вёску,
Што не дае партфель.
А ён гатоў: з абноскаў
Прыдбаў вунь галіфэ,
I фрэнч такога ж крою,
І на грудзях значок.
Глядзіш — герой героем,
A ўнікні — чарвячок.
Любой бядзе ён рады:
У сорак ног грабе,
Як быццам і за праўду,
Але — каб для сябе.
Сказаў бы хай з трыбуны —
Дык з-за вугла ўсё ён:
Яшчэ не ўспееш плюнуць,
А знае ўвесь раён.
Вось так і баламуціць,
З дня ў дзень ваду таўчэ...
Ды чорт з ім, з гэтай муццю!..
На ногі б стаць хутчэй.
А госць, што ўцёк, ты кажаш,
Дык той — ні даць ні ўзяць —
A быў упаўнаважан
З мяне дазнанне зняць.
Ну, ясна ж, ён з падследным
За стол не мог сядаць.
Хоць, дзякуй, адпаведна,
Давёў, у чым бяда.
«Што ж,— кажа,— тут паробіш
Сам ушчаміў хваста:
Круць-верць, а на хваробу
Няма ў цябе падстаў».
Ляжы, брат, колькі ўлазіць,
Але на кожны дзень
Патрэбна ў гэткім разе
Мець, кажа, біліцень.
Не гэткі толькі, кажа,
Што ў выбары даюць:
Для розніцы тут важна
Знаць, дзе паставіць «ю».
Калі ён ад хваробы,
Дык трэба «і» пісаць.
A ў тым — закон асобы:
Там «ю» павінна стаць.
Вось тут і раскумекай!
Нагарадзіў пляцень:
Які дзе чалавеку
Паможа «біліцень»?..
А раз ніхто не чомаў
У справе той ладней,
Рашылі: «Ён вучоны,
Яму, як ёсць, відней.
Ды «білі», брат, ці «бюлі» —
Адна ўжо помач тут.
Не выкруцішся... Скулле!..
Відаць, што будзе суд».
9
Дарога
Збірацца выпала вясною,
Як збольшага хваробу змог...
Сустрэў бярэзнік белізною
І лотаццю — зялёны лог.
З палону хатняга збавення,
Дзе дні брылі, як бацяны,—
Палон імглістага трымцення
Наўзбоч дарогі ў дзве сцяны!
Ці павітацца з першым лістам,
Ці замаліць ад наслання —
Перад бярэзнікам прачыстым
Васіль маўчком спыніў каня.
«Здаецца, многае пабачыў,
Але бывае дзіўны час:
На гэты светлы цуд над Начай
Глядзіш заўжды, як першы раз.
Аж захлынае прыгажосцю,
Хоць век жыві, не памірай...
Відаць, такое будзе штосьці,
Калі зямны збудуем рай,—
Падумаў, весела прыкінуў: —
Вось гэта вам аўтарытэт:
Нядаўна елі хлеб з мякінай,
А тут — сусветны райсавет!..»
Плыла дарога, бы ў тумане,
Кружыўся белы карагод —
Бярозы! — на завейным стане
Чарнявых крапінак разлёт.
І зблізку снежна, і здалёку,
Нібы зіма ўладарыць спрэс.
Але, пабач, як прагне соку
Матыль, дзе пеніцца надрэз.
Вясна! Вясна — у цэлым свеце.
Яе не возьмеш на падман.
Дыхне палямі лёгкі вецер —
Спадзе бярозавы туман.
Асмажыць горыччу палыннай
Крушын настоены гусцяш.
I ўжо наперадзе — раўніна
I даль, адкрытая наўсцяж...
Адно ад песні засталося:
Апошні подых, успамін,