Выбрать главу
I Трыханаў прадыбаў фрэнч. Васіль Яўсея зваў пад'ехаць, Ды той па крамах клопат меў. А фрэнч ля Мотры, як бы нехаць, Ухмылкай сцэджваў люты гнеў. Смяяўся, пэўна, для прыліку, A ў пекле цёмнае душы Гарэла гарам, што артыкул Не змог аб шкодніцтве падшыць. Не загрымеў Васіль як вораг, Хоць старшынёўскі збілі чын... Грызуць і Мотру смутак з горам. На гэта многа ёсць прычын... Усю спектаклю заваліла, Што сёння па дарозе ў суд З каханкам назубок зубрыла: Як што сказаць, каб збыўся цуд. «Каб у руках мець старшынёўства, Былі б і мы ў перадавых. Яно ж і так, сказаць, геройства З тваёй красой — і ў радавых. Ды ты б, як ружачка, сядзела Ў канцылярыі ca мной...» I вось — сама! — згубіла, з'ела Ўсё шчасце там, за той сцяной... Цяпер адвернецца, няйначай, Ад саракоўкі Трыханок: Што маладому — парыбачыў I далей невад павалок. Хіба не знойдзе заляцанак, Калі паставяць старшынёй?!. Ды і пасады абяцанай Цяпер не дачакацца ёй. Не пасядзець у сакратарках, Дзяржавай не пакіраваць... Зноў тыя ж вёдры, вілы, таркі, I той жа муж прыпрэцца спаць. А гэтак марыла, чакала... Хоць працаднямі не цвіла: Ледзь-ледзь на мінімум хапала — На сходах першаю была. Лікбез канчала, дэлегаткай Раней хадзіла ў сельсавет, Між актывістак, пры выпадку, Глядзеўся і яе партрэт.
Ды раскусілі Мотру людзі: Грыміць на ходзе халастым. Таму і кінулася ў суддзі, Каб зноў павысіць свой актыў. I трэба ж гэтак — спудлавала... Дурніца — нават на вырост. Нібыта ў роце кляп,— маўчала. Усё... Усё кату пад хвост. З такой прычыны-распрычыны: «А каб вас там пагнула ў крук!..» — На суд зірнула, дзе ляйчынай Васіль вярнуў каня на брук. «Ат, што ты возьмеш з гэтай бабы...» — На Мотру ён і не злаваў: Валоссе доўгае, ды слаба Капусту варыць галава. Адно што ў звадах — памялішчам За пяць кабет заўжды мяце,— Ну і язык: паганы прышчык І той уссесці не хацеў!.. I ўсё заўсёды ёй вядома, Пра ўсіх даложыць неўспадзеў: І дома што, і што за домам, I чый задворак чым смярдзеў. Калі зачэпіцца ля студні Язык вось гэткі за язык, Глядзі, што дзень наступіць судны, Пакуль прамоў аціхне зык. Да лапця лапаць — вось і пара: Аж пот курыцца над губой! Таўкуць, і трэплюць, і сячкараць Адна другой наперабой. I ўжо агонь асядзе ў печы, I галавешкі дадымяць — Яны ж — каромыслы на плечы — Пустымі вёдрамі грымяць. На луг каня сцяжынай тупкай Адводзіў поцемкам Васіль, З раёна выслухаўшы трубку: «Пячатку Плеўкіну здасі». А хто быў Плеўкін — добра ведаў I ў тэлефона не пытаў: Цыган свядомы і аседлы, Што так — нясеянае жаў. Сказаць, які вандроўны вецер Занёс яго з якіх дарог На каланчу пры сельсавеце,— Цыганскі бог і той не мог. Пачаў з таго брандмайстар бравы, Што ноччу ў лютаўскі мароз З прысад — для ацяпляльнай справы — Беразняку нацюкаў воз. Калі ж дарожнік неўспадзеўкі Праз дзень агледзеў той прагал, Дык сам з сябе дзівіўся Плеўкін: «Нельзя?! Да как же я не знал!..» Другое з сельскай гаспадаркай Знаёмства даў законны шлюб: Зайшоў у прымы да свінаркі, Перад касой схіліў свой чуб. Цяпер на ферме быў не госцем, Хваліў: «Какой свиной малыш!..» Ды прытка кідалася штосьці На ўцёкі парасё-скавыш. Мажны, высокі, кучаравы. Грудзіна — хоць абоддзе гні! Шынель, гармонікам халявы — Усё як ёсць для старшыні. Што ж, хай бярэцца, хай кіруе, Абы не Трыхан уздужэў. Час пракурацтвы ўсім даруе, А з подласцю — яно цяжэй. Не змыеш і не адпрасуеш, Калі на фрэнчы тым яна, Як вош, паўзе, і галасуе, І сведчыць: вось твая цана. Хоць з Плеўкіна не надта клёку, Але ж усе не без заган. Хлеб старшынёўскі — хлеб не лёгкі Хай паспытае і цыган! Калі разважыць тут цвяроза, Дык Васілю — гара з плячэй. Як людзі кажуць, баба з воза — Бяды не шмат — каню лягчэй. Ішоў Васіль і вольна дыхаў, Як травы, кветкі і зямля. І думаў: на якое ж ліха Жыццё вось гэта азаляць?..