Выбрать главу
Праныры, злоснікі, пыхліўцы, Майстры зняславіць і падбіць, З чырвонай жычкай нежычліўцы,— З якіх яны ляцяць арбіт? Адкуль паганыя стварэнні Заўжды бяруцца між людзей? Адкуль ix цягнуцца карэнні I ў ствол атрутны сок ідзе? Адкуль яны так хіжа пруцца? Як выжывае нораў той У землятрусе рэвалюцый І поплеч з праўдаю святой? I выжывае, і пладзіцца, І не марнуецца ў тузе. То стаяком ідзе, то ніцма, То на карачках падпаўзе. Няўжо так свет наш змайстраваны На ўсе вякі, на ўсе «заўжды», Што немагчыма без паганак, Як без паветра і вады? Не-е, брат, не верыцца, хоць трэсні. Дастойны акрыляе шлях! Не можа быць пад небам цесна, Калі ты з небам у грудзях. З такім глыбокім і бязмежным, Як над Узбор'ем над маім: Палёт і воля зорных сцежак — Свяці, хапае месца ўсім. Няўжо ён толькі там — для неба — Высокі строй і дружны лад? I не ўзрасце на чэрствай глебе, Не прыйдзе і да нашых хат? Дармо! — вузлы і мы развяжам, Каб лес не зарастаў быллём. Народ сваё па-свойму скажа: Хто песняю, хто мазалём. Як Млечны Шлях, і ў нас дарога. Высока праўду мы нясём. Дарога... Абяцае многа. Дарога... Забірае ўсё...
10 Ноч летняга сонцастаяння
Сляпенькая чорная лазня — А колькі людзей абяліла! Каб чуўся хоць трошкі князем — Адпарыла і адмыла. Каб знаў, што прыходзіць субота I цела, і дух абнядзеліць, Каб скінуў турботы, згрызоты З кашуляй, ад поту зрудзелай, Каб венікам стому спляжыў I да халадзёнкі лютай З палка, нібы чорт падсмажыў, Куляўся ў тры перакруты, Каб зноў на свет нарадзіўся,
Каб шчодра вада жывая Вярнула назад гады ўсе,— На тое і лазня бывае!
Яна пачынаецца з поўдня... І нам тут якраз верхаводзіць: Цабэрак ca студні, як поўня, На вочапе плытка ўзыходзіць. Напоўняцца вёдры — і зноўку Асвер галаву апускае, Як быццам гусак жыроўку Ў рэчцы на дне шукае. Ваду цягаем у кадзі, Хоць, праўда, я збоку-прыпёку: Цягаць — яно Зіне і Каці, А мне — дурэць ды галёкаць! Падкрасціся ды знячэўку Смяшлівымі пырскамі чохнуць, Хоць сёстры ў адказ на зачэпку З вядра апрастаюць — і сохні. Ды мне гэта сама што ў меру: Я зараз пачну качагарыць. Рыпіць смаляк пад сякерай — Таўстун пакручасты з выжарын. Яго — на падпал. А на топку — Бярозавых дроў ды альховых, Каб дух быў, як бульбіна, сопкі, Каб сыпаўся з венікаў новых, Каб мокрым не ліпнуў абкваччам, А суха качаўся па спінах, Адскокваў, як мячык гарачы, З альховай гарчынкай палыннай.
Тапіць — во мужчынская праца! I я ўжо ад лазні — ні кроку. Лацвей на мураўцы валяцца,— Як хочаш: спіною ці бокам! Адно паглядай, каб не звёўся, Каб вогненна ў каменцы дыхаў Той бог і той дух, што сваё ўсё Пад венікам выкажа з пыхам. Схапіўшы наводмаш паветра, Нібы для нырца з абрыва, Сагнуся і ў дымныя нетры Ўскочу знадворку імкліва. Шыбаю, шурую паленне, Дзе полымя б'ецца здзічэла, Пакуль не падыдзе каменне: З чырвонага зробіцца белым. Вось толькі назолаю даўкай Падсунуцца сёстры заўсёды. Як быццам без ix тут няўпраўка, Без гэтай жаночай пароды! Ну хай сабе маці сказала, Каб мне давяралі не вельмі, Дык гэта ж каменне — не сала, Не ўспыхне агнём на патэльні. Трымаюся я незалежна, Хоць знаю: не зводзяць вока, Мужчынскі гонар у клешні Бяруць, не ўзляціш высока. Ды мне напляваць! Я дровы Цягаю маўчком з-пад павеці, Каб выгукнуць: — Лазня гатова! — Найлепшая ў сельсавеце. Схазаць, дык па сёння адгадкі Я пэўнай не знаў і не знаю, Калі, пры якіх парадках Асеў ён у нашым краі — Той дзень з бярозавым культам, Што нас на палок узносіць? І сверб маладзецкі адкуль той, Што духу тры меркі просіць? Відаць, тут Купала віноўнік, Купала, што дзевак выводзіў I голых, пад голаю поўняй У росах качаў, ды не шкодзіў. Купала — ахоўнік Узбор'я — У рэчках купаў і ў крыніцах. Таму ледзь не ў кожным падвор'і Суботняе свята дыміцца. Не Рым, дзе патрыцыі ў лазнях Дзяржаўныя справы вяршылі,— Узборац змагаўся тут з граззю І ніжай і вышай ад шыі. Не мылам і маслам заморскім — Жарствою наводзіў глянец. З ахвотай-якотай узборскай Адмыецца — люба глянуць! І сам — хоць стаўляй на покуць, І дзеткі звіняць, як арэшкі. Аднак жа — не ўкусіш за локаць — Вясёлая ходзіць пасмешка: «— І скуль ты, бялюсь, аб'явіўся, Сусед да суседа рагоча,— Як лут, на каляды памыўся, Яшчэ й на вялікдзень хоча». Калі хто пагудку такую Ў фальклорны падсуне зборнік Ці мудры трактат адштукуе,— Дык то не пра наша Ўзбор'е. Яно ў нас — вясёла спрадвеку — Вясёлай суботы чакала, Бо ў нас кум і брат чалавеку Любому — Іван Купала. Шугай жа, агонь мой, узвейна, У дыме панурым не вязні! Ад спін, на палку збранзавелых, Святлей, мая чорная лазня!..