Кацілася ў сонцастаянне
Ноч мігатліваю знічкай.
Ды дзе ж яно, дзе світанне?
Гадзіннік стаміўся адлічваць.
Гадзіннік задыхана стукаў
Дню летняму ў светлыя дзверы.
Кароткая ноч — прыступкай
Ты стала для чорнага звера.
Прыступкай у ноч другую:
Тры ўкоптур гады — на стагоддзі —
Той звер дзень за днём — адстагуе,
Дзе з чорнай касою пройдзе.
Тры чорных гады вісела
Ноч над сонцам высокім.
Світанне ў агні згарэла,
І дзень быў далёка-далёка...
Чэрвень. Дваццаць другое.
Сэрцы, сейсмографы свету,
Хавальнікі ран незагойных,
Вы помніце ноч гэту?
Вы не забыліся,
Што пачалося?..
11
Днёўка
Камбат над картай раз і два схіляўся,
Красаў запалкі:
— Што за чартаўшчына!
Пазначан лес — а дзе ён падзяваўся?
Адны хмызы з імхамі па лагчынах.
Так і заднюеш на патэльні гэтай.
Ісці ж далей — як ёсць, самазабойства:
Прастрочыць самалёт — і песня спета.
Тут і прывал табе, і ўсё геройства.
І слава — што травою прарастае,
Сухменным летам зеляніцца горна —
Адметная — крамяная, густая,
Дзе хтосьці твар зямлёю твой прыгорне...
Рашыў камбат: ці добра там ці блага,
A днёўку ў вёсцы аб'явіць падворна,
Папоўніць харч, вадой заліць біклагі
І ногі астудзіць ад вёрстаў чорных.
Давёў сігналы, выставіў дазоры
І хату выбраў— першую ад шляху.
А праз гадзіну сном тараніў змору
З прысвістамі пад Васілёвым дахам.
Даўно ўжо так не слалася камбату —
Як быццам у маленстве апынуўся...
Расплюшчыў вочы, азірае хату.
І раптам ад здагадкі страпянуўся.
Ды і Васіль цішком дзівіўся збоку:
«Чупрына тая ж, толькі пасівела,
З гарбінкай нос, і той жа шрам ля вока...»
Нарэшце ўсё-ткі запытаў нясмела:
— Хачу дазнацца, выбачай, таварыш,
У грамадзянскую вы не бывалі ў нас тут?
— Ды я і сам наўкол вачыма шару:
Знаёмая будыніна — і баста!
Карчма, здаецца?
— Ды яна, а як жа.
Перакупіў вясёлыя харомы.
— Яшчэ тут побач, помніцца, кулак жыў...
Ну й рэзаліся ж мы тады ў Аброма!
Васіль не раз прыгадваў тыя спрэчкі:
Танула ў дыме газавая лямпа,
Абром круціў на барадзе калечкі,
А Сёмка па стале далонню ляпаў:
— Ніхто не вольны ў гэтым вольным свеце.
Адна зямля — карміцелька і ўлада.
З якога боку ні падзьмуў бы вецер —
Яна не ўважыць: ёй давай парадак.
Яе ўзары, гнайку трусіць не грэбуй,
Дажджу пад корань выпрасі ў нябёсаў,
Сажні, збяры — і маеш лусту хлеба:
Хай не ад пуза, але ўсё ж удосыць.
Быў камандзір бязвусы і гарачы,
Штораз нервова шморгаў партупею
І Сёмку рэвалюцыю тлумачыў:
— Ты вось пад'еў, а беднякі — гібеюць!
— Якія беднякі?! Зямлі — валока,
Не менш, як і ў мяне, ды і не горшай,—
А вунь ляжыць Арцюх на печы бокам
Ды пасвіць, як на ўбой, пад світкай вошы.
Зямлю дала савецкая ўлада?
Дала. А ён? А ён — і не ў аглоблі.
Зямля яму, скажу, як чорту ладан.
Ён жджэ, відаць, што клін той я аброблю.
— А ты, Сямён, дарэмна лямантуеш.
На кім араць? — Васіль тады зазначыў.
— На кім, пытаеш? Дай зямлю мне тую
Дык я ўспушу рукамі, на карачках.
— Ну, скажам, на карачках ты не надта...
— А хто ж зрабіў шнуры, як той каберац? —
Сямён устаў і пальцы, нібы краты,
Нягнутка перад лямпай склаў аберуч.—
А вось яны! — I ўсе туды глядзелі —
На чорны і парэпаны дзесятак,