Выбрать главу
Што прапусціць — нібы жалеза ў целе — Не мог ад лямпы ценяў ружаватых. I меркаваў Васіль сабе паціху: «Які буржуй з яго, калі спіною Ён сонца толькі й бачыць: без аддыху Гарбее, покуль выпраміць труною». А камандзір здавацца і не думаў: — Нутро тваё я вось як разумею: Абы ў трыбух, абы паменей шуму,— За жменьку гною прадасі ідэю. А беднякам — пара зграмадзіць сілы, І шлях цяпер адзіны ёсць — камуна,— Каб зацвіло ў ix ды закаласіла, Каб трохі і ў цябе пратросся шлунак. — Я жыць хачу, і вы жывіце з богам. Я чалавек такі: араў ды сеяў. Карміў людзей. І не забіў нікога. А ты мне ўсё «ідэя», «за ідэю». А што яна? З якім заморскім смакам? І з чым ядуць ідэю, мне скажы ты?.. Бяжы за ёй — а выйдзе кукіш з макам: Патопчаш лапці, не пасееш жыта... Стварыць тады не выпала камуну: Атрад пайшоў далей высмальваць банды. Прыціх Сямён, Абром лавіў фартуну, I пеніўся ў карчме вясёлы гандаль. Але прабыў тут камандзір не госцем — Зярнятка ў сэрца кожнае пасеяў: Каму — пачварнай і зацятай злосці, Каму — трывогі, а каму — надзеі. А перад маршам Васіля ўгаворваў Пад штык ізноў з куросання вярнуцца, Змахнуць з душы разгубленасць і змору Сусветным палыханнем рэвалюцый. Што адказаць? Васіль, як цень, хістаўся: Аж пяць гадоў — акопы, лазарэты, А бомба ўсё ляцела і гула ўсё, I выбух поўз услед яшчэ й дагэтуль.
Кантужаны, да дзедаўскіх завалін — Абараніў цара, адваяваўся — Прыйшоў — даведацца, што жонку пахавалі, Што з дзіцем на руках ён тут застаўся... Даводзіў камандзір: — У нас — праграма. А ты прыліп тут да палоскі задам. Сказаў Васіль: — Зямлю араць таксама Камусьці ж трэба... І карміць уладу. — Я знаю ваша племя земляное: Хто з печы сцягне — рады ці не рады,— А з тым і пойдзеш і стаіш сцяною, Той для цябе і ўлада і парадак. — Улада? Можа й праўда. Але прагну Парадку іншага, што праз вякі — галоўны: Ну хто, скажы, мяне за крыссе цягне Вясной у поле, восенню да ёўні? Не толькі, брат, кішка, не толькі голад. Ёсць нешта і такое, што не знаю... Вось ты глядзеў, як тоненька і квола Расток зямную тоўшчу працінае І ўсё грабецца — да вясны, да неба?.. Дык знай тады: я — не сваяк гаротны, Я з полем звязан не кавалкам хлеба — Тут і жыццё, і смерць, і бессмяротнасць. — Ну, а зямля, дзе б сеяў і араў ты? — Зямля ўжо ёсць, дык што па свеце гойсаць... — А хто ж усё аберажэ, каб заўтра Ў парабках не быў ні твой, ні мой сын? Ці, думаеш, і бітва адшугала З тым, калі скінуў царскія пагоны? — Я думаю: а як бы ўсё трывала, Каб не мужык і каб не хлеб ягоны? Вось наша праўда: жыта сей паболей, Яно для ўлад — някепская затычка. Махнуў рукою камандзір: — Даволі! Тут з Сёмкам у цябе, па-мойму, змычка. Было — сплыло. Улеглася, асела. Даўно ў Сібіры Сёмка парыць косці. Было — сплыло... Ды новая прыспела Мітрэнга на парог нязваным госцем. Нібыта ўзняўся белы свет на ногі: З пажыткам — бежанцы, ваенныя — з віною — На ўсход, на ўсход — забіты ўсе дарогі, Запоўнены пакутамі, вайною. Свае даўно знядужаныя сілы Камбат глухімі сцежкамі адводзіў: «Пад самы корань каб не падкасіла, А прыйдзе час — і скажам немцу: «Годзе!» На ферме ўжо людзей стаяла купка, Калі Васіль прывёў туды камбата. Бычок-трацяк бакамі ўздрыгваў цупка I пазіраў на свет, як вінаваты. Адпасвіўся на поплаве, адзыкаў, Адгульбаваў сваё мычун падласы I паступіў да старшыны ў разлікі — Вайсковыя папоўніць харчзапасы. Бо як бы ні даводзілася крута, Знаў старшына — карміцель усявышні: Пры ўсім пры тым, што сказана статутам, Абед байцу таксама не залішні... I ўжо агонь ператухаў памалу, I ўжо з катла бычок укропам дыхаў, I ўжо пяхота лыжкі рыхтавала,— Узмылены, прыбег да фермы Трыхан. — З бычкамі тут, гляджу, у вас геройства! — Аж прасіпеў, як Васіля прыкмеціў.— А ці не пахне гэта самавольствам — Дабро чужое выкідаць на вецер? — Дык ці чужое ж тут? Бычок арцельны. І ўсё законна: грамадой рашалі. — А ён чыёй каровай быў ацелен — Бычок вось гэты — вы ў таго спыталі? Не помніце? Дык я скажу: мой бацька