Выбрать главу
Яе ў калгас з двара свайго адправіў. — Дык ты бычку, выходзіць, як бы дзядзька? — Я гаспадар. I гаспадар па праве. Яшчэ скажу да ведама праўлення: Гатоў хоць зараз выявіць паштучна, З адрыны нашай дзе ляжыць бярвенне, Што я для фермы здаў уласнаручна. — Ці ты кляймо паставіў тут якое? — Аж плюнуў Ёха і расцёр падэшвай.— Ну а бычок — махні бычку рукою: Вантробы забірай хутчэй ды еш вунь. — I забяру. Маё дабро, не ваша. А старшына да Ёхі: — Извините: Мы вам расписку выдадим, папаша... — Распіску...— зыркнуў Трыхан.— Вы скажыце!..— I злосцю, нібы клоп крывёй, напоўнен, З кішок начынне вытрасаў густое.— Я запішу! Я гэта вам папомню! — Кіпеў зацята.— Гэта вам... не тое!.. — Эге, дык тут, выходзіць, не забыта, Хто варанога здаў, а хто гнядую?.. Паслухаць вас — у кожнага нібыта Па ўласніку за пазухай гняздуе. Прыгрэліся і моманту чакаюць,— Камбат дзядзькоў перапытаў вачыма.— Сядзіць у душах моцна гэта заедзь: Перакавалі, ды не ўсіх, магчыма... А можа, перакоўку гналі ўспешкі: Метал не разагрэлі, білі змаху... Звярнуць лягчэй з наезджанае сцежкі, Змяніць жа дух — не скінуць апранаху. Дай толькі знаць, калі падваліць час той, І шугане кулак-двайнік на волю, Зноў пад сябе ўпражэцца ўсё грабастаць: Зямлю, ваду і неба — як паболей... Маўкліва пазіралі ўбок вяскоўцы: «Бадай ты ад кішок ад гэтых спрахнуў!» А Трыхан пёр карыта на вяроўцы, I духам пралетарскім тут не пахла. Вясёлыя салдацкія абеды! Прывалу цень, сухі дымок і пара... Нямала ix Васіль калісьці зведаў — I ўзатаўку і голых, без навару. Але адзін у памяці і сёння Праз тоўшчу год дыханнем волі свеціць.
...Былі пайкі раскладзены на ўслоне, «Каму?» — байцы гукалі, нібы дзеці. A ўгадчык, адвярнуўшыся, адказваў... У гурце так дзяльба вядзецца часта. Ды раптам... Не, Васіль яшчэ ні разу Не чуў, каб гэтак з воінскім начальствам... Як адгадаў баец той: «Камандзіру!» — А порцыя — бадай што руля з косткай — Аслупянеў Васіль: «Нагарадзілі... Ну і разгон жа будзе, ну й пачостка!..» А камандзір — камбат вось гэты самы — Смяецца толькі, быццам так і трэба: — Ды тут жа мяса — пахне кілаграмам! Астатняе, браткі, надкіньце хлебам... Акопны бог і зух казармаў царскіх, Што ў сотню жыл падчас трымацца дуж быў, — Васіль дзівіўся явай пралетарскай: «Хоць служба службай, ды і дружба дружбай! І корань тут зусім, брат, не ў вантробе...» Пасля ж — даводзіў Ёху добрым ладам: — Вось гэтак рэвалюцыя і робіць: Па-роўнаму — і хлеб табе і ўлада. Вясёлыя салдацкія абеды!.. Ды сённяшні не весяліў нікога: Глядзелі ў вочы з кожнай лыжкай беды, Разгубленасць, няпэўнасць і трывога. Глядзелі ў вочы мацяркі і дзеці, Глядзелі вокны, птушкі, дрэвы, кветкі. Пакутнай хваляй біўся ў скроні вецер I ў сэрца — перасмяглыя палеткі. І што байцу сказаць на ўсё на гэта? Лягчэй маўчаць. Але куды схавацца Ад тых вачэй, якімі ўслед паўсвету Глядзіць і не асмеліцца спытацца. Дакуль? Дакуль? Камбат не знаў таксама, Дзе вораг перад сілай нашай стане. А Васілю, каб вера не згасала, Упэўнена сказаў на развітанне: — Падавіцца фашыст на Беларусі, Расію-матухну таптаць яму не ўдасца. Праз месяц-два, а чухаць зад прымусім Мы гэтую карычневую трасцу.
12 Пахаванне Капалі глыбока, Капалі да рання. Пры сонцы на локаць Было пахаванне. Пры сонцы на сажань Вярталіся ў вёску. Ніхто не заўважыў, Не дасць пагалоску. Дарога прамая — Туманам, туманам... Вачэй не ўзнімае Васіль на Івана. Натуры не слабкай — Іван — ані слова, Мазутную шапку Камячыць нервова. Тры дні і тры ночы Сядзеў за штурвалам, Не змогся, не збочыў — Дагнала навала... Па сэрцы рыдлёўка, Па думках рыдлёўка Скрыгоча жарсцвяна, Нібыта па ранах... Ляжыць сярод поля Глухая магіла, Не ўзвесніцца болей Сталёвая сіла. Конь верны стрыножан Не лыкавым путам — Пяском абняможан, Бязмоўем закуты. Бывай, дымнагрывы, Жыўцом закапаны,— Загонаў руплівых Не весці Івану. З табой зухавата Не пыхкаць цыгаркай, Калгасны араты Чалябінскай маркі. Сяброўскай рукою — Бо нельга іначай — Твой дзень перакроен, Твой лёс перайначан... Па сэрцы рыдлёўка, Па думках рыдлёўка Скрыгоча жарсцвяна, Нібыта па ранах... Хай сніцца, мой косю, Табе ў злым палоне, Як спее калоссе На сонечных гонях, Як жыта рунее, Як цепліцца глеба, Як песнямі жнеі Вітаюцца з хлебам... Што ўсё гэтак выйшла, Не мы вінаваты. Не жораў калыша Нябёсы над хатай. Не сейбіта ў поле Той вырай гукае: Над плачам, над болем Драпежнікаў зграя.