14
Завейны госць
Свет панурым дыханнем поўнячы,
Вецер пухкія хмары вазіў.
Снег валіў і валіў да поўначы,
Шчыраваў— як на дзесяць зім.
А пад раніцу грукнула ў шыбу
Цішыня незнаёмай рукой.
Бацька доўга збіраўся, нібы
Перад цяжкай дарогай якой.
Крокі два — ад ложка да клямкі...
«Ну й сяліба... Нікому як нам...»
Свет чарнеў прахуканай плямкай
Праз імглістую шэрань акна.
Асцярожна адсунуў фіранку,
Пальцам «вочка» шырэй прагрэў:
Воз
прыцёрся ля самага ганку,
Палазнёю — падвей курэў...
«Конь тутэйшы, ды, быццам, не з нашых:
Хвост падсечан, грыва ў падрэз...»
Хто ж ён там? Хрыпла бухаў кашаль,
А яздок — у «вочка» не ўлез.
Толькі стукаў. Цяпер ужо ў дзверы.
Неяк суха,— відаць, пугаўём.
Бацька ўсцягваў армяк, нібы мераў...
Час не той, каб ляцець салаўём.
Час не той, каб насустрач госцю —
Ці ты сват, ці начлежнік які —
Паспяшацца вароты распросціць,
Як вялося ў людзей праз вякі.
Час не той...
І клямка не тая,
I вушак — адступіў наўзбоч,
І парог — як гapa крутая,
Быццам хтосьці падняў за ноч.
Сенцы холадам лёгка дыхнулі,
Аж мурашкі пайшлі ля плячэй.
— Хто там? — вусны гром скалыхнулі.
— Ды свае — адкрывай хутчэй...
Свой не свой — бургамістр з воласці,
Азалелы сядзеў за сталом.
I пяршак — не звыклы да кволасці —
Напралом
дзяліўся цяплом.
Што ды як — не спяшаўся бацька,
Дый ахвоты, сказаць, не было,
Каб распытваць ці больш — назаляць каб.
Толькі ў думках былое плыло...
А былое было не за светам,
Не за векам былое было,
Як Захар, сакратар сельсавета,
Бургамістрам прыджгаў у сяло.
На кані старшынёўскім, што ў тэрмін
Не паспелі мабілізаваць,
На палях пагойсаў, на ферме
I пайшоў па дварах гізаваць.
Сход збіраў. Ля калгаснай канторы
Ўпікаў спахмурнелых жанчын
І на поле ківаў:
— Ці ж не сорам:
Асыпаецца жыта, лічы...
Быў адказ — маўчанне. Ні гуку.
Не ўзняла вачэй ні адна.
— То няўжо адвучыліся рукі
Серп трымаць? Ці не гнецца спіна?
Ці імпэт без мужчынскае ласкі
Гэтак хутка паспеў адсырэць?
— Ты нам тут языком не ляскай,
Гора бабскае не вярэдзь.
А з работай — дык трэба ж парадкам,—
І па ім — як нажом — правяла.