5
Дзяльба
Усё ва Ўзбор’і з веку ў век
Было не без прычыны.
Вось я: пануры чалавек,—
Чаму? З якога чыну?
А скажам проста: у карчму
Мяне ў той час прынеслі,
Калі ўжо там вясёлы чмур
Не заляцаўся з песняй.
Бо што карчма без карчмара,
Без дудкі і басэтлі?
Як той кажух без каўняра,
Як лапсардак без петляў…
Як без кілішка бубнаў гром
Альбо Абром
без пейсаў…
Які Абром? Ды наш Абром!..
Вось тут, брат і засмейся…
Была карчма, гула карчма —
Гаротніцкая ўцеха —
Аддаў Абром ледзь не дарма
І ў служачыя з’ехаў.
Такі ўжо наваліўся час —
Штодня з бядой мяжуеш:
«Ці абагульвайся ў калгас,
Ці спішам, як буржуя».
Павохкаў ціхенька Абром,
Пачухаў з тыдзень грыву,
Адсек усё, як тапаром:
«Жыві, Васіль, шчаслівы!»
Дзябёлы дым стаяў стырчма,
Агонь патэльню сватаў.
Была карчма, гула карчма,
А стала нашай хатай…
Вось так: з пялёнак — і ў карчму!
Ды трэба ж — запазніўся…
Відаць, і хмуры я таму,
Таму і занудзіўся…
Яшчэ ж, магчыма, і таму
Характар невясёлы,
Што маці несла, бы ў турму,
I галасіла ўголас:
«I несвянцоная ж яна,
Вядзьмарская харчэўня,
I чэрці жэняцца сп'яна
Ў ёй да трэціх пеўняў...»
A ў бацькі — смутку ні сляда,
Смяецца: «Дзякуй богу,
Што блаславення ён не даў
На дальнюю дарогу...»
А хто быў — ён? Відаць, не бог,
А свой вясковец — Лосік,
Што Васіля перасцярог:
— Глядзі, каб не прыйшлося...
Надзелы — тры, а двор адзін:
Кулацкія размахі.
Яшчэ раз я кажу: «Глядзі!
Тут і Сібірам пахне».
— Дык едакоў жа — тры сям'і,
Дзяцей вунь — печ забіта.
А гэта ж, брат, не салаўі,
Не будуць песняй сыты.
— Ты пра дзяцей нам не талкуй —
Стругаць і мы не жмоты.
Затое ў поле талаку
Выводзіш на работу.
Не-е, тры браты яшчэ не факт.
Зямелькі ж — мнагавата.
Яй-богу, на сібірскі тракт
Глядзіць твая ўжо хата.
— Ну й прычапіўся. Як асцё...
Тры жонкі ж — не падробка.
— Раз з аднаго гаршка ясцё —
Адна сям'я. І кропка.
— Няўжо ж яно, калі дабром,
Кулацтва ў той пасудзе?
— Мяркуй як хочаш. Грымне гром —
Хрысціцца позна будзе.
— Ды што ты мне надзеў аброць
I цягнеш, нібы гіцаль.
Сам падзялюся. Не супроць.
У шыю не ганіце,
А вось што з раю вы паслы,
Дык дай аб тым разважыць.
Падумаць дай. Няўжо вузлы
Мы самі не развяжам?
А як дзяліцца?.. З братам брат
Даўно вялі гаворку:
Яно як гуртам — дык і лад
І ў добры час, і ў горкі.
Ці то падчэпіць недарод,
Ці град здратуе ніву,
А пуставаць не будзе рот,
Хоць не густое мліва.
Спарней усё-ткі збажына,
Калі ў адным засеку.
І сала брус, і здарына —
Не толькі як на лекі.
І малако: аж з трох кароў
Ды ўсё ў адну дайніцу,—
Не так ужо каб будзь здароў,
А дзецям ёсць напіцца.
І падсмятаніць блін які,
І маслам хлеб памазаць...
«Не-е,— гаманілі і жанкі,—
Усё ж выгодней разам...»
Хоць трое ix было ў двары —
Ніхто грызні не бачыў.
А гэта, як ні гавары,
Таксама нешта значыць!
Жылі наўздзіў — душа ў душу —
Нявесткі маладыя.
Адно ўзнімалі гвалт і шум
Назольнікі малыя.
Ды што паробіш: цесната,
Зімой жа — асабліва,
А хіба ўсадзіш па кутах
Анёлаў дураслівых?
Вось і гарэзуюць яны
I хлопцаў падбіваюць:
«Калі ўжо ты надзеў штаны,
Дык хай і клопат маюць!..»
Гарцуй, бузуй!.. Аднак, глядзі,
І меру знай, мой браце:
Ты ж тут пакуль што не адзін
Пан-распіхан у хаце.
Угрэе цётка трапкачом,
То жаліцца не мерся:
Не стрэпе маці калачом —
Тут схопіш і паверсе.
Усё агулам, заадно —
Ні спрэчкі і ні звады.
І слёз ніколі не відно:
Жывуць нявесткі ладам.
A ўдарыць прыпар — заўсягды
Працуецца прыспорней:
Адна прыгледзіць тры гнязды —
Наварыць і накорміць.
I ў полі лад, і ў печы лад:
Серп не гуляў,
і віўся
Вясёлы дым — снядання брат...
Васіль і той дзівіўся:
«Звычайна ў сем'ях на дзяльбу
Штурхаюць маладзіцы,
А тут — адно табе дзяўбуць:
«Навошта нам дзяліцца?»