Выбрать главу
Ды ўсё ж зануда-чарвячок Штоноч тачыўся ў думкі, І дзёр, як гэбель пад сучок, Душу бяссонак тлумкі. Тады ўжо раніцай Васіль Братам выводзіў скутак: — Ці ты прасі, ці не прасі — Схапіўся Лосік крута... Само сабой, ішла далей Развагі ніць тым часам: — Заяву, кажуць, Сілівей Назад забраў з калгаса. — Забраў, a ў Сёмкі не бяруць... — Адзін Арцюх рагоча: «Лацвей там жыць: там ручку круць — І еш — што пуза хоча!» — У рот не ўскоча сам пірог. — Але і горш не будзе, Адно пераступіць парог... — Пабачым, як там людзі… — Даўно казаў і кагадзе: Той запяе іначай, Хто на чужым гарбе сядзеў Ці век свой пралайдачыў. Хай ён калоціцца. А ў нас — Ды сціхніце вы, бабы! — Лічы, даўно ўжо ёсць калгас — Сямейнага маштабу.
Жылі так з год пасля таго — Ні дома, ні ў замужжы. А падзяліў братоў агонь, Хістанні ўсе адужаў. Пажар успыхнуў пад абед, Калі былі ўсе ў полі,— Адлучка не за дальні свет, Але й таго даволі. Сухмень да звону давяла Сасновае бярвенне. Кіпела ў прожылках смала. Крышылася каменне. Салома з пылам парахні Спрасованая спала. Тут не падпальвай, a дыхні — І ўдараць іскры валам. Ніхто не бачыў, дзе крыло Чырвоны птах расправіў — Усё трашчэла і гуло Ў пякельнай той патраве. Уздоўж Узбор'я акурат Віхор круціў заломы, На стрэхах аж праз дзесяць хат Агонь хапаў салому. Гуляў пажар, каціў сувой, На полымі сатканы, Шалёна гнаў перад сабой Узборцаў плач зляканы. Сіпелі ў сквары галасы, Кашулі лубянелі, За дзвесце сажняў валасы На галаве смылелі. Старыя світкі, армякі, Гарнушкі, матавілы,— Няўцям выносілі жанкі Дзе што рука схапіла. Пакуль прыбег Васіль у двор, Дык паўсяла прашастаў Той ненажэрлівы віхор, Той вогненна-вушасты.
Уратаваны скарб грудком Сіроціўся на ўзмежку, І комін між былых куткоў Глядзеў на галавешкі...
A звіў гняздо чырвоны птах У Сёмкавых харомах. Адтуль і выскачыў на дах I ўгору бухнуў строма. Ды ўміг спружыніста прысеў, Клубком завіўся шызым, Яшчэ раз гупнуў па страсе I закуляўся нізам. Пакінуў ззаду жменьку хат, Астатнія — на неба...
Не плакаў Сёмка, звёў пагляд Ад вёскі: «Так і трэба». Ці хто падпёк, ці сам спаліў — Усё пайшло да бога. Сабраў з сям'ёю хатулі: Адна ў Сібір дарога.
Той год з апошняю сасной Расстаўся бор над Начай. Пажар на памяці лясной Апошні крыж пазначыў. Адбудавалася сяло: Наспех і лепшым чынам. А нам — як шчасце прыплыло: Карчму Абром падкінуў. Хоць зналі: хата на крыжах — Няхай сабе і з хлебам — Заўжды, як сэрца на нажах, Ды жыць, брат, неяк трэба...
6 Тры крыжы развітання
Жменьку зерня ў засеку Браў на досвітку ён: Ці Сібір там, ці пекла — Будзе сеяць Сямён! Побач з крыжам на грудзі Той вузельчык вязаў: Як праклён, жыта будзе Прарастаць на слязах. Вам праклён, камісары, Галадранцы,— праклён! — На сібірскім папары Будзе сеяць Сямён. Будзе поўнай сяўнёю — Узыходзь і руней! На размах — пяцярнёю,— Налівайся, паўней! Будзе ў хмар i ў завею, У спякоту i ў золь, Як цяжкую надзею, Як няўтолены боль,— Хай усохне, знямее — Але з гэтай рукі Будзе сеяць і сеяць Праклён праз вякі.
Як выводзіў гнядога За вароты Васіль, Жонцы вымавіў строга: — Плач, ды не галасі.— I былому ў падсечку: — Што я — Сёмку раўня? — Тузануў за вуздэчку Злую контру — каня. Пугу з поцегам выцяў Па хрыбціне крутой,— Быў учора карміцель, А цяпер — як ніхто... Нават горш таго — сёння Як спакуснік, як змей: Гляне вока-прадонне — Быць тут цвёрдым сумей... Быць свядомым патужся, Калі цягне ў той вір, Калі позірк — удушшам Запятляў да крыві... Ды і хто зацугляны — Ці Васіль, ці гняды?.. Не стрымаў — зноўку глянуў, Як прывёў да вады,— Глянуў стоена ў вочы, Адвярнуўся ў слязах: «Быццам нешта мне хоча, Ды баіцца сказаць... Косю, мілы мой косю, Толькі ведаеш ты, Колькі нам адлілося I дажджоў і слаты. Колькі нам адзвінела Па вясне жаўрукоў, Колькі нам адбалела На спіне круглякоў. Колькі сохлі ды моклі Ад палынных патоў... Колькі ўспомнім на покліч Кірмашовых гуртоў...» Шыю цяжка рукою Пагладзіў, абняў — І павёў з вадапою Абагульваць каня... Здаў усё, як адрэзаў,— Нават пута з пянькі. Крокам цвёрдым, жалезным Пайшоў нацянькі. Па шнурах, дзесяцінах Аж паўдня калясіў. A вярнуўшыся, з тыну Зняў падкову Васіль. Сыржавелы абносак Доўга цёр жарсцвяком, Покуль той, як на досыць, Бліснуў маладзіком. І на прыцемку шэрым, Каб чый зірк не ўгубіў, Да сцяны заімшэлай Падкову прыбіў: «Хай, калі што якое, Дык мой косю ізноў Хай па гэтай падкове Шлях успомніць дамоў — Дa свайго прыстаронку, Да ясляў сваіх...» — І ўжо тупат нязвонкі Чуў Васіль у той міг... Ні замоў, ні прышэптаў — Толькі дума была: Як жа выйдзе ён, хлеб той, Новы хлеб для сяла? Ці ўзаўецца трубою, Ці пачэзне ў мятлюк З той шырокай сяўбою, Дзе палоскам — каюк. Як усё яно будзе — З хлеўчука не відно. Кажуць рознае людзі, Але ясна адно: Як бы доля ні секла, Ні валіў гарапад — Над вясною, над векам Будзе праўда зярнят!