Выбрать главу
У паперах Савелій, Сілівей між людзей — Саўка ў дурні не цэліў: Праляжаў цэлы дзень. Як зваліўся на печы Падчарэўкам уніз, Дык азваўся пад вечар: «Што я вам — сацаліст?!» — І на дзверы камусьці Памахаў кулаком, Пры нішчымнай капусце Сеў на покуць крадком. «Чорт іх знае, прыкмецяць, Што ва здравіі я — І пайшло ўсё на вецер: Гаспадарка, сям'я. Абагуляць, як бачыш, І курэй, і дзяцей... Дзякуй, здохла хоць кляча — Ёй цяпер там лацвей. Ад бясоння і думак Галава не баліць. Ні заяў тых, ні тлуму — Спіць, як пані, ды спіць. Во дзе жызня! Маліна... І канца не відаць...» — Зноў на печ вокам кінуў І пачаў пазяхаць. Ды якраз тут знячэўку Шусь Яўсей на парог: — Ах, ядры тваю дзеўку, А казалі ж, ты здох!.. — Што «казалі, казалі» — Дух во ледзьве ліпіць, Бы трыбух завязалі:
Ані есці, ні піць... Глянуў Ёха на міску: — Гэта ўсё ад нуды. Пэўна, смерць твая блізка Валачэ невады. А шкада: не паспееш Абагуліцца, брат,— Як сыпнуў Сілівею Вуголля пад зад... I падсыпаў яшчэ раз: — Ты тут з печы не чуў — Лосік з міліцанерам Вунь дае кулаччу: І Сямён — па этапе, І гняздо ўсё за ім. Дзіўна: ты як не трапіў З дэзерцірствам сваім?..— От жа гад, нібы шашаль, Точыць Саўку нутро І смяецца праз кашаль: — Мы вас мігам сатром! Як узвіўся тут з лавы Саўка ў бой на той суд: — А ў мяне вось заява! Я назад аднясу!— За абраз — хапцам-лапцам — А паперы няма. Плюнуў Ёха і лапцем Перакрэсліў: «Турма». Глянуў са спачуваннем — І за дзверы гайда, Нават на развітанне Pукі не падаў... Нібы тая папера, Саўка сам белы стаў: Зноў за богам праверыў, У дзяцей распытаў. Жонку з прызбы паклікаў: Шук-ды-пошук — дарма... Пашумеў для прыліку — А паперы няма. Што рабіў бы тут Саўка, Каб не жончын падказ: — Ты, нібыта заяўку, Пеўня здай у калгас. Скокні ціхенька зараз Ды ў той хлеў падпусці. Заўтра Лосік прыжарыць — З парога хрысці: «Я таксама ў агуле: Певень — знаеш — мой дзе?!» …Збегаў Саўка... Паснулі, Як у добрых людзей.
Дзе бярозы світанне — Між нябёс і зямлі — Тры крыжы развітання Над Узбор'ем плылі. Першы — значыў для Сёмкі Шлях далей і далей. Крыж другі — сталлю звонкай Аціхаў між балей. Ну a трэці — як грымнуў У калгасным хляве: Што там сонцавы гімны, Калі певень жыве! Крыллем молада шастаў, Ладзіў зычны свой бас — I пад спеў той гарласты Прачынаўся калгас.