Плывуць касцоў галовы над туманам
І косы, перапоўненыя звонам.
Ані гамонкі — стоена, ціхмяна,
Ані пасмеху на сцяжынцы соннай.
На сэрцах і трывожна і ўрачыста,
«Хутчэй, хутчэй» — ірдзяцца дух і мускул.
Сажнёвы крок — у рослых і плячыстых,
Хто карацейшы — коціцца ўпрытруску.
І вось ён — луг, пакатая аблога
Ад сценкі лесу і да самай Начы.
Спыніліся — нібы перад парогам,
I кожны ўсё як першы раз пабачыў:
Зялёную раскрыленасць прылесся
I лукавін завоіны крутыя,
Дзе драч згубіў сем дудак і сто песень,—
Такія травы параслі густыя;
І сухадол, дзе скрыпень ціха скрыпаў,
Дзе лісахвост ірваўся ўверх трубою,
Дзе рабацінкі казялец рассыпаў
На шчэці белазорага падбою;
Збуялае дзядоўнікам стажар'е,
Лажок, дзе пурпурова да крыніцы
Ятрышнік, як раз'ятраны пажарнік,
Без вёдзер па ваду штодня імчыцца;
Блакітнага званца шкляную крохкасць,
Рамонкаў белых бесклапотны россып,
Лісцё капытніка, дзе конь зялёны лёгка —
Расы не збіў — наўскапыта пранёсся...
Траў раўнапраўе — разнатраўе луга,
Спакойная і мудрая адвечнасць,
Дзе ходзяць косы непатольным кругам,
Як непазбежнасць і як недарэчнасць.
Усё змахнуць, аголяць пад нулёўку —
Сталёвы бог не знаецца з дакорам.
Атава пойдзе — падгаблююць зноўку.
Усё як ёсць. Ды застаецца корань.
Травы маўчанне — у густых пракосах,
У копах, пунях, рэзгінах, кармушках.
Травы дыханне — сытнае і ўдосыць
На скібе масла, малако ў гарнушках.
Травы пакуты — зледзянелы люты,
Снягоў завейных белая магіла.
Хто разарве, хто скрышыць злыя путы —
Ці знойдзецца, ці ёсць у свеце сіла?
Травы надзея — цішыня зямная,
Дзе прагнуць сонца стомленыя сокі,
Дзе кожнае зярнятка ўспамінае
Свой дом пад небам сінім і высокім.
I — выбух — днём вясновым акрылёны!
Выбух травы —
Надзея травы —
Пакуты травы —
Дыханне травы —
Маўчанне травы,—
Жыве,
Жыве,
Жыве народ зялёны!
А косы ходзяць, свішчуць сакавіта,
Вядуць касцы ланцуг да самай Начы.
Навідавоку ўсё, усё адкрыта —
І схібіць тут нягожа, і злайдачыць.
Наперадзе Васіль махае роўна,
За ім Яўсей з кавальскім духам пляжыць,
А потым — з артылерыяй галоўнай —
Якім з мятроўкай «заграбае» сажань.
Размах, разгон! Ці тое, як бывала —
На вузенькай палосцы ў два заходы:
Касу ўгамоньвай, каб не спудлавала
I да суседа не залезла ў шкоду.
Як пашырэў ты сёння, луг без межаў!
Бяры пракос, наколькі просіць хватка,
Не замінай адно, а то падрэжуць —
Няхай сабе і старшынёвы — пяткі!
Не, недарма даецца грамадою
Вось гэта права — першага пракоса...
Як слыннасць мудрага: будзь тройчы з барадою
За так не выпрасіш у пасівелых вёсак.
Цяжкое права і цяжкая слыннасць
Старэйшага — і ў працы, і ў развазе:
Паміж сыноў знаходзіць вёска сына,
Што хват у прыпар і душой не блазен.
Знаходзіць, каб аддаць яму ўсе тайны
І мудрасць земляробскае навукі.
I скажа так: «Паміж палёў расстайных
Мой запавет пакінь сваім унукам».
Знаходзіць — праз яго сябе засведчыць,
Свой дух і воблік выявіць пад сонцам.
І скажа так: «Ты — мой. Мая адвечнасць,
Мая крывінка і мая бясконцасць».
І не адпусціць. Радасці і гора
На ўсё жыццё адмерыць поўнай мерай.
I скажа так: «Бурліць людское мора,
А ты пры мне шукай — і знойдзеш бераг».
I да яго — разважыць і парадзіць —
Усіх пашле трывожнымі часамі.
I скажа так: «Дапамажы. А здрадзяць —
Усё сцярпі, бо гэта — я таксама».
I ноччу будзе над ягонай хатай
Трывожнымі сузор'ямі хіліцца.
I прамаўчыць: «Узносіць вал дзевяты,
Ды не дае да берага прыбіцца».
Стараецца Васіль. Хоць і парадкам
Касу вядзе — размашыста і лёгка,
A ўжо, глядзі, распарыўся ў лапатках,
I ўжо карціць туды, дзе Начы плёхкат.
Ды ранавата песціцца — апоўдні
Вада ўскіпіць ад перасмяглых целаў,
I залаты карась халоднай поўняй
Праблісне ў твань, ад рогату здзічэлы.
А покуль — толькі косы маюць гонар
I радасць, як да берага даходзяць,
Пад хвалю раз ці два нырнуць з разгону —
Ажно заломіць стан у прахалодзе!