Рэдзьярд Джозеф Кіплінг
Маўглі
Браты Маўглі
Было сем гадзін спякотнага вечара ў Сіянійскіх гарах, калі Бацька Воўк прачнуўся пасля дзённага адпачынку, пачухаўся, пазяхнуў і выпрастаў адну за другой здранцвелыя лапы, праганяючы сон. Маці Ваўчыха драмала, паклаўшы сваю вялізную шэрую мысу на чацвярых ваўчанят, а тыя варочаліся і павісквалі, і месяц асвятляў уваход у пячору, дзе жыла ўся сям'я.
— Уф! — сказаў Бацька Воўк. — Пара зноў на паляванне.
Ён ужо збіраўся спусціцца скачкамі з гары, як раптам нізенькі цень з калматым хвастом лёг на парог і занудзіў:
— Жадаю табе ўдачы, о Правадыр Ваўкоў! Удачы і моцных белых зубоў тваім высакародным дзецям. Няхай яны ніколі не забываюць, што на свеце ёсць галодныя!
Гэта быў шакал, Падліза Табакі, — а ваўкі Індыі ставяцца з пагардай да Табакі за тое, што ён гойсае ўсюды, сее разлад, разносіць плёткі і не грэбуе анучамі і акраўкамі скуры, калі грабецца на вясковых сметніках. І ўсё-такі ваўкі баяцца Табакі, бо ён часцей за ўсіх іншых звяроў у джунглях хварэе на шаленства і тады бегае па лесе і кусае ўсіх, хто толькі трапіцца яму насустрач. Нават тыгр уцякае і хаваецца, калі ашалее маленькі Табакі, бо нічога горшага, чым шаленства, не можа здарыцца з дзікім зверам. У нас яно называецца вадабоязь, а звяры завуць яго «дзівані» — шаленства — і ратуюцца ад яго ўцёкамі.
— Што ж, зайдзі і паглядзі сам, — суха сказаў Бацька Воўк. — Але ежы тут няма.
— Для ваўка няма, — сказаў Табакі, — але для такой нікчэмнасці, як я, і голая костка — сапраўдны баль. Нам, шакалам, няма чаго надта перабіраць.
Ён пракраўся ў глыбіню пячоры, знайшоў аленевую костку з рэшткамі мяса і, вельмі задаволены, сеў і пачаў з трэскам грызці гэтую костку.
— Дзякуй за пачастунак, — сказаў ён і аблізнуўся. — Якія прыгожыя высакародныя дзеці! Якія ў іх вялікія вочы! А яны ж яшчэ такія маленькія! Праўда, праўда, мне варта было б памятаць, што царскія дзеці ад самых першых дзён ужо дарослыя.
А Табакі ж ведаў не горш за любога кожнага, што няма нічога больш небяспечнага, як хваліць дзяцей у вочы, і з прыемнасцю назіраў, як збянтэжыліся Маці і Бацька Ваўкі.
Табакі сядзеў моўчкі, радуючыся таму, што наклікаў на другіх бяду, потым злосна сказаў:
— Шэр-Хан, Вялікі Тыгр, змяніў месца палявання. Ён будзе ўвесь гэты месяц паляваць тут, у гарах. Гэтак ён сам сказаў.
Шэр-Хан быў тыгр, які жыў за дваццаць міляў ад пячоры, каля ракі Вайнгангі.
— Не мае права! — сярдзіта пачаў Бацька Воўк. — Паводле Закону Джунгляў, ён не можа мяняць месца палявання, нікога не папярэдзіўшы. Ён распудзіць усю дзічыну на дзесяць міляў навокал, а мне… мне цяпер трэба паляваць за дваіх.
— Маці нездарма празвала яго Лангры (Кульгавы), — спакойна сказала Маці Ваўчыха. — Ён ад самага нараджэння кульгае на адну нагу. Вось чаму ён палюе толькі на свойскую жывёлу. Жыхары паселішчаў на берагах Вайнгангі злосныя на яго, а цяпер ён з'явіўся сюды, і ў нас пачнецца тое самае: людзі будуць ганяцца за ім па лесе, злавіць яго не здолеюць, а нам і нашым дзецям давядзецца ўцякаць куды вочы глядзяць, калі падпаляць траву. І праўда, нам ёсць за што дзякаваць Шэр-Хану!
— Ці не перадаць яму вашу падзяку? — спытаў Табакі.
— Вон адсюль! — агрызнуўся Бацька Воўк. — Вон! Ідзі паляваць са сваім панам! Досыць ты набаламуціў сёння.
— Я пайду, — спакойна адказаў Табакі. — Вы і самі хутка пачуеце голас Шэр-Хана ўнізе, у зарасніку. Дарэмна я турбаваўся перадаваць вам гэтую навіну.
Бацька Воўк натапырыў вушы: унізе, у даліне, што збягала да маленькай рэчкі, пачуўся сухі, злосны, адрывісты, тужлівы рык тыгра, які нічога не злавіў і ані не саромеўся таго, што ўсе джунглі пра гэта ведаюць.
— Дурань, — сказаў Бацька Воўк. — Пачынаць гэткім шумам начную работу! Няўжо ён думае, што нашы алені падобны на тлустых буйвалаў з Вайнгангі?
— Ш-ш! Ён палюе сёння не на буйвала і не на аленя, — сказала Маці Ваўчыха. — Ён палюе на чалавека.
Рык перайшоў у глухое бурчанне, якое чулася нібыта з усіх бакоў адразу. Гэта быў той рык, які палохае дрывасекаў і цыганоў, што начуюць пад голым небам, а іншы раз прымушае іх бегчы проста ў лапы тыгру.
— На чалавека! — сказаў Бацька Воўк і выскаліў белыя зубы. — Хіба мала жукоў і жаб у сажалках, што яму спатрэбілася есці чалавечыну, ды яшчэ на нашай зямлі?
Закон Джунгляў, загады якога заўсёды на чым-небудзь грунтуюцца, дазваляе звярам паляваць на чалавека толькі тады, калі яны вучаць сваіх дзіцянят забіваць. Але і тады зверу няможна забіваць чалавека ў тых мясцінах, дзе палюе яго зграя або племя. Услед за забойствам чалавека з'яўляюцца рана ці позна белыя людзі на сланах, са стрэльбамі і сотні смуглых людзей з гонгамі, ракетамі і факеламі. І тады кепска даводзіцца ўсім жыхарам джунгляў. А звяры кажуць, што чалавек — сама слабая і безабаронная з усіх жывых істот і чапаць яго — ганьба для паляўнічага. Яны гавораць таксама — і гэта праўда, — што людаеды з цягам часу паршывеюць і ў іх выпадаюць зубы.