Выбрать главу

Напачатку ён баяўся, што яго ўпусцяць, потым раззлаваўся, але зразумеў, што змагацца нельга, потым пачаў думаць. Перш за ўсё трэба было паслаць пра сябе вестачку Багіры і Балу. Малпы рухаліся з такой хуткасцю, што яго сябры не маглі іх дагнаць і вельмі адставалі. Уніз не варта было і глядзець — яму відаць былі толькі верхнія бакі сукоў, — таму ён пачаў глядзець угору і ўбачыў высока ў сіні неба каршуна Чыля, які лунаў над джунглямі, апісваў кругі, чакаючы чыёй-небудзь смерці. Чыль бачыў, што малпы нешта нясуць, і спусціўся ніжэй, каб разведаць, ці не прыдатна іх ноша для яды. Ён свіснуў ад здзіўлення, калі ўбачыў, што малпы валакуць па верхавінках дрэў Маўглі, і пачуў ад яго Запаветнае Слова Каршуна: «Мы з табой адной крыві, ты і я!» Разгайданыя вяршаліны закрылі ад яго хлопчыка, але Чыль паспеў слізгануць да бліжняга дрэва, і перад ім зноў вынырнуў маленькі смуглы твар.

— Прыкмячай маю дарогу! — крыкнуў Маўглі. — Паведамі Балу з Сіянійскай Чарады і Багіры са Скалы Рады!

— Пра каго, Брат? — Чыль яшчэ ні разу дагэтуль не бачыў Маўглі, хоць, вядома, чуў пра яго.

— Пра Жабянятка Маўглі. Мяне завуць Чалавечае Дзіцяня! Прыкмячай маю даро-огу-у!

Апошнія словы ён выгукнуў, летучы ў паветры, але Чыль кіўнуў яму і ўзняўся так высока, што здаваўся не большым за пылінку, і, лунаючы ў вышыні, сачыў сваімі зоркімі вачамі за разгайданымі верхавінкамі дрэў, па якіх, нібы віхор, імчаліся вартавыя Маўглі.

— Яны не забяруцца далёка, — сказаў ён пасміхаючыся. — Малпы ніколі не робяць да канца тое, што задумалі. Заўсёды яны хапаюцца за што-небудзь новае, гэтыя Бандар-Логі. На гэты раз, калі я не сляпы, яны нажывуць сабе бяду: Балу ж не птушаня, ды і Багіра, наколькі мне вядома, умее забіваць не толькі коз.

І, лунаючы ў паветры, ён пагойдваўся на крылах, падкурчыўшы ногі, і чакаў.

А ў гэты час Балу і Багіра былі самі не свае ад раз'юшанасці і гора. Багіра залезла на дрэва гэтак высока, як не залазіла ніколі, але тонкія галіны ламаліся пад яе цяжарам, і яна саслізнула ўніз з поўнымі кіпцюрамі кары.

— Чаму ты не папярэдзіў Маўглі? — забурчала яна на небараку Балу, які прыпусціў нязграбнай рыссю, спадзеючыся дагнаць малпаў. — Якая карысць біць дзіця ледзь не да смерці, калі ты не папярэдзіў яго?

— Хутчэй! О, хутчэй! Мы… мы яшчэ дагонім іх, можа! — задыхаўся Балу.

— Гэткаю хадою? Ад яе не стамілася б нават параненая карова. Настаўнік Закону, мучыцель дзяцей, калі ты будзеш гэтак перавальвацца з боку на бок, дык лопнеш, не прайшоўшы і мілі. Сядзь спакойна і падумай! Трэба нешта вырашыць. Зараз не час для пагоні. Яны могуць кінуць Маўглі, калі мы падыдзем занадта блізка.

— Арала! Ву! Яны, можа, ужо кінулі хлопчыка, калі ім абрыдла яго несці! Хіба можна верыць Бандар-Логам! Кажан мне на галаву! Карміце мяне аднымі гнілымі косткамі! Спусціце мяне ў дупло да дзікіх пчол, каб яны закусалі мяне да смерці, і пахавайце мяне разам з гіенай! Я сама няшчасны сярод звяроў! Ара-лала! Ва-у-у! О Маўглі, Маўглі, чаму я не папярэдзіў цябе пра Малпін Народ, чаму я цябе біў па галаве? Я, можа, выбіў сённяшні ўрок з яго галавы, і хлопчык цяпер адзін у джунглях і забыўся Запаветныя Словы!

Балу абхапіў галаву лапамі і са стогнам заківаўся ўзад і ўперад.

— Не так даўно ён сказаў мне правільна ўсе словы, — сярдзіта прамовіла Багіра. — Балу, ты нічога не памятаеш і не паважаеш сябе. Што падумалі б джунглі, калі б я, чорная пантэра, качалася і выла, скруціўшыся ў клубок, як дзікабраз Сахі?

— Які мне клопат да таго, што падумаюць джунглі! Хлопчык, можа, памёр ужо!

— Калі толькі яны не кінуць яго з дрэва дзеля пацехі і не заб'юць ад няма чаго рабіць, я не баюся за дзіцяня. Яно разумнае і ўсяму навучанае, а галоўнае, мае такія вочы, якіх баяцца ўсе джунглі. Але ўсё ж (і гэта вельмі кепска) яно ў палоне ў Бандар-Логаў, а яны не баяцца нікога ў джунглях, бо жывуць высока на дрэвах. — Багіра ў задуменні аблізала пярэднюю лапу.

— Ну і дурань жа я! О тоўсты буры дурань, паядальнік карэння! — прастагнаў Балу раптам, выпрастаўся і сцепануўся. — Праўду кажа дзікі слон Хатхі: «У кожнага свой страх», а яны, Бандар-Логі, баяцца Каа, горнага ўдава. Ён умее лазіць па дрэвах не горш за малпаў. Уночы ён крадзе ў іх дзіцянят. Ад аднаго гуку яго імені дрыжаць іх агідныя хвасты. Хадзем да яго!

— Чым можа Каа дапамагчы нам? Ён не нашага племені, бо бязногі, і вочы ў яго вельмі злосныя, — сказала Багіра.

— Ён вельмі стары і вельмі хітры. Апрача. таго, ён заўсёды галодны, — з надзеяй сказаў Балу. — Паабяцаем яму многа коз.