— Ён наш брат па ўсім, апрача крыві, — гаварыў далей Акела, — а вы хочаце забіць яго тут! І праўда, зажыўся я на свеце! Адны з вас нападаюць на свойскую жывёлу, а другія, падвучаныя Шэр-Ханам, як я чуў, бадзяюцца цёмнай ноччу па вёсках і крадуць дзяцей з парогаў хацін. Таму я ведаю, што вы баязліўцы, і да баязліўцаў звяртаюся цяпер. Я хутка памру, і жыццё маё не мае цаны, а не — дык я аддаў бы яго за жыццё чалавечага дзіцяняці. Але дзеля гонару Чарады, пра які вы паспелі забыцца без важака, я абяцаю вам, што не ўкушу вас ні разу, як прыйдзе мой час паміраць, калі толькі вы дасце чалавечаму дзіцяняці спакойна пайсці да сваіх. Я памру без бою. Гэта ўратуе для Чарады не менш чым тры жыцці. Больш я нічога не магу зрабіць, але, калі хочаце, пазбаўлю вас ад ганьбы — забіць брата, за якім няма віны, брата, якога прынялі ў Чараду, паводле Закону Джунгляў.
— Ён чалавек!.. Чалавек!.. Чалавек! — завыла ўся Чарада.
І больш за палавіну Чарады перабегла да Шэр-Хана, які пачаў паляпваць па зямлі хвастом.
— Цяпер усё ў тваіх руках, — сказала Багіра Маўглі. — Мы цяпер можам толькі біцца.
Маўглі выпрастаўся на ўвесь рост, з гаршком у руках. Потым разгарнуў плечы і пазяхнуў проста ў твар Радзе, але ў душы ён быў сам не свой ад злосці і гора, бо ваўкі, па сваёй воўчай звычцы, ніколі не гаварылі Маўглі, што ненавідзяць яго.
— Слухайце, вы! — крыкнуў ён. — Увесь гэты сабачы брэх непатрэбны. Вы столькі разоў гаварылі мне сёння, што я чалавек (а з вамі я на ўсё жыццё застаўся б ваўком), што я і сам адчуў праўду вашых слоў. Я стану называць вас не братамі, а сабакамі, як і належыць чалавеку. Не вам гаварыць, чаго вы хочаце і чаго вы не хочаце, — гэта мой клопат! А каб вам лепей было відаць, я, чалавек, прынёс сюды Чырвоную Кветку, якой вы, сабакі, баіцеся.
Ён шпурнуў на зямлю гаршчок, гарачыя вугалі падпалілі сухі мох, і ён загарэўся яркім полымем. Уся Рада адскочыла назад перад языкамі полымя. Маўглі сунуў у агонь сухі сук, так што дробныя галінкі ўспыхнулі і затрашчалі, потым закруціў ім над галавой, разганяючы натапыраных ад страху ваўкоў.
— Ты — гаспадар становішча, — сказала Багіра шэптам. — Выратуй Акелу ад смерці. Ён заўсёды быў табе сябрам.
Акела, пануры стары воўк, які ніколі ў жыцці не прасіў літасці, цяпер з мальбою зірнуў на Маўглі, а той стаяў у святле ад палаючай галіны, увесь голы, з растрапанымі на плячах доўгімі чорнымі валасамі, і цені скакалі і мітусіліся вакол яго.
— Так! — сказаў Маўглі, павольна азіраючыся навокал. — Бачу, што вы сабакі. Я іду ад вас да свайго народа — калі гэта мой народ. Джунглі цяпер не для мяне, я павінен забыць вашу мову і вашу дружбу, але я ўсё ж буду больш літасцівы, чым вы. Я быў вашым братам ва ўсім, апрача крыві, і таму абяцаю вам, што, калі стану чалавекам сярод людзей, я не здраджу вам перад людзьмі, як вы здрадзілі мне.
Ён піхнуў вогнішча нагой, і ўгору паляцелі іскры.
— Паміж намі, ваўкамі адной Чарады, не будзе вайны. Аднак, перш чым пайсці, трэба заплаціць доўг, — дадаў ён.
Маўглі падышоў бліжэй да таго месца, дзе сядзеў Шэр-Хан, няўцямна міргаючы на агонь, і схапіў яго за кутасік на падбародку. Багіра падалася за ім на ўсякі выпадак.
— Устань, сабака! — крыкнуў Маўглі. — Устань, калі гаворыць чалавек, а то я падсмалю табе шкуру!
Шэр-Хан прыціснуў вушы да галавы і заплюшчыў вочы, бо палаючы сук быў вельмі блізка.
— Гэты забойца жывёлы гаварыў, што заб'е мяне на Радзе, бо не паспеў забіць мяне ў маленстве… Вось так і вось так мы б'ём сабаку, калі становімся людзьмі. Варухні толькі вусам, Кульгавы, і я заганю табе ў горла Чырвоную Кветку.
Ён біў Шэр-Хана па галаве палаючай галінай, і тыгр скуголіў і стагнаў ад смяртэльнага страху.
— Фэ! Цяпер ідзі прэч, смаленая кошка! Але памятай: калі я наступны раз прыйду на Скалу Рады, я прыйду са шкурай Шэр-Хана на галаве… Цяпер вось што, Акела вольны жыць, дзе яму хочацца. Вы яго не заб'яце, бо я гэтага не хачу. Не думаю таксама, што вы доўга яшчэ будзеце сядзець тут, высалапіўшы языкі, нібы важныя асобы, а не сабакі, якіх я ганю прэч, вось так! Вон, вон!
Канец сука раз'юшана палаў. Маўглі раздаваў удары направа і налева па крузе, а ваўкі разбягаліся з выццём, несучы на сваёй шкуры гарачыя іскры. Пад канец на скале засталіся толькі Акела, Багіра і, можа, дзесятак ваўкоў, што перайшлі на бок Маўглі. І тут штосьці пачало пячы Маўглі знутры, як ніколі ў жыцці не пякло. У яго заняло дух, ён заплакаў, і слёзы пацяклі па яго шчоках.
— Што гэта такое? Што гэта? — гаварыў ён. — Я не хачу ісці з джунгляў, і я не ведаю, што са мной робіцца. Я паміраю, Багіра?
— Не, Маленькі Брат, гэта толькі слёзы, якія бываюць у людзей, — адказала Багіра. — Цяпер я ведаю, што ты чалавек і ўжо не дзіцяня больш… З гэтага часу джунглі не для цябе… Няхай цякуць, Маўглі. Гэта толькі слёзы, усяго толькі слёзы.