Выбрать главу

І Маўглі сядзеў і плакаў так, быццам сэрца яго разрывалася, бо ён плакаў упершыню ў жыцці.

— Цяпер, — сказаў ён, — я пайду да людзей. Але спачатку я павінен развітацца з маёй маці.

І ён пайшоў да пячоры, дзе Маці Ваўчыха жыла з Бацькам Ваўком, і плакаў, уткнуўшыся ў яе шкуру, а чацвёра ваўчанят жаласна вылі.

— Вы не забудзеце мяне? — спытаў Маўглі.

— Ніколі, пакуль можам ісці па следзе! — сказалі ваўчаняты. — Прыходзь да падножжа ўзгорка, як станеш чалавекам, і мы будзем гаварыць з табой або прыйдзем на палеткі і будзем гуляць з табою ўночы.

— Прыходзь хутчэй! — сказаў Бацька Воўк. — О Мудрае Жабянятка, прыходзь хутчэй, бо мы з тваёй маці ўжо старыя.

— Прыходзь хутчэй, мой голы сынок, — сказала Маці Ваўчыха, — бо ведай, дзіця чалавека, я люблю цябе больш, чым сваіх ваўчанят.

— Прыйду абавязкова, — сказаў Маўглі. — Прыйду для таго, каб пакласці шкуру Шэр-Хана на Скалу Рады. Не забывайце мяне! Скажыце ўсім у джунглях, каб не забывалі мяне!

Пачынала днець, калі Маўглі спусціўся з узгорка ў даліну, насустрач тым таямнічым істотам, якія завуцца людзьмі.

Паляванне Каа

Усё, пра што тут расказана, адбылося задоўга да таго, як Маўглі быў прагнаны з Сіянійскай Чарады і адпомсціў за сябе тыгру Шэр-Хану. Гэта здарылася ў той час, калі мядзведзь Балу навучаў яго Закону Джунгляў. Вялікі і важны буры мядзведзь радаваўся здольнасцям вучня, бо ваўчаняты звычайна вывучаюць з Закону Джунгляў толькі тое, што патрэбна іх Чарадзе і племені, і ўцякаюць ад настаўніка пасля таго, як запомняць паляўнічы верш: «Ногі ступаюць без шуму, вочы бачаць у цемры, вушы чуюць, як варушыцца вецер у сваім берлагу, зубы вострыя і белыя — вось прыкметы нашых братоў, апрача шакала Табакі і гіены, якіх мы ненавідзім». Але Маўглі, як дзіцяняці чалавека, трэба было ведаць куды больш.

Іншы раз чорная пантэра Багіра, гуляючы па джунглях, заходзіла паглядзець, якія поспехі ў яе любімца. Муркаючы, яна ўкладвалася на адпачынак пад дрэвам і слухала, як Маўглі адказвае мядзведзю свой урок. Хлопчык лазіў па дрэвах гэтак жа добра, як плаваў, а плаваў гэтак жа добра, як бегаў, і Балу, настаўнік Закону, навучаў яго ўсім законам лесу і вады: як адрозніць гнілы сук ад моцнага; як ветліва загаварыць з дзікімі пчоламі, калі сустрэнеш рой на дрэве; што сказаць кажану Мангу, калі патрывожыш яго сон апоўдні сярод галін; і як супакоіць вадзяных змеяў, перш чым акунуцца ў затоку. Народ Джунгляў не любіць, каб яго непакоілі, і кожны гатовы кінуцца на няпрошанага госця. Маўглі вывучыў і Паляўнічы Покліч Чужынца, які трэба паўтараць шмат разоў, пакуль на яго не адкажуць, калі палюеш у чужых мясцінах. Гэты покліч у перакладзе азначае: «Дазвольце мне папаляваць тут, бо я галодны», і на яго адказваюць: «Палюй дзеля пражытку, але не дзеля пацехі».

З гэтага відаць, колькі Маўглі даводзілася вывучваць на памяць, і ён вельмі стамляўся паўтараць па сто разоў адно і тое ж. Але Балу правільна сказаў аднойчы Багіры, пасля таго як Маўглі, атрымаўшы плескача, раззлаваўся і ўцёк:

— Дзіцяня чалавека ёсць дзіцяня чалавека, і яму трэба ведаць усе Законы Джунгляў.

— Але падумай, які ён маленькі, — запярэчыла Багіра, якая распесціла б Маўглі, калі б даць ёй волю. — Хіба можа такая маленькая галоўка змясціць усе твае павучанні?

— А хіба ў джунглях дастаткова быць маленькім, каб цябе не забілі? Не! Таму я і вучу яго ўсім законам; таму і б'ю яго, зусім злёгку, калі ён забывае ўрок.

— «Злёгку»! Што ты разумееш у гэтым, Жалезная Лапа? — прабурчала Багіра. — Сёння ў яго ўвесь твар у сіняках ад твайго «злёгку»! Ух!

— Лепей яму быць у сіняках з ног да галавы, чым загінуць ад свайго невуцтва, — вельмі сур'ёзна адказаў ёй Балу. — Я цяпер вучу яго Запаветным Словам Джунгляў, якія будуць для яго абаронай супраць птушак і змей і супраць усіх, хто бегае на чатырох лапах, апрача яго роднай Чарады. Калі ён запомніць гэтыя словы, ён зможа папрасіць абароны ў любога ў джунглях. Хіба за гэта не варта атрымаць кухталёў?

— Добра, толькі глядзі не забі дзіцяня. Яно не лясны пень, каб ты вастрыў аб яго свае тупыя кіпцюры. А якія ж гэта Запаветныя Словы? Я лепей памагу сама, чым буду прасіць дапамогі, але мне ўсё ж хацелася б ведаць. — І Багіра выставіла лапу, залюбавалася сваімі кіпцюрамі, сінімі, як сталь, і вострымі, як разцы.

— Я паклічу Маўглі, і ён скажа табе… калі захоча. Хадзі сюды, Маленькі Брат!

— Галава ў мяне гудзе, як пчалінае дупло, — пачуўся незадаволены дзіцячы голас над іх галовамі, і Маўглі саслізнуў з дрэва і дадаў сярдзіта і абурана: — Я прыйшоў дзеля Багіры, а не дзеля цябе, тлусты стары Балу!