Ветрана, ветрана...
Колькі вятроў намі зведана!
Тых, што сустракалі лагодна,
і тых, што штурхалі ў спіну,
Што білі ў грудзі шалёна...
Ветрана, ветрана!
Тых, што на ніву вялі,
і тых, што вялі на вайну.
Эксперыментатарам тады — ды, здаецца, і заўсёды! — быў Алесь Наўроўцкі. І яшчэ калі вучыўся ў медінстытуце, і пасля, калі працаваў урачом участковай бальніцы ў вёсцы Аравічы Хойніцкага раёна, а затым і доктарам «Хуткай дапамогі» ў Мінску.
Ягоная паэзія адрознівалася нечаканасцю думкі, смеласцю параўнанняў, нетрафарэтнасцю вобразаў, незвычайнасцю тэм, якія, здаецца, стаялі недзе наўзбоч жыцця і толькі чакалі яго, Алеся Наўроцкага.
* * *
Чым ты будзеш, дрэва?
Крылом ветрака?
Ці крылом бамбавоза,
Што ўрэжацца ў крыло ветрака?..
Прысвечана Барысу Сачанку.
* * *
Усю ноч — аж давідна —
сон мяне не абдыме:
будзе стукаць мне ў раму акна
тваё імя...
* * *
Я — зерне. Ляжаць на камні змушана.
Замярзаю, сонцам аглушанае.
А навокал калоссем звоніць поле.
Не ўсім аднакая выпала доля.
Жах! Рэальна адчуваеш трагедыю зерня, якое не ўзышло!
* * *
Абледзяніў мароз заснежаныя кусты,
вылятае з рота белаю ватай.
Нічога не трэба мне — толькі ты
І кажух з каўняром паднятым.
* * *
Загадчыца склада
Зіна,
пагаварыць я нават баяўся з табою.
З табою — абсыпанай мякінай
І прыцярушанай
жытнёвай мукою.
* * *
Я сяджу пад хвояй і слухаю цішу,
і знікае кудысьці будзённы тлум.
Сэрца ў гняздзечку сваім калышацца
Пад глухі і смалісты шум.
Думкі па шышцы — па чорнай кропцы, —
як мурашкі рудыя, снуюць.
Тут, у лесе, мяне не абсвішчуць хлопцы
і дзяўчаты не абсмяюць.
Усе гэтыя цытаты ўзяты з адной тоненькай-тоненькай кніжкі «Гарачы снег» Алеся Наўроцкага.
На паэта накідваліся незычліўцы: «Не так піша!», «Не пра тое піша!» — абураліся зайздроснікі.
Мы з Барысам Сачанкам сябравалі з Алесем. Мне падабаўся ягоны своеасаблівы погляд на ўсё на свеце, яго настойлівая зацікаўленасць менавіта нечаканасцямі жыцця, а Барыс быў перакананы, што пры ўсіх накірунках развіцця нашай паэзіі Алесь усё роўна застанецца ў ёй.
Быў час, калі Алесю Наўроцкаму было вельмі цяжка — яму пагражала псіхбальніца. Мы з Барысам наіўна прыкладалі шмат намаганняў, каб гэтага не здарылася...
Але ж гэта і не здарылася!
Свой «Гарачы снег» Алесь Піліпавіч падпісаў амаль расчулена:
«Сіпакову І. Д. Іване, голубе, радуюся, што ёсць сябры, якія разумеюць мяне, і сярод іх ты. А. Наўроцкі. 14/11.1969 г.»
Васіль Зуёнак выдаў першую кнігу «Крэсіва» — ах, якая цудоўная назва: адразу бачыш спосаб дабывання паэзіі! — намнога пазней за нас усіх, а таму яна, зразумела, была ўжо мацнейшай за нашыя: ён меў час адабраць, перабраць, адсеяць усё, што не падабаецца.
Нават крытыкі, якія адгукнуліся на зборнік, адзначылі, што ўсё добра, калі малады паэт не спяшаецца з першым выданнем.
Ідуць дажджы.
А травы жухнуць.
Грыбы хаваюцца ў зямлю.
Ідуць дажджы злавесна, глуха
Рунь заганяюць у раллю.
Ідуць дажджы. А птушкі млеюць!
І нема падаюць на дол.
Ідуць дажджы...
І ліст лілеі
Над смерцю рыб — хаўтурны стол.
Ідуць...
І стронцыю удары
Цвікі ў дамоўкі б’юць і б’юць...
А ў небе хмары,
хмары,
хмары...
Ідуць дажджы...
Дажджы ідуць...
Дакладнасць, гранічная яснасць паэтычнага мыслення, строгасць рытму, рыфмы, радка, страфы.
Адным словам — класіка!
Сталы паэт ужо мысліў грунтоўна і самастойна.
І туманяцца небасхілы
Над маім паўзабытым маем.
Толькі чую, як шэпчуцца крылы,
Толькі знаю: вясна бывае.
Разам са сваім другім зборнікам паэзіі Васіль Зуёнак падараваў мне і чатырохрадкоўе:
Шумнуў легендамі вякоў
Іван Данілавіч Сіпакоў.
Цяпер і ў нас парадак:
асвоена балада.
Недзе між падараваных кніг — не знайшоў адразу дзе! — уразіла мяне, памятаю, адна вельмі цікавая праўка. Ва ўжо надрукаваным тэксце «забітыя вокны хат» Васіль памяняў «вокны» на «вочы» і атрымаўся цуд: «Забітыя вочы хат»! Праўка, вартая прысуджэння Нобелеўскай прэміі!