Выбрать главу

Караценька, зусім мала...

Канечне, чуў. І ў нас жа такую «Масленіцу» пяюць. Аднак больш імкліва, сабрана. Ды і не «масленіца» ў нас, а «масленка»...

Масленка, масленка-каўзуха,

А чаму ты масленка не да духа.

Адна нядзелька, і тая караценька.

Масленка, масленка...

І вось гэтую песню я зноў жа ведаю:

Зрабіў пяхцер хлопцам печ,

Хлопцам печ, хлопцам печ.

А сам пайшоў па ваду.

Разбіў нагу на ляду,

На ляду, на ляду...

І ў нас жа таксама спяваюць: «Ажаніўся пяхцер — торбу ўзяў». Усе ў нас ведаюць: «пяхцер» — гэта мяшок. «Ажаніўся мяшок — торбу ўзяў». Здорава!

Пачакай, дык а дзе ж іх, песні гэтыя, запісалі гілевічаўскія студэнткі?

Адкрываю змест — паказальнік да «Песняў народных свят і абрадаў». Ага, во яна: «Масленіца-каўзуха». Старонка 56. Чытаю: «Запісала Шчарбакова Л. ад Сіпаковай А. (80 год), в. Зубрэвічы Аршанскага раёна».

Авохці мне! Мая шаноўная стрыечная пляменніца Люда Шчарбакова, якая тады вучылася ва ўніверсітэце, і «Масленіцу-каўзуху», і «Зрабіў пяхцер хлоп­цам печ» запісала ў Зубрэвічах ад мае роднай цётачкі Алесі, ад Аляксандры Іванаўны Сіпаковай, якой на той час было ўжо 80 гадоў!

Сваю апошнюю па часе кніжачку паэзіі «Сказ пра залатое пёрка» Ніл Гілевіч даслаў мне са шчырым аўтографам:

«Міламу сябру Янку Сіпакову — з павагай і любоўю. 30.XI.05 г.»

Ёсць у маёй бібліятэцы яшчэ адзін сказ, адна кніга Ніла Гілевіча. Але яна, на вялікі жаль, без аўтогрфа.

Я кажу пра «Сказ пра Лысую гару» Францішка Ведзьмака-Лысагорскага.

«Вожык», калі галоўным рэдактарам быў Валянцін Болтач, выдаваў гэтую паэму двойчы: — у 1988 годзе і праз тры гады — у 1991 годзе, у поўным варыянце.

Апошняе выданне — грунтоўнае. У ім ужо ўлічаны ўсе заўвагі і пажаданні самога ананімнага аўтара, які не вытрымаў і адгукнуўся на першае выданне ананімным лістом да рэдактара.

У абодвух выданнях быў ультыматум: «Калі 5 чысла наступнага месяца не з’явішся з пашпартам і чарнавіком паэмы па ганарар, то 6 чысла пералічым яго ў Фонд культуры, якім кіруе тав. Чыгрынаў І. Г. Вожык».

Па ганарар Вядзьмак не прыйшоў. Трыццацітысячны тыраж першага выдання разышоўся за адзін дзень. Не заляжаўся на паліцах і другі, стотысяч­ны, тыраж.

«Вожык» устанаўлівае штогадовую прэмію імя Ф. Ведзьмака-Лысагорскага. Прысуджаюць мне — я станаўлюся першым лаўрэатам гэтай прэміі.

Усе шукаюць аўтара! А ён, Вядзьмак, даўно, — уга калі! — усміхнуўся ў сваім сказе:

А хто пісаў паэму гэту

І дзе тварыў ён і калі —

Навечна канула у Лету —

І толькі бурбалкі пайшлі.

Адкрыцця гэтага не зробіць —

Хоць зад натрэ да мазалёў —

Ні крот Сцяпан Александровіч,

Ні кротус Генус Кісялёў!

Я ж ведаў аўтара лысагорскай паэмы! Прааналізаваўшы ўсе гумарыстычныя зборнікі паэта, усё тое, што друкавалася ім у «Вожыку», я зразумеў: гэта ён, Ніл Гілевіч.

Не ведаў, ці ўсю паэму напісаў ён адзін, але ж у тым, што без яго ўдзелу не абышлося, я быў перакананы.

Да таго ж быў у мяне ў запасе і адзін даволі-такі сур’ёзны штрышок, які пацвярджаў аўтарства Гілевіча.

Тое лета мы з Гілевічам сем’ямі адпачывалі разам у Кактэбелі. Нярэдка на пляж Ніл Сямёнавіч прыходзіў з жонкаю, Нінай Іванаўнай, у нейкім вельмі пераўзбуджаным стане — іх, як кажуць, аж распірала ад смеху. Яны паўтаралі: «Як гаварыў Тапчэўскі Фэлька: «Саўсім не тое, што было» і, нешта ведаючы, шчыра смяяліся.

«Як гаварыў Тапчэўскі Фэлька»... Дык гэта ж яўная цытата з «Лысай гары»!

Калі Ніл Сямёнавіч, урэшце, прызнаўся, што ён Францішак ВядзьмакЛысагорскі, я зразумеў, што тое лета яны з Нінай Іванаўнай у Кактэбелі апантана працавалі над «Лысай гарою» — ці то пісалі, ці то рэдагавалі паэму — і падумаў, што і яна, Ніна Гілевіч, весялуха і жартаўніца, нейкім чынам удзельнічала ў стварэнні гэтага вясёлага твора...

Ніна Гілевіч, выдатны педагог і мовавед, доўгі час выкладала ў Белдзяржуніверсітэце. Пасля яе засталася багатая спадчына: незавершаныя слоўнікі, пачатыя кнігі з узорамі жывой народнай мовы.

Усё гэтае давёў да ладу і выдаў Ніл Сямёнавіч: і «Дыялектны слоўнік», і кнігу «Слова — роднае, жывое, свабоднае. Узоры жывой народнай мовы ў вуснах беларускай вёскі 1960—70-х гадоў». Напісаў аповесць для дзяцей «Разумная дзевачка» — пра дзяцінства сваёй жонкі.

Атрымалася велічальная песня мове народа.

А як ён мысліць і гаворыць, сам народ!

«Вераб’і ў галаве нясуцца», «Ядуць — аж за вушамі хрумсціць», «На свой хвост набрахаць», «Наліта гора ў мяне, як вока», «Абы зубы, хлеб будзе», «Каб ты ў вадзе стаяла і піць прасіла», «Во косіць: трава стаіць, зямля ляціць»...