А які цудоўны ў нас, беларусаў, праклён-пажаданне ёсць!
«Каб цябе Бог любіў!»
А як называюцца вёскі, у якіх запісаны гэты цуд: Бірулі, Вавукі, Відэйкаўшчына, Залацеева, Коцькі, Ладаена, Перацяткі, Удзела, Язавінь!
Усе гэтыя скарбы пераслаў мне Ніл Сямёнавіч з добрымі дарагімі надпісамі — Ніна Іванаўна была мая зямлячка, віцебская, і я вельмі паважаў яе.
Ніл Гілевіч выдатны паэт і сумленны навуковец.
Алег Лойка таксама паэт і навуковец. Арнольд Макмілін, вядомейшы даследчык беларускай літаратуры ў Вялікабрытаніі, прафесар Лонданскага ўніверсітэта, у сваёй манаграфіі «Беларуская літаратура ў 50—60-я гады XX стагоддзя», якая выйшла ў Лондане, нават вылучае спецыяльны падраздзел «Тры паэты філолагі», у якім гаворыць пра Н. Гілевіча, М. Арочку і А. Лойку.
Ага, Алег Антонавіч Лойка — і паэт, і навуковец.
Здаецца, я ніколі не бачыў яго злым, насупленым, незадаволеным. Ён запомніўся толькі з усмешкаю, толькі з зычлівасцю, толькі з дабратою — заўсёды і, здаецца, да ўсіх.
Праўда, трохі змагаўся з намі, эксперыментатарамі, — у сваім артыкуле пра моду ў маладой паэзіі, які ён надрукаваў у «Маладосці», Алег Антонавіч тое, што мы спрабавалі рабіць, назваў спробаю адзявання штаноў праз галаву...
Пра мяне Алег Лойка пісаў:
«Лірык з вялікім запасам творчых мажлівасцей, Сіпакоў, напэўна, і надалей будзе займаць значнае месца ў творчых спрэчках, што чакаюць нашу паэзію».
Мы з ім сябравалі. І сяброўства гэтае было нейкае незвычайнае — недзе на ўзроўні душы. Прэзентуючы мне свае кнігі, Алег Антонавіч заўсёды падпісваўся: «Твой Алег», «Шчыра твой», «Заўсёды твой Алег».
На VI з’ездзе пісьменнікаў Беларусі Лойка падараваў мне сваю кнігу «Калі ў дарозе ты» з вельмі шчымлівым аўтографам:
«Дарагому Янку Сіпакову — твае светлыя вострыя вочы, як умеюць яны глядзець, бачыць, разумець, помніць! Чытаю цябе і заўсёды радуюся, што і я ў тыя хвілі гляджу на свет тваімі вачыма. Шчыра твой Алег Лойка. VI з’езд. 26.04.71.»
На кнізе паэзіі «Пачуцці» надпіс Алега Антонавіча быў не менш кранальны:
«Дарагому Янку Сіпакову з захапленнем яго людскасцю, талентам, працавітасцю. Не ведай жа знямогі, браце! Так таруй і далей! Заўсёды твой Алег. 18 мая 76 г.»
Прабач, шаноўны мой чытач. Выходзіць, зноў выхваляюся. Але прыводжу я гэтыя, дарагія мне, аўтографы не таму, каб пахваліцца — вось які я! Нібыта ў тым дзіцячым вершыку:
Выскачыў з крапівы я —
Рукі ў бокі:
Паглядзіце на мяне,
Які я высокі!
А толькі таму, каб паказаць, які шчодры чалавек быў ён, Алег Антонавіч Лойка.
У Францыі ёсць выдатны пісьменнік Андрэ Маруа. Ён — непераўзыдзены Майстар літаратурных біяграфій. Яго кнігі пра Бальзака, Гюго, Жорж Санд я прачытаў з неаслабнай цікавасцю — такія выданні, на мой погляд, упрыгожваюць кожную бібліятэку. І кожную літаратуру — таксама.
У Беларусі твораў такога жанру да Лойкі не было. Ён, можна сказаць, адкрывальнік у беларускай літаратуры жыццяпісаў.
Першаю такою кнігаю ў нас была мастацкая біяграфія Янкі Купалы «Як агонь, як вада», якую напісаў Алег Лойка. Затым з’явілася і другая «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае». Пра нашага — і на ўвесь свет вядомага! — першадрукара.
І ўжо ў апошнія гады жыцця Алег Антонавіч, цяжкахворы, знайшоў у сабе сілы, каб напісаць і трэці такі жыццяпіс — пра Уладзіміра Караткевіча.
Біяграфіі «Францыск Скарына» і «Янка Купала» выйшлі ў Маскве ў папулярнай за савецкім часам серыі «ЖЗЛ».
Абедзве гэтыя кнігі Алег Антонавіч падараваў мне. Абедзве — з аўтографамі.
На кнізе «Янка Купала»:
«Дарагому Янку Сіпакову, які так хораша раскрывае людзям і свету, што ўсе мы — з хат, з хат купалаўскіх, з Купалы. З любоўю, заўсёды твой — Алег».
У навуковых колах Алег Лойка быў вядомы як грунтоўны навуковец. Ягоны падручнік «Гісторыя беларускай літаратуры ў 2-х частках», які выйшаў пад рэдакцыяй Ю. С. Пшыркова, быў дапушчаны Міністэрствам вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР як вучэбны дапаможнік для студэнтаў філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў БССР.
І тут Алег Антонавіч быў шчодры ў аўтографах — ён падараваў мне гэты двухтомнік са шчодрым прызнаннем:
«Дарагому Янку Сіпакову, захапляючыся ўсімі тваімі талентамі, а перш за ўсё светласцю тваёй душы. Твой Алег. Снежань, 78»
Алег Лойка доўгі час выкладаў на філфаку БДУ, затым узначальваў там жа кафедру беларускай літаратуры.
Ён — таксама доўгі час — кіраваў літаратурным аб’яднаннем пры Белдзяржуніверсітэце, і праз яго душу і сэрца прайшлі шматлікія пачаткоўцы розных гадоў — вядомыя потым і ў паэзіі, і ў прозе імёны. Ён збіраў, рэдагаваў і выдаваў шматлікія ўніверсітэцкія зборнікі і альманахі студэнтаў. Гэта і «Узлёт» ды «Натхненне», і «Мары юнацкія», кніга, якая выйшла ў выдавецтве «Народная асвета» ў «Школьнай бібліятэцы», і грунтоўнае выданне «Універсітэт паэтычны», дзе сабрана паэзія ўсіх, хто ў розны час вучыўся ва ўніверсітэце, і дзе можна пачытаць вершы Кузьмы Чорнага, Адама Бабарэкі, Пятра Бузука і іншых універсітэтцаў.