Пры ім, Алегу Антонавічу Лойку, беларуская літаратура ва ўніверсітэце гучала, як кажуць, у повен рост: студэнты горача абмяркоўвалі на занятках новыя творы беларускіх пісьменнікаў, пісалі курсавыя і дыпломныя працы па творчасці беларускіх паэтаў і празаікаў.
Тады, ва ўніверсітэце, гучала і маё «Веча славянскіх балад». Па ім, як мне казаў сам Лойка, студэнты з ахвотаю таксама пісалі і курсавыя, і дыпломныя працы.
На «выдатна» абараніў сваю дыпломную па «Вечы славянскіх балад» выпускнік БДУ Мікола Мятліцкі.
Вось як пра гэта ў адным са сваіх артыкулаў расказвае Алесь Пісьмянкоў:
«У студэнцкія гады мы з Уладзімірам Маруком зайздросцілі Міколу Мятліцкаму. Зайздросцілі, як кажуць, светла, па-сяброўску: Мікола быў на пару курсаў старэйшы за нас і тэмай сваёй дыпломнай работы выбраў кнігу Янкі Сіпакова «Веча славянскіх балад». Мікола, як і належыць выпускніку і маладому мэтру, хадзіў важны і пры сустрэчах з намі пра творчасць Сіпакова разважаў, як ён тады любіў гаварыць, глыбока і маштабна. Трэба сказаць, што на той час, у сярэдзіне 70-х, «Веча славянскіх балад» было ў нашым філалагічным асяроддзі адной з самых любімых і папулярных кніг. Па ёй ахвотна пісалі курсавыя і дыпломныя работы, рыхтавалі навуковыя рэфераты на семінарах па паэзіі, якія цікава і натхнёна вёў няўрымслівы Алег Лойка, з уласцівай яму высокай энергіяй думкі, і, натуральна, у нашых амаль штодзённых дыскусіях у вузкім сяброўскім коле да «Веча.» мы звярталіся даволі часта».
Пра гэта згадаў і сам Мікола Мятліцкі, падпісваючы мне сваю кнігу жыцця «Бабчын»:
«Дарагому Івану Данілавічу — з удзячнасцю за дружбу і цудоўную творчасць, на якой я вучыўся ў студэнцтве нялёгкай долі паэта. Мікола Мятліцкі.
17 лютага 97 г.»
Ёсць трагедыі сусветнага маштабу і ёсць трагедыі вельмі асабістыя. А часам яны і аб’ядноўваюцца, пераплятаюцца.
Падумаеш, Мікола Мятліцкі, разам з тысячамі чарнобыльцаў, страціў сваю родную хату, сваю родную вёску... Сваю родную раку, сваю родную зямлю, свой родны лес. Што гэта значыць у сусветным маштабе?..
Але ж Мікола Мятліцкі — паэт.
Але ж для беларуса хата — гэта калыска. Ён у ёй нараджаецца і ў ёй памірае.
Але ж вёска Бабчын знікла не сама сабою, а яе многія хаты пахавалі ў брацкай магіле. Спецыяльная пахавальная каманда, якая працавала на Палессі пасля Чарнобыля, ссунула бульдозерамі ў ямкі жывыя хаты — з вокнамі, у якія ты глядзеў, з дзвярамі, у якія заходзіў...
Скажыце, дзе на свеце ёсць яшчэ пахавальныя брыгады, якія закопвалі ў глыбокія брацкія магілы жывыя хаты, жывыя вёскі?..
А на Палессі такім чынам зніклі сотні вёсак. Сярод іх і вёска Бабчын.
Смуткуе паэт.
Пра гэта кніга Міколы Мятліцкага «Бабчын».
* * *
Не дайсці па жаўталісці,
Стронцый ногі апячэ.
Тут жыццё было калісьці,
Памяць цепліцца яшчэ.
Ля хацін было не пуста —
Патаналі ў збажыне,
На градзе расла капуста,
У якой знайшлі мяне.
* * *
Устаў асот, пралез паміж масніц,
Адзін жыхар — суровы і калючы.
Яго вітаюць позірк мой балючы
І неба у абложжы навальніц.
І ластаўка, ўляцеўшы у акно,
Яму прыветна ціўкне.
І ў закутку
Пісклявы хор развее цяжар смутку —
Пяцёра жаўтароцікаў відно.
А сваю папярэднюю кніжку «Ружа вятроў» Мікола Мятліцкі падпісаў мне так:
«Івану Данілавічу Сіпакову — Паэту і Чалавеку, святлом чыёй душы азораны мой першы творчы крок — з удзячнасцю. 11.11.1987 г.»
Курсавую працу па «Вечы славянскіх балад» пісаў і студэнт Валодзя Марук.
Я любіў гэтага маўклівага, негаваркога спакойнага хлопца, на першы погляд, строгага і непрыступнага, а на самай справе — вельмі гуллівага і добразычлівага.
Валодзя прынёс мне сваю першую паэтычную кніжку «Зоркі ў кронах»
з вельмі кароткім надпісам: «Івану Данілавічу — з удзячнасцю і павагай. Ул. Марук. 28.IV.83»
І папрасіў мяне даць яму рэкамендацыю для прыёму ў Саюз пісьменнікаў.
Паэзію Валодзі я ведаў. Мне нават вельмі падабалася адна яго наіўнаватахітраватая мініяцюра: