Выбрать главу

Вось і сонейка запала

У пажухлую траву.

Птушка юркая схавала

У гняздзечка галаву.

Цемры вусце. Сліў аскома.

І нічога акрамя...

Толькі нехта кліча: Тома!

А яе нідзе няма.

Але я на той час быў старшынёй Камісіі па рабоце з маладымі пісьменнікамі — Броўка, калі мяне абралі членам прэзыдыума Саюза пісьменнікаў, прапанаваў мне такую нагрузку. І па інструкцыі не меў права даваць рэкамендацыі на прыём у СП. А тут прыходзіць Валодзя і просіць у мяне якраз рэкамендацыю. І я, нічога не тлумачачы, напісаў яе.

5

Штогадовыя семінары маладых літаратараў у Каралішчавічах. Куды толькі не запрашалі старшыню па рабоце з маладымі пісьменнікамі! Я выступаў са справаздачамі і ў Мінгарвыканкаме, і нават у Вярхоўным Савеце БССР — бачыце, і Вярхоўны Савет цікавіўся, як Саюз пісьменнікаў працуе з маладымі талентамі. Ды і ў самім саюзе, як толькі што якое, як складаюць планы працы прэзідыума, так абавязкова нехта ўспомніць: «А давайце мы паслухаем камісію па рабоце з маладымі».

Як бы яно ні было, але я ганаруся, што праз камісію, праз Каралішчавічы, праз нашы штогадовыя семінары прайшлі ўсе — я паўтаруся: усе! — маладыя пісьменнікі, якія неўзабаве стануць гонарам беларускай літаратуры: Яўгенія Янішчыц і Раіса Баравікова, Генрых Далідовіч і Леанід Дайнека, Валянціна Коўтун і Вольга Іпатава, Алесь Разанаў і Віктар Ярац, Уладзіслаў Рубанаў і Віктар Гардзей, Алесь Пісьмянкоў і Леанід Дранько-Майсюк...

«Снежань 1981 года. Дом творчасці «Каралішчавічы»... — Той час успамінае Віктар Шніп, віншуючы ў 2010 годзе Леаніда Г алубовіча з шасцідзесяцігоддзем. — За вокнамі цёмна, марозна, завейна. У светлай ад паэзіі зале гучыць:

Шукаю чытача,

Хаўрусніка душы,

Які б з майго пляча

Цяжар пералажыў

І на сваё плячо...

Лягчэй дайшлі б да мэты.

Так мала чытачоў,

І тыя ўсе — паэты.

І ўсё ж жыве, аднак,

Надзея, і здаецца,

На слова хоць адна

Душа ды адзавецца.

Гэта Леанід Галубовіч чытае свае вершы. І яго слухаем мы, мала­дыя — А. Сыс, А. Мінкін, У. Арлоў, В. Сахарчук, А. Шушко, С. Вераціла,

А. Наварыч, У. Мазго, У. Ягоўдзік, Л. Паўлікава, А. Канапелька, А. Жыгуноў, У. Саламаха, М. Мятліцкі, В. Спрынчан... У Лёні ад хвалявання дрыжаць рукі і здаецца, што ён не трымае аркушы з вершамі, а сам трымаецца за іх».

Каралішчавічы! Штогадовы семінар! Штогадовае свята маладой беларускай паэзіі! Сустрэчы, размовы, знаёмствы. А ў некаторых гэтыя знаёмствы заканчваюцца нават вяселлямі. Як, да прыкладу, у маладых крытыкаў Тамары Чабан і Яўгена Г арадніцкага.

Семінар скончыўся, аднак ён нібіта яшчэ і прадаўжаецца. «У мяне з сённяшняга дня пачаліся вясковыя працоўныя будні. А душа яшчэ там, у Каралішчавічах!» — піша Шніпу Лёня Галубовіч, электрык з вёскі Вароніна. «Здаецца, яшчэ колькі дзён таму маглі пра многае гаварыць, аб многім спрачацца... А сёння ўсё гэта памяць. Я як нанова нарадзіўся. Такі быў дзіўны, цікавы народ!» — прызнаецца ён у іншым лісце да Шніпа.

Прыемна гэта чытаць і мне, тагачаснаму старшыні камісіі па рабоце з маладымі. Бо радасць маладых была, зразумела ж, і маёю шчыраю радасцю.

А спіс удзельнікаў таго семінара, пра які расказвае Шніп, таксама ўнушальны — ніводзін малады не згубіўся ў нашай роднай беларускай літаратуры. Усе сталі асобамі.

Вось перада мною першыя кнігі ўдзельнікаў таго семінару.

Анатоля Сыса некаторыя сур’ёзныя крытыкі ўжо называюць класікам. У яго і напраўду было нешта такое, што ўздымае паэта над роўнымі яму.

Вось яго першая кніга. «Пан лес». «Маналог Апанаса Філіповіча». Святога з сабору беларускіх святых.

У гэтай краіне не маю я песні,

якая б народнай была і маёй,

якую б сябрына запела ў Бярэсці,

а рэха ўзышло за Дняпром, за Дзвіной...

У гэтай краіне не маю я дому,

вось воблака — сяду і ў свет палячу

над гэтай гаморай, над гэтым садомам,

ні грошай, ні славы — я волі хачу...

Не, так пачаткоўцы не пішуць. А калі і пішуць — то рэдкія. Адзінкі.

Без мяне будуць жаць

і губляць з пераспелых калоссяў

залатыя зярняты на Белую нашу зямлю,

птушкі іх падбяруць

як падзяку за жніўныя песні,

хто ў крыле, а хто ў дзюбе

у гнёзды свае панясуць.

Без мяне прарастуць

у зямлі жаўруковыя гнёзды,

і, шануючы звычай,

іх жнеі сярпом абнімуць.

Цішыня, спакой і адначасова ней кая вусціш...

І гэта пачатковец? І гэта першая кніга?