— А то — «слаўна папрацавалі...» і «вывезлі сем вазоў гною», — выскокваю я, як Піліп з канапель. — Але ж гэта не нарыс — проза, — кажу далей, — літаратура.
У таго выкладчыка такое свавольства студэнта, між іншым, выклікае адпаведную рэакцыю. Вось наказ яго: ну дык ідзі з аўдыторыі, калі такі разумны, бяры ў кнігарні кнігу Янкі Сіпакова «Па зялёную маланку», прачытай, вызначы жанр, тады і пагаворым.
Такім чынам, першы раз гэтую кнігу нарысаў Янкі Сіпакова я набыў менавіта тады, у 1972 годзе. Менавіта тады, у далёкім юнацтве, прачытаўшы ў ёй «Там, дзе Сібір», «Ціхая Акіянія», «Па зялёную маланку», а найперш «Акно, расчыненае ў зіму», упершыню быў літаральна ашаломлены магіяй сіпакоўскага слова».
Падпісваючы «Сусвет дабрыні», Саламаха пакінуў мне назаўсёды шчырае пажаданне: «Івану Данілавічу Сіпакову — Валодзя Саламаха. На ўсё добрае ў жыцці. 14.04.05 г.»
Дзякуй, Валодзя! Ты, Уладзімір Пятровіч, можа і не ведаеш, як гэта многа — «на ўсё добрае ў жыцці»...
Уражанне ад першай кніжкі Вадзіма Спрынчана, якую ён назваў «Земля и звёзды» і якой даў падзагаловак «Кніга лірыкі», нейкае чыстае-чыстае, пранізлівае-пранізлівае, класічнае-класічнае. І за ненавязлівай, здавалася б, прастатой — такая глыбіня...
На плоскость озера лесного,
Уже слепой,
слетает свет.
Ночь.
Душная.
Без звёзд.
Я скован.
Мне не до сна.
А душу снова
Влечет воды чуть видный след.
И я ныряю.
Глубина
Пронзительна и холодна.
И, чёрной влагою охвачен,
Секунды долгие плыву.
Вдруг —
свет сознанья:
я живу! —
Я вновь увижу наяву
И луч дневной, и синеву.
Но только чуточку иначе.
Вадзім Браніслававіч у сваю невялічкую, вельмі таненечкую кніжачку — усяго на 46 старонак! — уключыў, не выдзяляючы асобна, а як свае вершы, пераклады на рускую мову з паэзіі Аляксея Пысіна і Рыгора Барадуліна, а таксама вялікую нізку з дваццаці вершаў Міхася Стральцова «И боль как вечный дар прозренья». Ён не раздзяляў тое, што пісаў сам, і тое, што перакладаў.
На «Земле и звёздах» я атрымаў ад яго добры аўтограф: «Дорогому Ивану Даниловичу Сипакову — от всего сердца, с благодарностью. Вадим Спринчан. 24 мая 1982 г.». І я таксама з удзячнасцю і пашанаю адношуся да яго, сціплага чалавека.
Неяк набыў я выдатную кнігу «Я знайду для цябе запаветнае слова». Літаратура Вавілоніі і Асірыі. Паэзія, якой ужо чатыры тысячы гадоў. Амаль падрадковы пераклад тэкстаў. Напісаных клінапісам. На гліняных таблічках. Гліняная культура Двухрэчча. У даліне паміж Тыграм і Еўфратам.
Тады гліняныя кнігі, гліняныя бібліятэкі захоўваліся не толькі ў палацах асірыйскіх цароў, але і ў правінцыйных бібліятэках. Асабліва славутай была бібліятэка цара Атурбанапала (669—639 гг. да н. э) у Ніневіі, сталіцы Асірыі, у якой было сабрана больш за 700 такіх гліняных кніг.
Шмат якія тэксты дайшлі да нас, як кажуць, у абломках. Шмат дзе пазначана: «астатняе разбіта», «далей — разбураны тэкст», «сорак два радкі захаваліся дрэнна», «далей не хапае сто дваццаць вершаваных радкоў» і г. д.
І так захацелася, каб іх на сваёй роднай мове пачулі мае родныя беларусы — аж рукі засвярбеліся. Я пераклаў вавіланян! Зрабіў вялікую публікацыю ў «Полымі» — «Гліняныя кнігі»!
Потым была іншая падборка. У маіх перакладах. Усё ў тым жа «Полымі». «Хай пачуе мяне і зямля і неба». Ведычнай паэзіі. Гімны, малітвы, замовы арыяў. З самых старэйшых кніг у свеце — з «Рагведы» і «Атхарваведы».
А паміж імі — «Пяшчота Элады» і «Закаханыя гекзаметры». У вершах пра тое, як кахалі старажытныя грэкі і рымляне.
Дык вось усе гэтыя падборкі ў «Полымі» выйшлі ў рэдакцыі Вадзіма Спрынчана! Уедлівы, сумленны, пунктуальны, ён вывяраў і яшчэ раз даправяраў кожную лічбу, кожны радок, і мне ад гэтага было толькі радасна — мы ж абодва вельмі хацелі, каб творы, якія з’яўляліся на беларускай мове ўпершыню за ўсю гісторыю іх існавання, гучалі па-нашаму і дакладна, і правільна: каб яны, не нашы, гучалі як нашы.
Вадзім Спрынчан — сярэдні з дынастыі паэтаў Спрынчанаў. Яго бацька рускамоўны паэт Браніслаў Спрынчан, былы каваль «Гомсельмаша», шмат перакладаў з беларускай паэзіі. Пераклаў ён і мой верш «Падарожжа вакол цябе». Кнігу «Стожары», дзе змешчаны гэты верш, ён падпісаў коратка, але прыемна: «Дорогому Янке Сипакову с дружеской симпатией. 18 мая 1984».