Я таксама перакладаў яго вершы на беларускую мову. Мне асабліва падабаўся ягоны «Алень».
Аксана Спрынчан, унучка Браніслава, над сваёй падборкаю вершаў «Лісты ад А.», змешчанай у зборніку «Літаратурны квартал», напісала мне: «Хай восень Вам варожыць на сініх астрах!».
А ўсю кніжку «літаратурнакварталаўцы» падпісалі мне так: «Шаноўнаму Івану Данілавічу з вялікай павагай і ўдзячнасцю на памяць пра сустрэчу. 24.11.2004 г.».
Так, я добра памятаю тую сустрэчу. Людміла Рублеўская, кіраўнік суполкі маладых творцаў «Літаратурны квартал», запрасіла мяне на сустрэчу ў «Советскую Белоруссию», дзе моладзь мела цэлы пакой. Я ведаў, што там збіраюцца цікавыя і перспектыўныя пачаткоўцы — Янка Лайкоў, Рагнед Малахоўскі, Наталля Капа, Наталля Кучмель, Ігар Клепікаў, Аксана Спрынчан, Віка Трэнас (адзінаццацікласніца), Адарка — Дар’я Лосева... Быў на той час відным членам суполкі і Сяргей Патаранскі. Па тым, як ён імкліва ўвайшоў у пакой, як абыякава кінуў паліто, як адразу ж пачаў задзірацца, было відаць, што ён у суполцы «праблемнае» дзіця. Людміла Іванаўна нават пачала мяне бараніць ад яго. Аднак з Сяргеем мы хутка паразумеліся і пад сваёй публікацыяй у «квартале» ён напісаў:
«Аднаму з маіх любых пісьменнікаў маю гонар падпісаць свае сціплыя творы».
На сустрэчы ён чытаў сваю славутую «Клеапатру». Якую ў суполцы ўсе, акрамя мяне, ведалі, здаецца, на памяць. Я ж чуў верш упершыню. Ён мяне вельмі уразіў:
Падаруй сваю ноч, Клеапатра,
Падаруй мне пяшчоту сваю.
Як білет на ўваходзе тэатра,
Я свабоду тваю куплю.
І на белым і шчасным ложы,
Быццам змей ашалелых клубок,
Нашы целы ў гульні прыгожай,
Сувязь прагная рук і ног...
Падары гэту ноч, Клеапатра!
Як шалёна цябе я хачу.
За білет на ўваходзе тэатра
Я свабодай табе заплачу.
Гэтага верша ў «Літаратурным квартале» няма. Як і цудоўнага верша Наталлі Кучмель, які мне таксама спадабаўся:
— Здурнела! Сорам на вачах губляеш!
Пагардліва зірнуўшы з пад ілба,
Ўсясветнаму цару ты адмаўляеш
І да грудзей штомоцы прыхінаеш
Нахабнага і брыдкага раба!
І цар, адрынуты, абагаўляе
Тваю між смецця знойдзеную рэч,
А раб каравы твар свой прыкрывае
Ад пацалункаў і цябе піхае,
Нібы брыду: «Пайшла, пачвара, прэч!»
О той, хто загаворвае сурокі,
Дапамажы, бо звяну, як трава:
Самаадданы, юны, яснавокі,
Мне цар не мілы, нічые папрокі
Не дапамогуць: чую толькі крокі
Карослівага чорнага раба.
Цудоўны верш! Але чамусьці Кучмель таксама не дала яго ў «Літаратурны квартал». Але я, складаючы «Анталогію любоўнай лірыкі», уключыў яго, як і «Клеапатру» Патаранскага ў беларускі томік. Анталогіі. «Свет на дваіх».
Пра ўсіх іх, «літаратурнакварталаўцаў», Людміла напісала ў прадмове:
«Вы яшчэ сустрэнецеся з многімі аўтарамі гэтай кнігі, шаноўныя чытачы. Некаторыя, як Янка Лайкоў, ужо маюць імя і месца ў літаратуры. Некаторым яшчэ належыць займець яго. Але ўяўленне пра тое, як выглядае літаратурнае пакаленне пачатку дваццаць першага стагоддзя, вы будзеце мець.
Гэта не горшае літаратурнае пакаленне з тых, што стваралі айчынную літаратуру».
Першаю кнігаю майго пакалення стаў сціплы зборнічак у прыемнай зялёнай вокладцы, з залацістаю назваю «Падарунак». Ён выйшаў у 1958 годзе ў выдавецтве БДУ пад рэдакцыяй М. Р. Ларчанкі, тагачаснага нашага дэкана, а ў маладосці — пачынаючага паэта, які выступаў пад псеўданімам Міхась Вісатар.
У «Падарунку» — вершы крыху старэйшых за нас, але яшчэ маладых і перспектыўных паэтаў: Уладзіміра Нядзведскага, Генадзя Кляўко, Валянціна Тараса, Алега Лойкі, Ніла Гілевіча, Давіда Сімановіча, Міколы Арочкі, Анатоля Вярцінскага. А таксама ўжо нашы. Нашы — гэта Г. Бураўкін, Р. Барадулін,
В. Зуёнак, Ю. Свірка, С. Блатун...
Раптам нейк, без залётных сняжын-вестуноў,
Паваліў, нібы хтось яго кідаў ахапкі;
Не ўтрымаўся і выпаў з абдымкаў кляноў,
Пераняў на праспекце студэнта без шапкі...
Першы снег!
Першы снег!
Быццам школьнік, бягу
Падзяліцца з табой гэтай радасцю светлай,
Бо я з ёю адзін саўладаць не магу,
Мабыць, звычка такая прыйшла непрыкметна... —
усхвалявана радуецца першаму снегу Ніл Гілевіч.
Дзень добры, інтэрнат — стары знаёмы,
Вясёлая студэнцкая радня!
Зноў важыць чамадан лягчэй, чым дома,
Зноў дабаўляем дзірак у рамнях.
За лета шмат пытанняў не рашылі —
Па вечарах дыскусія кіпіць.