Над кнігай чайнік, выцягнуўшы шыю,
Нібы гусак, разгневана шыпіць, —
усміхаецца Рыгор Барадулін.
Цэлы тыдзень хадзіў я прыгнечаным,
Не гулялася, не спявалася:
Кожнай раніцай, кожным вечарам
Мне чагось неставала ўсё.
А сягоння зусім няпрошана,
Нечакана, неспадзявана я
Зноў убачыў цябе, харошая,
Дарагая, нецалаваная.
I гатоў салаўём заліцца я
На лады і калены розныя,
Каб дзівілася нават міліцыя,
Што такімі бываюць цвярозыя... —
спавядаецца Генадзь Бураўкін.
А Анатоль Клышка, неўзабаўны аўтар беларускага «Буквара», таксама выступіў у «Падарунку» з вершамі. Вось як ён піша пра вясну:
Пахучаю белаю пенай
Чаромху скрапіла вясна.
Пад ветрам — смычком антэна
Звініць, як тугая струна.
І трактар магутны паволі
Пускае блакітны дымок.
Здалёку віднеецца ў полі
Ягоны даўгі камінок.
Памятаю, нарабіў тады шуму гэты «камінок»! Ён усім спадабаўся, шмат хто яго цытаваў: гэта ж трэба такі яскравы малюнак, такі вобраз прыдумаў Анатоль!
Потым, ужо ў другім зборніку «Універсітэт паэтычны», ён надрукуе «Вёску вершаў». А ў ёй:
Саксаул!
Ты марудна расцеш, як думка.
Нялёгкая доля ў цябе —
я ведаю твой знявечаны ствол
і ў напружанні кожнай галінкі мускул,
як кожны падарожны, седзячы ноччу пры вогнішчы,
ведаю людскую
тваю
цеплыню...
Саксаул! Ты не схема ні грушы маёй, ні яблыні,
ты жывое памкненне верша майго.
У «Падарунку» са сваімі вершамі выступілі будучыя дактары навук Арсень Ліс, Вячаслаў Чамярыцкі, Алег Лойка.
А Вячаслаў Адамчык, потым цудоўны апавядальнік і цікавы раманіст, тут азваўся цікавым, сталым вершам «Вецер»:
Прабяжыць над вёскаю
І успеніць сад,
Белымі пялёсткамі
Сыпне ля прысад.
З верхавіны зломанай
Ліст сухі страсе,
Бавіцца з саломінай
Доўга па страсе.
А часамі ўблытае
Крылы ў правады —
Рвецца ў даль адкрытую
І звініць тады.
Паэт! Якія рыфмы! Якія вобразы! Сталасць паэтычнай заяўкі ўжо добра адчуваецца ў будучага празаіка.
6
Дарэчы, не толькі Адамчык, але і іншыя выдатныя потым празаікі найперш спрабавалі сябе ў паэзіі.
Іван Пташнікаў пісаў:
З поля ветрык прыносіў з сабой
Пах пшаніцы з мядоваю грэчкаю.
Я спяшаўся, каб стрэцца з табой:
Знаў — чакаеш мяне ты за рэчкаю.
І Іван Чыгрынаў — таксама пра тое ж:
Я прастойваў тут нямала —
З кожным днём усё даўжэй.
Сарамлівасць не давала
Пазнаёміцца даўней.
— Сёння!—
Сам сабе я кляўся.
Сёння! — слова я даваў,
А, сустрэўшыся, губляўся
І назаўтра адкладаў.
Камусьці з іх належыць і вось такое:
Дарога гасцінна
Удаль заклікае,
Ды з любай дзяўчынай
Яна разлучае.
Сягоння — сустрэча,
А заўтра расстанне...
Не, не камусьці, а менавіта яму — Івану Пташнікаву.
Лірычныя, сарамлівыя ў паэзіі. Якія ж яны іншыя ў прозе! Магутныя і глыбінныя. Ашчадныя і ёмкія ў слове, у выразе, у думках.
Іван Гаўрылавіч умудрыўся напісаць пяць раманаў, і ні ў адным з іх не дазволіў сабе адважыцца на інтымныя сцэны. Пяцікніжжа без кахання! Здаецца, нонсенс. Аднак усе раманы Чыгрынава чытаюцца і без гэтага з неаслабнай увагаю.
Свой першы раман «Плач перапёлкі» Чыгрынаў падпісаў мне: «Дарагому Янку Сіпакову, каб хутчэй выздараўліваў, бо сумна бывае без яго і ў жыцці, і ў літаратуры. Ів. Чыгрынаў. 5.XII.72 г.».
Калі я павіншаваў яго з выхадам кнігі (былі пэўныя цяжкасці) і сказаў, што цяпер усе клопаты ўжо ззаду, Іван Гаўрылавіч запярэчыў мне: «Старык, я павінен цяпер яшчэ навучыць сваю перапёлку лятаць».
Успомнілася, як яшчэ ў часы нашага студэнцтва нейкі жартаўнік у вестыбюлі філфака павесіў аб’яву: «Хто знайшоў пяты том Збору твораў Івана Чыгрынава, просьба вярнуць у бібліятэку».
Калі гэтую аб’яву паказалі Чыгрынаву, яму яна спадабалася, Іван Гаўрылавіч рассмяяўся і здымаць аб’яву не стаў: «Пусть висит. Здесь всё правильно написано». Ён чамусьці часта гаварыў па-руску.
Ягонае пяцікніжжа, усе пяць раманаў, якія дзякуючы старанням жонкі Чыгрынава выйшлі ў адным томе, падпісала мне Людміла Прохараўна.
Іван Пташнікаў — наймагутнейшы талент. Так густа, як ён, прозу ў беларускай літаратуры ніхто не пісаў. Я нават параўнаў яго з вялікім амерыканскім пісьменнікам Уільямам Фолкнерам. Па адносінах да зямлі, да чалавека, па заземленасці і выпукласці ён і праўда своеасаблівы беларускі Фолкнер.