Выбрать главу

Аповесць «Найдорф» Пташнікаў падпісаў мне так: «Івану Данілавічу Сіпакову — аўтару кнігі «Крыло цішыні». Каб тваё Ціхае Крыло цябе да класікі вяло! З павагай Іван Пташнікаў. 15 красавіка 76 г.».

Іван Мікалаевіч, віншуючы мяне з днём нараджэння, з выпадку гэтай нагоды часам і цяпер адгукаецца вершам. Вось адно з такіх яго віншаванняў, змешчанае ў газеце «Літаратура і мастацтва»:

НАСТАЛЬЖЫ

Янку Сіпакову, паэту,

майму сябру і аднадумцу

ў дзень яго 70-годдзя.

А калі на душы зазубрэвіцца,

Мне падказвае час і настрой.

І тады я з’язджаю ў Зубрэвічы,

Бо Зубрэвічы — ціш і спакой.

І чатырохтомны збор сваіх твораў Іван Мікалаевіч падпісаў мне амаль паэтычна:

«Івану Данілавічу Сіпакову — беларускаму вайдалоту — па-сяброўску. 8 кастр. 1992 г. Іван Пташнікаў».

Ёсць у мяне верш «Вайдалоткі», які, мусіць, і натхніў майго сябра на такі надпіс.

У чатырохтомніку — амаль увесь поўны Іван Пташнікаў. Усё тое, што ўжо стала класікай: «Лонва», «Тартак», «Найдорф», «Мсціжы», «Алімпіяда», выдатныя апавяданні, яны запомніліся ўсе да аднаго. І ўсё ж мне не хапае ў гэтым зборы яшчэ і «Чачыка» — першай пташнікаўскай, яшчэ студэнцкай, аповесці, якая ў свой час узбударажыла не толькі нас, студэнтаў, але і ўсю літаратурную грамадскасць: яна была нейкая не такая, як творы, якія тады пісалі, была нейкаю новаю, новым словам, стаяла асабняком і нам вельмі падабадалася.

Гэтак жа, як мне заўсёды і ўсюды ў перавыданнях Барыса Сачанкі не хапала тады, не хапае і зараз «Маўчуна» — яго самага першага апавядання.

Яго надрукаваў часопіс «Маладосць», які толькі што стварылі як орган ЦК камсамола Беларусі.

Чаму яно падабалася мне? Можа, што першае? Бо было яшчэ крыху і вучнёўскае, але ўжо сталае па разгортванні думкі і шчырае-шчырае па пачуцці. Яно было напісана студэнтам пра студэнтаў. Мы тады былі яшчэ вельмі цнатлівыя. І гэтай цнотай было перапоўнена карацелька-кароценькае апавяданне.

Пасля яго публікацыі Барыс стаў папулярны і пазнавальны сярод студэнтаў. Хлопцы з іншых факультэтаў здзіўлена пыталіся: «Гэта той, што ў «Маладосці» надрукаваў «Маўчуна»? Дзяўчаты сарамліва, нясмела прасілі нас, яго аднакурснікаў: «Пакажыце мне Маўчуна, Барыса Сачанку».

Гэтае апавяданне было надрукавана толькі ў «Маладосці» і ў Барысавай першай кнізе «Дарога ішла праз лес», якую адрэгаваў яму, студэнту, Уладзімір Дамашэвіч і якая стала выпускніку БДУ нібыта другім дыпломам — як і мне мой «Сонечны дождж». «Маўчун» больш нідзе ў кнігах Сачанкі не з’яўляўся. Сачанка быў строгі да сваіх твораў, а «Маўчун» здаваўся яму, мусіць, слабаватым.

Барыс Сачанка быў маім самым дарагім мне сябрам. З тых сяброў, якія нікім не замяняюцца.

Першую кніжку Барыс падпісаў мне: «Івану Сіпакову — майму лепшаму сябру, сааўтару па-гумару (мы ж друкаваліся пад адным сумесным псеўданімам Сібарсач у «Вожыку»: Сіпакоў, Барадулін, Сачанка) і паэту, у поспехі якога я спадзяюся і веру. 1.IV.60 г.».

З ім, з Барысам, лёгка і прыемна было ісці па жыцці. З ім мы былі аднакурснікамі, жылі ў адным пакоі ў інтэрнаце (разам з Барадуліным) на Нямізе і на Бабруйскай, і пасля ўніверсітэта сустракаліся як не кожны дзень. І гаварылі, гаварылі, гаварылі. Шчыра, не тоячыся, не баючыся.

Таму, падпісваючы мне сваю другую кнігу — аповесць «Апошнія і першыя» — Барыс расчуліўся:

«Майму Гальфстрыму — Івану Сіпакову, з якім так многа ўсяго перагаворана, перадумана, перажыта, — з радасцю, што лёс памог нам сустрэцца некалі, яшчэ на Нямізе. Заўсёды твой — Барыс Сачанка. 24.VI.68 г.»

Пра тое, як мы самазабвенна сябравалі, сведчаць усе ягоныя шчырыя, узнёслыя аўтографы.

На томіку выбраных твораў «Дарогі»:

«Радасці майго сяброўства Івану Сіпакову, з якім заўсёды хочацца сустракацца, гаварыць, марыць і — што граха таіць, — сядзець за вясёлым ста­лом».

На кнізе гумару «Халасцяк»:

«Івану Сіпакову, сябру, з якім разам халасцякавалі, потым пажаніліся, займелі жонак, дзяцей і, як ні дзіўна, нешта пішам і нават выдаем кнігі».

На кнізе «Последние и первые», выдадзенай у Маскве ў перакладзе на рускую мову:

«Івану Сіпакову — лепшаму сябру, брату па ўсім, хіба толькі не па крыві».

А які шчыры надпіс на ягоным Зборы твораў у двух тамах!

«Любаму Івану Сіпакову, лепшаму майму сябру, з якім добра і хораша ідзецца па жыцці. З удзячнасцю — Барыс Сачанка. 24.12.81г.».