Выбрать главу

Я быў сведкаю, як Барыс сур’ёзна ставіўся да сваёй працы над раманам «Вялікі Лес». Ды, урэшце, ён ставіўся сур’ёзна да ўсяго, за што браўся. Ён заўсёды і ва ўсім быў грунтоўны і абавязковы.

Найперш, рыхтуючыся да сваёй вялікай працы, перачытваў, вывучаў, даследаваў кнігі найлепшых раманістаў свету — і яму гэта было лёгка рабіць, бо ў Барыса была найбагацейшая бібліятэка, адна з самых багатых у Мінску.

Асабліва скрупулёзна працаваў ён над найлепшымі раманамі свету — над «Вайною і мірам» Льва Талстога і «Ціхім Донам» Міхаіла Шолахава. Хацеў зразумець, як і чым яны ўвесь час трымаюць чытача ў напружанні.

— А ведаеш, чым? — радаваўся Барыс. — Яны даюць батальныя сцэны, вайну, забойствы, а тады, адчуўшы, што гэта надакучыла, стаміла ўжо чытачоў, спыняюцца і выводзяць на старонкі Аксінню з яе незямным каханнем, Наташу Растову, наіўную і палкую.

Часам, пакутуючы над нейкаю сцэнаю, Барыс раіўся са мною, выклікаў на вуліцу, мы доўга хадзілі з ім па вуліцы і заклапочана абмяркоўвалі розныя варыянты, пакуль не спыняліся на самым аптымальным. Праўда, часам ад гэтага нічога не заставалася, і ў творы я бачыў зусім новы варыянт.

Я лічу, што трылогія «Вялікі Лес» — гэта ўдача не толькі Барыса Сачанкі, але і ўсёй нашай беларускай літаратуры.

Мы ў літаратуры працавалі шчыра і захоплена.

Яна для нас была як святыня, як храм, і, уваходзячы ў яе, перад тым, як увайсці ў яе, нібыта перад храмам, мы доўга, старанна, цярпліва выціралі ногі.

Магутнае пакаленне. Паглядзіце, якія асобы — Уладзімір Караткевіч, Іван Пташнікаў, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Барыс Сачанка, Генадзь Бураўкін, Міхась Стральцоў, Васіль Зуёнак, Юрась Свірка, Вячаслаў Адамчык, Анатоль Кудравец, Віктар Карамазаў, Алег Лойка, Данута Бічэль,

Віктар Казько, Сцяпан Гаўрусёў, Пятрусь Макаль, Еўдакія Лось, Анатоль Грачанікаў, Леанід Дайнека, Алесь Наўроцкі, Міхась Рудкоўскі, Мікола Купрэеў, Мікола Гіль, Раман Тармола, Мікола Капыловіч, Яўген Крупенька... А яшчэ ж Клышка, Чамярыцкі, Сабалеўскі, Саламевіч.

Усё гэта — асобы. Усё гэта — маё пакаленне.

Я вельмі даражу сваім таленавітым пакаленнем. Лічу, што яно зрабіла цуд: стварыла сапраўдную літаратуру, якая не памірае, бо яна вечная. Як вечнае і слова, сказанае сумленна і навырост.

І я ганаруся, што належу да гэтага пакалення.

Таму мне дзіўна было ў сваім, ужо трэцім тысячагоддзі, чытаць вось такое:

«Не з’яўляецца творчай удачай і трылогія Барыса Сачанкі «Вялікі Лес».

Праўда, гэта было сказана пасля вось такой высновы:

«З «Палескай хронікі» Івана Мележа вылучаецца раман «Людзі на балоце». Астатнія — «Подых навальніцы» і «Завеі, снежань» — падаюцца менш дасканалымі».

Памятаю, як свае «Завеі, снежань» Іван Мележ друкаваў у «Полымі». Барыс Сачанка, які працаваў тады ў «Полымі», скардзіўся мне:

— Ён ужо свой раман так вылізаў, так вылізаў. А ўсё прыходзіць кожны дзень і правіць, правіць, правіць.

А яму, крытыку, бачыце, раман «падаецца менш дасканалым»...

Падчас Свята беларускага пісьменства ў Хойніках у 2010 годзе «ЛіМ» пісаў:

«З Хойнікшчынай у беларускага чытача маюць найперш атаясамлівацца імёны такіх класікаў роднай літаратуры, як Іван Мележ і Барыс Сачанка».

Класікі! Менавіта так!

Трылогія «Вялікі Лес» выходзіла трыма кнігамі, і Барыс пакінуў мне аўтографы на кожным томе.

Яны такія дарагія мне, што хочацца прывесці тут усе тры.

На першым томе Барыс напісаў:

«Лепшаму майму сябру Івану Данілавічу Сіпакову з радасцю, што зноў чую, бачу, бываю разам, як і раней тое было».

На другім і трэцім томе аўтографы амаль аднолькавыя:

«Івану Данілавічу Сіпакову, сябру, які натхніў і горача падтрымаў мяне на стварэнне гатага рамана. З удзячнасцю».

І на трэцім:

«Івану Данілавічу Сіпакову, які натхніў мяне на гэты твор. З удзячнасцю».

Дзве дачкі Барыса Іванавіча таксама сталі пісьменніцамі — Галя пісала прозу, Святлана — паэзію. І абедзве выдалі першыя кніжкі — Галіна Багданава свой зборнік назвала «Чалавек без адрасу», паэтычная кніга Святланы Явар займела загаловак «Раніца ў туманах».

Галя сваю кнігу падаравала мне:

«Шаноўнаму, дарагому Івану Данілавічу, з чыёй лёгкай рукі пачалі здзяйсняцца нашы самыя запаветныя мары. Няхай ніколі не сыходзіць з Вашых доб­рых вачэй дабрыня і спагада. Сонечных дажджоў Вам, натхнення і плёну!».

Галя ўспомніла пра «Сонечны дождж» — менавіта так называлася мая першая кніжачка.

Я напісаў прадмову да зборніка.

«Галіна Багданава, колішняя Ланеўская, — гаварылася ў прадмове, — пачала свой шлях упэўнена, настойліва, адметна, па-жаночы цнатліва «неабыякавай да чужых клопатаў душы».