Святлана падпісала мне свой зборнік і прасцей, і карацей: «Івану Данілавічу Сіпакову, з павагай, на шчасце». Яе першая кніга выйшла ў «Бібліятэцы часопіса «Маладосць».
Маладосцеўцы, здаецца, ад самага свайго пачатку марылі пра сваю «бібліятэку», у якой бы выдаваліся кнігі маладых пісьменнікаў.
На дварэ пахла перабудоваю, і тое, пра што марыла наша памоладзь, нарэшце, збылося: ЦК КПСС у асобе сакратара ЦК Ягора Лігачова была падпісана пастанова аб выданні «Бібліятэкі «Маладосці». Дванаццаць кніжак на год!
І ўсяго ў «Бібліятэцы «Маладосці» выйшла каля 150 кніжак маладых пісьменнікаў. Сто пяцьдзясят! І толькі першых кніжак — другія для выдання ў гэтай бібліятэцы мы, маладосцеўцы, не прымалі!
Вось яны, гэтыя кніжачкі, стаяць на маіх паліцах. Сур’ёзныя кніжкі, па якіх прымалі тады ў Саюз пісьменнікаў. Большасць — з аўтографамі.
Маргарыта Прохар. «Насустрач сонцу». Апавяданні.
І надпіс: «Івану Данілавічу — з самымі найлепшымі пажаданнямі і падзякай за творчую падтрымку. Со шчырасцю».
Барыс Пятровіч. «Ловы». Апавяданні.
І пажаданне: «Вельмі паважанаму Івану Данілавічу ад прыхільніка Вашай творчасці і з найлепшымі пажаданнямі».
Язэп Янушкевіч. «У прадчуванні знаходак». З адной вандроўкі ў архівы Варшавы, Вроцлава, Кракава.
І цікавая думка: «Беларускаму сейбіту славяншчыны — Янку Данілавічу Сіпакову — у доказ, што і вакол «двух-трох знаходак» можна стварыць Баладу. Пошуку. З павагай. Аўтар».
І нечаканае завяршэнне кнігі: «Каб, займеўшы на сваім рахунку не адзін дзясятак знаходак, асэнсаваць крылатае, даўняе, звернутае і да архіўных пошукаў: «Удачы не было. Была ўзнагарода за цярплівасць».
Кацярына Мяшкова. «Алея кахання». Вершы.
І аўтограф: «Паважанаму Івану Данілавічу з удзячнасцю».
Таццяна Мушынская. «Гаркавы смак ісціны». Партрэты Валянціна Елізар’ева, Людмілы Бржазоўскай, Інесы Душкевіч, Тацяны Шаметавец і інш.
І добрыя словы: «Івану Данілавічу Сіпакову, на дзіва шматграннай творчай асобе, без чыёй чуласці, падтрымкі і дабрыні не склалася б гэтая кніга».
Я тады працаваў загадчыкам аддзела культуры ў «Маладосці» і друкаваў артыкулы ды эсэ Таццяны пра тэатр, балет, музыку.
Міхась Хамец. Фотамастак. На той час галоўны рэдактар «Раніцы» (былой дзіцячай газеты «Піянер Беларусі»). Лірычныя мініяцюры. Уражваюць і запамінаюцца. Ну хоць бы вось гэтае:
«Мы, шчырыя беларусы, — эмігранты ў сваёй краіне?»
Марыя Панкова. «Нязбытнаю ласкаю». Вершы. Лірыка шчымлівая. Гэткі ж і аўтограф: «Івану Данілавічу, любімаму, сапраўднаму Паэту, Пісьменніку з удзячнасцю за ўвесь наш няўдзячны свет! Хай і далей Вам дапамагае светлая Матчына душа ў жыцці, у творчасці. Я скаланута, я глыбока ўражана Вашым Словам! Лёсам! А яшчэ ж Вы — і мой зямляк! О, дзіва! Марыя».
Марыя нарадзілася ў Падкняжанні. А ад маіх Зубрэвіч да гэтай вёскі — рукой падаць. Хоць Падкняжанне — гэта ўжо Шклоўскі раён, Магілёўская вобласць...
Алесь Давыдаў. «Пройма». Вершы. Прыказы.
І дарчы надпіс: «Паважанаму сп. Янку Сіпакову — заўсягдышняму маладосцеўцу — у знак выхаду першай кнігі. З удзячнасцю за Настаўніцтва з зычэннем усяго найлепшага. 23.08.96. Маладосць». Не ведаю, дзе падзеўся гэты таленавіты паэт, які зрабіў такую цудоўную заяўку.
Вось яны побач стаяць, першыя кніжкі Міколы Шабовіча, Леаніда Пранчака, Анатоля Мяснікова, Людмілы Дрожжа, Людмілы Андзілеўкі...
Чытаю, перачытваю першыя кніжкі, і шкадую, што некаторыя, хораша заявіўшы сябе ў літаратуры, потым недзе зніклі, растварыліся, прапалі. Кацярына Мяшкова, Людміла Андзілеўка, Людміла Дрожжа, той жа Алесь Давыдаў... Дзе вы? Якія віхуры жыцця панеслі вас кудысьці ў зусім іншыя клопаты, у іншы ад літаратуры бок?
Таіса Трафімава. «Усміхнуся вятрам». Зоя Падліпская. «Палон нябёсаў». Дзве сястры Янучок са Случчыны. Дзве кнігі ў адной. Своеасаблівы дуэт. Як хораша ён гучыць!
Таіса, узяўшы радок з верша М. Шабовіча «Яшчэ пакуль не лістапад» за эпіграф, піша:
Яшчэ пакуль не лістапад...
Пакуль да восені далёка;
Пакліч мяне у райскі сад,
Мне сёння вельмі адзінока.
Зоя, прывёўшы ў эпіграфе словы А. Пісьмянкова «Дзякуй табе за Веру, дзякуй табе за Мару», шчымліва радуецца:
Ізноў жыву.
Згасае знічкай стома.
Цалуе сонца росную траву.
Ізноў жыву.
Бо стала мне вядома,
Што раніцу — шчаслівай назаву.
Я дзякую табе,
Што зноў — жыву.
Эдуард Акулін, вядомы бард і паэт, сваю кніжку ў «Бібліятэцы «Маладосці» назваў «Пяшчота ліўня». І напісаў на ёй: «Паважанаму Івану Данілавічу на добры ўспамін аб маёй першай кнізе. Аўтар: Э. Акулін. 4.06.90 г.».