Першымі ж кніжкамі ў «Бібліятэцы «Маладосці» пайшлі зборнікі папулярнага на той час літаратурнага аб’яднання моладзі «Тутэйшыя».
Праз дзесяць гадоў на змену «Тутэйшым» узнікла новая суполка — БумБам-Літ. Яе стварылі Зміцер Вішнёў, Алесь Туровіч, Альгерд Бахарэвіч, Юрась Барысевіч, Ілья Сін, Усевалад Г арачка, Серж Мінскевіч. Яны нават выдалі свой зборнік вершаў «Тазік беларускі» — у сваёй серыі: «Бібліятэка Бум-Бам-Літа».
У параўнанні з бумбамлітаўцамі «Тутэйшыя» мне здаваліся тады проста арыстакратамі.
Радкі чытаюцца аднолькава і злева направа і справа налева.
«Тазік» мне падпісалі Зміцер Вішнёў («Спадару Сіпакову ад кракадзілографа Змія Вішны пад артыкул з сухімі кракадзіламі») і Алесь Туровіч («Івану Данілавічу Сіпакову на добры ўспамін і плённае супрацоўніцтва»).
7
Стаю ля кніжнай паліцы, на якой сабраны першыя зборнікі амаль усіх беларускіх паэтаў, якія прыходзілі ў літаратуру пасля вайны. Што перачытваю, што проста гартаю, чым усяго толькі любуюся, — усе яны прачытаны адразу ж, як выходзілі, можна сказаць, з нецярплівасцю праглынуты ў той жа дзень, як набыты.
Гляджу і думаю, як жа яна, наша родная савецкая ўлада, што б мы пра яе ні гаварылі, клапацілася пра нас, маладых, пачынаючых пісьменнікаў, імкнулася заўважыць кожнага, кожнаму не даць згубіцца.
На паліцы — амаль усе першыя кніжачкі, з якіх пачыналася ўся наша пасляваенная паэзія. Тады і ў выдавецтве «Беларусь», і потым у «Мастацкай літаратуры» рэгулярна выходзіла серыя «Першая кніга паэта». Гэта былі зборнічкі па адным-два аркушы. Мяняліся колеры вокладкі, аднак пастаянным заставаўся экран — квадрат, у якім змяшчалася фота паэта. Жартаўнікі празвалі гэты экран тэлевізарам. Дык вось у гэтым «тэлевізары» на працягу 1968—1970 гадоў выйшлі ў свет каля двух дзясяткаў першых кніжак. Ды якіх кніжак! Ды якіх паэтаў!
«Гром на зялёнае голле» Юркі Голуба, «Зямля — магніт» Міколы Федзюковіча, «Восеньскія позвы» Казіміра Камейшы, «Вернасць» Віктара Ракава, «Агонь» Ніны Мацяш, «Леснічоўка» Рыгора Семашкевіча, «Буслы над аэрадромам» Уладзіміра Скарынкіна, «Раніца» Вольгі Іпатавай, «Нарачанка» Яўгена Шабана, «Свежасць» Яўгена Вераб’я, «Раўнавага» Сымона Блатуна.
Леанід Дайнека, нядаўні слесар Ніжнетагільскага металургічнага камбіната, які пісаў свае вершы толькі па-руску, у сваіх «Галасах» вярнуўся да роднай мовы. Бо зразумеў:
Нібы поўнае мора, —
Мая родная мова.
Радасна, імкліва ўзлятала над беларускай паэзіяй Яўгенія Янішчыц. Яе «Снежныя грамніцы» выйшлі ў «тэлевізары», калі была студэнткай пятага курса БДУ і ёй было 22 гады. Яна вольна, лёгка махала крыламі і, здавалася, што нішто і ніколі не замінае ёй. А яна перакладалася ўжо на іншыя мовы, друкавалася ў маскоўскіх выданнях «Молодая гвардия», «Дружба народов», «Литературной газете», і нават у газеце «Правда».
А яна пісала і вось гэтак:
Хвіліны пройдуць дарагія,
Як пышнае цвіценне траў.
Ды зменяць дні зусім другія
Той дзень, што шчасце абяцаў.
Так адплывае ўдалеч неба,
Бывай, адзіная з уцех!
Смяюся, калі плакаць трэба,
Журба — калі на вуснах смех.
Алесь Разанаў у «тэлевізары» з’явіўся з кніжкаю «Адраджэнне». Усяго сорак восем старонак.
«Мы вырастаем з Леніна», «Ленін — гэта мы», «Тут з войскам ішоў палкаводзец Сувораў»... Мы адчуваем, што гэтыя радкі выпадковыя ў Разанава і што, нягледзячы на тое, што ў зборніку ужо быў верш «Мова» («Калі з грудзей нямых і чорных аднойчы мова прарасла»), яму яшчэ далекавата да яго магутных кніг «Каардынаты быцця», «Шлях — 360», «Вастрыё стралы»...
Але ж мы, зразумела, ведалі, чаму першая кніжка Разанава атрымалася такою патрыятычнаю. «У кароценькай біяграфічнай даведцы было пазначана: «Скончыў сярэднюю школу. Зараз вучыцца ў Беларускім педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна».
Чакайце, дык а дзе ж БДУ імя У. І. Леніна? Разанаў жа паступіў у Белдзяржуніверсітэт і скончыў тры курсы яго. Але ў 1969 годзе перавёўся на філфак Брэсцкага педінстытута.
Чаму? Тут была свая гісторыя. Студэнты беларускага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ, амаль выпускнікі, зацікавіліся, чаму ім чытаюць лекцыі не на роднай мове, на якой ім працаваць. І напісалі пісьмо, як кажуць, у вышэйшыя інстанцыі. Сярод іх былі і маладыя паэты Алесь Разанаў і Віктар Ярац. Крамола! Што тут пачалося! І ў выніку доўгага перапуду і ператрусу Алесь Разанаў апынуўся ў Брэсцкім педінстытуце, а Віктар Ярац — у Гомельскім.