Выбрать главу

Усё ж такі не выгналі, далі хлопцам атрымаць вышэйшую адукацыю. Вось тады і з’явіліся ў зборніку А. Разанава гэтыя вершы. Хутчэй за ўсё ад маладога паэта, ведаючы пра ўсё, запатрабавалі: «Калі хочаш, каб выйшла кніжка, напішы што-небудзь пра Леніна, пра Радзіму...»

Гэта пазней ужо будуць у Разанава версэты, квантэмы, пункціры.

Каменьчыкі ў ручаі.

Людзі не могуць узяць з сабою ручая —

бяруць з сабою

каменьчыкі...

Сосны ўзышлі

на самы высокі ўзгорак.

Стаяць, разважаюць:

куды далей...

Ішоў па зямлі,

еў яблыкі,

зярняты збіраў

і высейваў у дол...

Калі прайду ўсю зямлю —

вярнуся

ў квітнеючы сад.

Такі ён у «Вастрыі стралы»! Тады, калі ён ужо нечакана стаў магутным. Калі ён ужо — сама думка.

У гэтым жа «тэлевізары» выйшаў і першы зборнік майго незабыўнага сябра Яўгена Крупенькі. На той час — студэнта чацвёртага курса Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве. Ага, ён, вядома ж, старэйшы за іншых пачаткоўцаў, якія выдалі свае першыя кніжкі ў гэтай серыі разам з ім. Яўген ужо адслужыў армію, яму 33 гады. Узрост Ісуса Хрыста! І першая кніжка... Затое ж ужо і вопыт.

Такая чыстая вада!

Стаміўшыся з дарогі,

У ёй баюся спаласнуць

Запыленыя ногі.

Сапраўдны шэдэўр, гэта маленькая мініяцюра! У першай кніжцы паэта. Чыстая, светлая, шчымлівая, яна міжволі нараджае ў табе радасць, і ты разам адчуваеш, як яна, гэта радасць, запаланяе цябе ўсяго, узнімае над зямлёю.

З Яўгенам мы пазнаёміліся ў 1954 годзе, калі паступалі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на аддзяленне журналістыкі. Я — жаўтароты, лічы школьнік, які толькі што скончыў школу, а ён, хоць таксама выпускнік гэтага года, прыехаў ужо як супрацоўнік Шклоўскай райгазеты. Нас, абітурыентаў, на час экзаменаў пасялілі ў спартыўнай залі, паставілі амаль упрытык адзін да аднаго ложкі з матрацамі і выдалі бялізну — прасціны ды навалачкі. Зразумела, рыхтавацца ў такіх умовах было немагчыма, увечары, калі ўсе збіраліся ў спартыўную залю, у ёй было вельмі шумна.

Хтосьці, як Тарзан на ліянах, разгутаўшыся на кольцах, з дзікім крыкам ляцеў над ложкам, над амаль галавамі, з аднаго ў другі канец залі.

Там, жартуючы, біліся падушкамі, — аж пух ляцеў. Тут, непадалёку, кампанія спявала песні, нехта вячэраў. А нехта ўсё ж і чытаў.

Нашы з Яўгенам ложкі стаялі побач. Мы разгаварыліся. Ляжалі, ціха гаварылі, марылі.

Аднак мы абодва не паступілі — не хапіла балаў. Яўген, ад’язджаючы ў свой Шклоў, паклікаў:

— Прыязджай, у нас вельмі добры рэдактар — Ізафат Пятровіч Юханаў.

І я паехаў. І ўжо 1 верасня 1954 года я, як літсупрацоўнік Шклоўскай раённай газеты, упершыню не вучнем пабываўшы на свяце, пісаў пра пачатак новага вучэбнага года ў школе № 1.

З Яўгенам Крупенькам мы пехатою, можна сказаць, абышлі ўсю Шклоўшчыну. На раён выходзілі амаль штодня — і ў такія блізкія да райцэнтра калгасы, як Рыжкавічы, і ў такія вельмі далёкія — на мяжы раёна! — як Чарнаручча. Увосень — гумовыя боты, зімою — валёнкі. Пісалі шмат. І самі падсмейваліся над сабою: «Дужыя рукі каваля моцна сціскаюць ручку молата і ўпэўнена апускаюць яго на кавадла»...

На другі год я паступіў у БДУ. На той жа журфак. А Яўгена забралі ў армію...

З Яўгенам мы ўвесь шклоўскі час былі разам — і ў святы, і ў будні. Я ездзіў да яго ў Саськаўку, ён — у мае Зубрэвічы. І дзіўна, ніводнага разу не пасварыліся. Таму, падпісваючы мне «Салаўёў», Жэня вельмі расчуліўся:

«Міламу другу, Паэту, — табе, Іван Сіпакоў — хочацца зрабіць нешта добрае, няхай хоць гэтая кніжачка на добры ўспамін. 20.05.69г.»

Саматканыя з белага кужалю,

Пабялёныя ля ракі,

Вышываныя пеўні кружацца —

Паглядзіце на рушнікі! —

зачытваліся мы гэтым вершам, прысвечаным маці.

Кранаў нас і цудоўны верш «Сянні», прысвечаны Аляксею Пысіну:

Пры сустрэчы — дзе бываць маўчанню!

— Колькі год і зім! — Здароў! — Здароў!

Мы па песнях птушак прыкмячаем,

Па гамонцы — землякоў.

Дзе б мы ні былі з табою, дружа,

А дняпроўскіх плёсаў не забыць.

Словы магілёўскія — як ружы —

Можам, нібы пашпарт, прад’явіць.

Часам мы не заўважаем самі

Ззяння іх і песеннай красы.

— Ты даўно прыехаў? —Толькі сянні,

Не паспеў на травах збіць расы...

Ох, гэта слоўка! Ох, гэтае «сянні»! Як жа яно яднала гэтых двух Паэтаў! Дарэчы, і ў нас, у Зубрэвічах, таксама кажуць «сянні».