Выбрать главу

Цяпер, калі гавораць пра паэзію Магілёўшчыны, называюць звычайна трох выдатных паэтаў — Аляксея Пысіна, Сцяпана Гаўрусёва і Анатоля Сербантовіча. Мне ж да гэтай славутай троіцы хочацца дадаць і чацвёртага — яго, Яўгена Крупеньку.

Падпісваючы мне ўсе свае паэтычныя кнігі, Жэня заўсёды быў вельмі эмацыянальны.

«Стрэчанне» — невялічкая памерам і просценькая на выгляд кніжачка ў папяровай вокладкцы. Але які дарагі аўтограф пакінуў мне на ёй Яўген: «Дарагі Ваня! Я шчаслівы, што ў маім жыцці ёсць Ты, шчыры і харошы, Чалавек, Паэт, Пісьменнік. Дзякуй Табе, дружа, за талент, які я люблю. Шчыра, сардэчна — Яўген Крупенька. 15.X.82. (гл. стар. 21)».

Адкрываю старонку 21. Верш «Штрыхі да біяграфіі майго лёсу». Ён прысвечаны Янку Сіпакову.

Лёсе мой!

                Браце мой дарагі!

                                           Гэта толькі штрыхі

Да тваёй біяграфіі — вялікай аповесці,

Якую закончу я поўнасцю,

Як толькі абыду пехатой

                                     Беларусі маёй усе шляхі.

«Міламу Янку — брату роднаму і чалавеку. А як пісьменніку — дык, на маю думку, і раўні табе няма.

Ваня! Паглядзі толькі дужа прынцыпова (у чатыры вокі) зборнік. Шчыра, ад сэрца. 14.XII.89 г.», — напісаў ён на сваім новым зборніку «Гекзаметр Баразны».

А на томіку выбранай паэзіі «Карэнні», які выйшаў да 50-годдзя, Яўген зноў жа быў вельмі эмацыянальны:

«Майму міламу, заўсёды памяркоўнаму, цудоўнаму Янку Сіпакову, з якім дзяліў, дзялю і буду, пакуль буду жыць, дзяліць усе свае радасці і нягоды. Шчыра, па-сяброўску. 14/.VII.86 г.»

А ў прадмове да выбранага «З майго жыццяпісу» ён успамінае тое, пра што і я расказаў вышэй:

«Паступіць ва ўніверсітэт не давялося, не прайшоў па конкурсу. Такі ж лёс напаткаў і майго друга Янку Сіпакова. І вось мы, два раённыя паэты, здымаем невялічкі пакойчык, пехатой бываем ва ўсіх калгасах Шклоўшчыны, пішам нататкі, рэпартажы, нарысы, па чарзе носім адзін плашч». І яшчэ ў Шклове многія знаходзілі ў нас падабенства, лічылі нас братамі...

У 1974 годзе «Першая кніга паэта» памяняла вокладку — замест рознакаляровай яна зрабілася чыстаю-чыстаю, белаю-белаю. Аднолькавай для ўсіх. Толькі мяняўся партрэт маладога паэта. Пад гэтаю вокладкай выйшлі першыя зборнікі Раісы Баравіковай («Рамонкавы бераг»), Алега Салтука («Пачатак дня»), Таісы Бондар («Захапленне»), Генадзя Дзмітрыева («Гарады на далонях») і іншыя.

Вядома ж, гэтыя кнігі нельга было не заўважыць.

І я, зразумела, радаваўся ім, і на Пленуме СП БССР 17 снежня 1976 года, на якім выступіў з дакладам пра маладую беларускую паэзію (Барыс Сачанка гаварыў пра прозу), усіх іх згадаў добрым словам.

Раіса Баравікова, выпускніца Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве, выдзялялася сваёю першаю кнігаю між іншых. Яна ўваходзіла ў літаратуру з добрым вобразам: я — дзяўчынка на шары. Пра яе я сказаў, што яна «па-свойму радуецца магчымасці жыць на нашай цудоўнай зямлі». І прывёў цытату:

Я дзяўчынка на шары,

Што плыве ў блакіце!

І палаюць Стажары

нада мною ў зеніце...

Ім адзіным сагрэта,

не ўпаду, і не дзіва!

Пада мною планета,

Што мяне нарадзіла.

Дзіўна, колькі часу прайшло, Раіса Андрэеўна змянілася, мае шмат кніг, а я ўсё роўна, што б яна ні пісала, бачу яе менавіта дзяўчынкаю на шары: і ў яе вершах, і ў паэмах, у яе прозе, у яе казках і фантастыцы. Тое, маладое, здзіўленне жыццём і светам.

З Генадзем Дзмітрыевым у мяне была таямніца. Я працаваў у «Маладосці», Генадзь настаўнічаў у в. Варонча. Людміла Ганчарова прынесла нарыс пра яго. Інтэлігент на вёсцы. Старшыня — абыякавы да людзей. А настаўнік і паможа, і падсобіць, і да доктара ў райцэнтр завязе на сваёй машыне. І я надрукаваў усё гэта. Што тут пачалося! Як мы з Генадзем абаранялі справядлівасць! Але пра гэта я раскажу ў нейкім іншым месцы.

Звярнула на сябе ўвагу і яшчэ адна настаўніца з вёскі Лясішча, што на Случчыне, Галіна Каржанеўская кніжкай «На мове шчасця».

Але яе зборнік выйшаў у новым афармленні — з белым пегасам на цёмнасіняй вокладцы.

Кніжку на грамадскіх пачатках адрэдагаваў Мікола Аўрамчык. Была такая тады завядзёнка — каб першыя кніжкі рэдагавалі не толькі выдавецкія рэдактары, але і вядомыя паэты. «Каляровыя вёслы» Валянціны Коўтун рэдагаваў Рыгор Барадулін, «Станцыю надзей» Нэлі Тулупавай — Ніл Гілевіч, «С любовью к людям» намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама Генадзя Казака — Пётр Валкадаеў, аспіранта Мінскага педінстытута Уладзіміра Фаміна — Генадзь Бураўкін. Я адрэдагаваў «Вуліцы без назваў» Уладзіміра Дзюбы.